Валейбольная зорка Пётр Лазука

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Валейбольная зорка Пётр Лазука
Пётр Лазука займаецца валейболам больш за 9 гадоў, з іх 5 – на прафесійным узроўні, і ён заўсёды паказвае стабільную і яркую гульню.
У Шумілінскім спартыўным асяроддзі ён сапраўдная зорка. Напэўна, няма такога чалавека,  які б не ведаў Пятра.
“У дзяцінстве, як звычайны хлапчук, я быў захоплены спортам. Любіў глядзець футбольныя матчы, розныя спартыўна-забаўляльныя праграмы. І аднойчы бацькі прывялі мяне ў нашу спартыўную школу на валейбольную секцыю. І з таго часу пляцоўка, сетка і мяч – неад’емная частка майго жыцця. Нават складана ўявіць, чым бы я ўвогуле займаўся. Валейбол для мяне больш, чым проста спорт. Валейбол – гэта тое, чым я хацеў бы займацца ўсё жыццё. Выходзячы на пляцоўку, усё адыходзіць на задні план, засяроджваешся на трэніроўцы” – кажа Пётр.
Першыя валейбольныя крокі Пётр пачынаў рабіць пад кіраўніцтвам Анатоля Завадскага. Здабываў перамогі ў разнастайных турнірах Віцебскай вобласці. Пазней на пару з Арцёмам Масько гуляў у Віцебскай валейбольнай камандзе “Марка”.
А цяпер Пётр – студэнт гістарычнага факультэта БДУ, гуляе за валейбольны клуб “БАТЭ-БДУ” Барысаў.
У трэцім кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Еўропы 2016 сярод юніёраў да 20 гадоў беларуская дружына здабыла перамогу над зборнымі Славакіі і Даніі, прайграла зборнай Чэхіі, і заняла 2 месца ў падгрупе.
“Самае выдатнае – гэта турніры, на якія даводзіцца выязджаць. Раней гэта былі гарады Беларусі, цяпер скараем Еўропу. І незалежна ад таго, перамаглі мы ці не, кожны турнір – гэта бясцэнны досвед. Але перамагаць, вядома ж, прыемна”, – прызнаецца Пётр.
Зараз валейбаліст рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў Балгарыі з 2 па 10 верасня, а потым стартуе чэмпіянат Рэспублікі Беларусь. Складаны сезон чакае нашага героя.
“Сумяшчаць вучобу і трэніроўкі нялёгка, у дзень дзве трэніроўкі, а паміж імі я наведваю заняткі. Спраўляюся…” – усміхаецца Пётр.
Апроч таго, што ён надзвычайны спартсмен, ён яшчэ і добры хлопец, выдатны сябар. Прыязджаючы дадому, я часта сустракаю яго на вуліцы з сябрамі. Заўсёды з усмешкай, спагадлівы, ветлівы, сціплы, харызматычны. А сакрэт свайго поспеху ён тлумачыць надзвычай проста: “Праца і рукі – моцныя зарукі”.
“Не хочацца загадваць і выношваць нейкія планы, – адказвае Пётр на маё пытанне пра ягоныя думкі на будучае. – Але ж найперш – скончыць  універсітэт. Пры гэтым узмоцнена трэніравацца, развівацца, набірацца больш вопыту. Прадоўжу гуляць за клуб, а там будзе бачна”, – дзеліцца  зямляк.
У яго наперадзе цяжкі насычаны год, у якім будзе мноства трэніровак, збораў, турніраў, спартыўных і ўніверсітэцкіх экзаменаў. І нам застаецца пажадаць яму поспехаў ва ўсіх накірунках. І яшчэ – моцнага здароўя, бо яго пазіцыя адна з ключавых на пляцоўцы.
Я вельмі ганаруся, што знаёмы з Пятром і ўпэўнены, што наперадзе яго чакаюць толькі перамогі.
Сяргей ІСКОЛ, студэнт БДУ.
Фота з асабістага архіва Пятра Лазукі.
Надрукавана ў №60 ад 02.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *