На заседании районного штаба по благоустройству обсуждался ход работы по наведению порядка

Актуалии Президент

Прыбраць свой дом – таксама патрыятызм
Пашыранае пасяджэнне раённага штаба па добраўпарадкаванні, у якім прыняў удзел кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук, адбылося на гэтым тыдні ў аўторак. Галоўная тэма для абмеркавання – парадак.
Парадак і чысціня ў сваім доме, які называецца Шумілінскі раён, павіненны быць, катэгарычна заявіў В. А. Падляшчук. Звяртаючыся да актыву раёна, які сабраўся ў вялікай зале пасяджэнняў райвыканкама, Вальдэмар Антонавіч падкрэсліў, што менавіта ад стаўлення да пытанняў добраўпарадкавання кіраўніцкага складу, ад яго работы з працоўнымі калектывамі, з сем’ямі, з акружэннем вельмі многа залежыць. Актыў раёна павінен стаць той накіроўваючай сілай, якая будзе аб’ядноўваць, арганізоўваць людзей і рашаць канкрэтныя пытанні.
Час угавораў мінуў, зазначыў старшыня райвыканкама, надышоў час адказваць. Сённяшні дзень ставіць вельмі жорсткія патрабаванні і іх проста неабходна выконваць.
Пра меры адказнасці ў выпадку невыканання патрабаванняў па навядзенні парадку нагадаў пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў, спасылаючыся на Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях. У прыватнасці, Яўген Юр’евіч працытаваў частку 2 артыкула 21.14 Кодэкса, дзе прапісана, што парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў вядзе да накладання штрафу ў памеры да 25-ці базавых велічынь на прыватную асобу, ад 10-ці да 50-ці – на індывідуальнага прадпрымальніка, ад 20-ці да 100 базавых велічынь – на юрыдычную асобу.
Між тым, як адзначыла старшыня раённага штаба па добраўпарадкаванні, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, многія проста напрошваюцца на такія штрафы, не выконваючы пратаколы даручэнняў раённага штаба па добраўпарадкаванні, абласныя і раённыя мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі. Ірына Мікалаеўна падрабязна спынілася на неадкладных работах па навядзенні парадку, а гэта азеляненне, грэйдзіраванне дарог, навядзенне парадку на воінскіх пахаваннях і грамадскіх могілках, на прыпыначных пунктах і ў месцах масавага адпачынку, рамонт дзіцячых і гульнявых пляцовак і многія-многія іншыя работы. Яна засяродзіла ўвагу на выканаўчай дысцыпліне, на якасці выконваемых работ, на ўдзеле насельніцтва ў навядзенні і падтрымліванні парадку, бо часам даходзіць да абсурду. Як, напрыклад, на некаторых вуліцах райцэнтра, дзе за грошы раённага бюджэту ўстаноўлена агароджа, а некаторыя прыватныя гаспадары нават не лічаць сваім абавязкам падправіць яе, калі пахіснулася, забіць які цвік. Ад такога ўтрыманства трэба адыходзіць, пераканана старшыня раённага штаба па добраўпарадкаванні, дармавое не шкада, таму надалей доля насельніцтва складзе ў такіх мерапрыемствах не менш 50%.
Вялікая роля ў барацьбе за парадак надаецца кантралюючым органам. І як зазначыў кіраўнік адной з такіх структур, начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі, за непарадак – ад кінутага акурка да несанкцыянаванай звалкі і іншага бязладдзя – прыйдзецца адказваць па ўсёй строгасці, спуску не будзе нікому.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *