Ад п’янкі да крыміналу – адзін крок

Общество Происшествия

Ад п’янкі да крыміналу – адзін крок
На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку, якое правяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанне аб стане законнасці і правапарадку ў Шумілінскім раёне. Падрабязную інфармацыю з лічбамі і фактамі за 6 месяцаў бягучага года прадставіў начальнік  РАУС Аляксандр Дзмітрэнка.
Аляксандр Рыгоравіч паведаміў, што за сёлетнія студзень-чэрвень у раёне здзейснена 120 злачынстваў – на 2,6% больш, чым у мінулым годзе. Рост далі аліментшчыкі ці тыя, хто праходзіць па артыкуле 174 Крымінальнага кодэкса (ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні). Зноў жа заяўляюць пра сябе крадзяжы, у агульнай колькасці злачынстваў іх удзельная вага складае 76%.
Начальнік міліцыі вялікі папрок адрасаваў бестурботным уладальнікам маёмасці, напрыклад, тых жа веласіпедаў, якія пакідаюць у незамкнёных пад’ездах, падвалах, каля магазінаў. Міліцыя папярэджвае, гутарыць з гаспадарамі, ды некаторыя толькі адмахваюцца: “А куды яго дзець, у кватэры цесна, хай стаіць у пад’ездзе (у падвале)…” Але ж потым, як украдуць, ідуць у міліцыю, пішуць заяву, патрабуюць, каб знайшлі.
Асаблівы клопат міліцыі – бытавая злачыннасць, якая сілкуецца выключна на п’янстве і можа закончыцца бойкай, панажоўшчынай.
Гэтую сацыяльную праблему, вядома, трэба рашаць усім грамадствам, аднак важную ролю тут павінны адыгрываць участковыя інспектары, а яны слаба валодаюць сітуацыяй – такую думку выказала І. І. Шалахава. Ірына Іванаўна пераканана, што ўчастковыя павінны больш займацца “жывой працай”, сустракацца з людзьмі, ведаць, хто чым жыве. Тым больш, што за апошнія два гады колькасць участковых у раёне павялічылася з 7 да 9 адзінак. Прэтэнзіі да супрацоўнікаў РАУС І. І. Шалахава выказала і па дастаўцы абавязаных асоб да месца работы.
Пракурор раёна Сяргей Зайцаў засяродзіў увагу прысутных на эфектыўнасці правядзення дзён цвярозасці. На яго думку, такія дні праводзіць мэтазгодна.
Пра работу з праблемнымі падлеткамі, пра тое, чым яны заняты ў летні час, праінфармаваў першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Хмарын. Ён, у прыватнасці, расказаў пра работу валанцёрскага лагера, які быў створаны пры СШ №2. Удзельнікі пасяджэння, аднак, парэкамендавалі займаць дзяцей не столькі экскурсіямі і іншымі займальнымі мерапрыемствамі, а найперш практыкаваць працоўнае выхаванне.
На пасяджэнне для прафілактычнай гутаркі, як звычайна, былі запрошаны парушальнікі ўстаноўленых у грамадстве заканадаўчых норм: адзін напіўся і пайшоў пасвіць цялят, другі пасля келіха-другога пайшоў на канфлікт з братам, трэці спрабаваў украсці з магазіна бутэльку віна…  І сапраўды, ад п’янкі да крыміналу – адзін крок.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №60 ад 02.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *