В хозяйствах Шумилинского района идёт уборка злаковых трав на семена

Сельское хозяйство Экономика

Райграс, цімафееўка, купкоўка…
У гаспадарках раёна больш за тыдзень таму пачалася ўборка злакавых траў на насенне. Да гэтай работы прыступілі СФГ “Раднік”, ААТ “АграБаравінка”, “Шумілінскі райаграсэрвіс” і КУСГП “Сіроцінскі”.  Так, на 25 ліпеня з 538 гектараў злакавых траў было ўбрана 34%, намалочана 47,6 тоны насення.
Сярэдняя ўраджайнасць насення злакавых траў па раёне – 2,6 ц/га. Вышэй сярэднераённага паказчыка ўраджайнасць у СФГ “Раднік” – 3,89 ц/га. У гэтай гаспадарцы на раніцу ўчарашняга дня было ўбрана 85,9 % насеннікаў злакавых траў, намалочана 42,8 тоны.
“Амаль тыдзень нашы камбайны працуюць на ўборцы злакавых траў, якіх сёлета расце на нашых палетках 128 гектараў, – расказала аграном СФГ “Раднік” Л. М. Прыгун. – Убіраем насенне райграсу пашавага, аўсяніцы чырвонай, аўсяніцы лугавой, аўсяніцы трысняговай, фестулоліуму, купкоўкі. Самае ўраджайнае ў гэтым годзе насенне аўсяніцы чырвонай – 5,4 ц/га. З пяцідзесяці гектараў мы намалацілі 27 тон насення. Насенне траў мы сушым, а потым адпраўляем на сарціроўку ў “Віцебскнасентравы”. Там насенне злакавых траў купляюць гаспадаркі не толькі нашай вобласці”.
Дарэчы, насенне злакавых траў нятаннае. Мы пацікавіліся, колькі каштуе тона аўсяніцы чырвонай.  Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, цана ў гэтым годзе “кусаецца” – 2000 рублёў (20 мільёнаў да дэнамінацыі) за адну тону. Вырасціць уласнае насенне значна выгадней, чым купляць, упэўнены ў ААТ “АграБаравінка”. У гэтай гаспадарцы сёлета трэба ўбраць 40 гектараў злакавых. Па тэмпах уборкі гаспадарка не саступае СФГ “Раднік” – на ўчарашні дзень тут было ўбрана 87%. Начальнік участка А. В. Міраненка расказала, што на ўборцы насення злакавых траў працуе малады механізатар Кірыл Калдуноў. Хлопец убраў насенне купкоўкі на 35 гектарах і прыступае да цімафееўкі. У гаспадарцы плануюць на гэтым тыдні поўнасцю справіцца з уборкай насення злакавых і прыступіць да жніва азімых зерневых.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №58 ад 26.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *