У шумилинских школ хорошие шефы

Главное Образование Общество

Дапамагалі прадпрыемствы, прадпрымальнікі і былыя вучні

Кіраўнікі многіх навучальных устаноў сцвярджаюць, што падрыхтаваць школы і дзіцячыя сады да новага навучальнага года было б вельмі цяжка без спонсараў. Падтрымку ўстановам адукацыі аказвалі арганізацыі і прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі і шчырыя людзі.

фота носіць ілюстрацыйны характар

Шумілінская ПМК-70 дапамагала некаторым дзіцячым садам у райцэнтры. Напрыклад, на пляцоўцы ясляў-сада №1 яны зрабілі арэлі, пажарную машыну, гульнявы домік, у яслі-сад №2 прывезлі дошкі для пясочніцы, дзвярную каробку для харчовага склада. Дзіцячаму саду № 1 дапамаглі з ДРБУ-204 – прывезлі пясок, каб зрабіць адмостку, дарожкі і пясочніцы.
«Не першы год нам дапамагаюць Марыя і Уладзімір Чумаковы – шчырыя і добрыя людзі, чыя дачка наведвае наш дзіцячы сад, – расказала загадчыца Светласельскага дзіцячага сада Людміла Ястрабава. – Дзякуючы ім, мы пабагацелі на новую прыгожую альтанку».
Башнёўскаму саду будаўнічыя матэрыялы для новай агароджы прывезлі прыватнае прадпрыемства «Легна» і Шумілінская ПМК-70.
З шыкоўным падарункам – по-лікарбанатнай цяпліцай і прэміямі для дзяўчат-футбалістак – завітаў у Слабадскую школу дырэктар КУСГП «Сіроцінскі» Мікалай Прыгодзіч. А яшчэ гэтая гаспадарка дапамагла зернем для падсобнай школьнай гаспадаркі Обальскай школы.
КУСГП «Ульскі» шэфствуе адразу над дзвюма школамі: Обальская СШ атрымала ад гаспадаркі зерне і сена, а Кардонская СШ – дзве тоны зерня, ад рэалізацыі якога мяркуюць пакласці лінолеум у настаўніцкай, і набыць фарбу для падлогі. Дапамог мясцовай школе і Обальскі керамічны завод – заасфальтаваў баскетбольную пляцоўку.
Шмат сяброў у Кардонскай школы: мясцовая жыхарка Наталля Маліноўская дапамагла набыць фарбу, а старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі прывёз матэрыял для казырка над уваходам і асабіста яго ўстанавіў, расказала дырэктар школы Людміла Васільева.
Ёсць памочнікі ў Амбросавіцкай школе. Так, грошы на фарбу вы-дзеліла ААТ «Прыазёрны мір». «Зрабіць рамонт фасада будынка дзіцячага сада дапамаглі нашы бацькі – Юрый Токараў, Аляксандр Асіпкоў і Васіль Новікаў, – расказала дырэктар Амбросавіцкай школы Ірына Матэленак. – Прычым, Аляксандр і Васіль – нашы былыя вучні. Усім вялікі дзякуй. Мы вельмі рады, што нас разумеюць бацькі, што нашы вучні выраслі шчырымі і добрымі людзьмі».
А некаторыя арганізацыі яшчэ рыхтуюць падарункі школе. У прыватнасці, кіраўніцтва КУСГП «Мішневічы» абяцала купіць сістэмны камп’ютарны блок для мясцовай школы – чакаюць, пакуль атрымаюць грошы за здадзенае зерне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №71 ад 11.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *