З Архангельска ў Роўнае – на магілу дзеда

Семья

З Архангельска ў Роўнае – на магілу дзеда
Больш за  70 год прайшло, як закончылася Вялікая Айчынная вайна. Больш за 70 год не ведала сям’я Неманавых з Архангельскай вобласці Расійскай Федэрацыі пра месца пахавання свайго бацькі, дзядулі Пракопія Васільевіча Неманава.
У сакавіку 1944 года П. В. Неманава прызвалі на фронт. Улетку сям’я Неманавых атрымала “пахавальную”, у якой пісалася, што Пракопій Васільевіч 25 чэрвеня загінуў. Сваякі ведалі, што загінуў і пахаваны П. В. Нёманаў дзесьці на Віцебшчыне, большай інфармацыі не было.
“У 2007 годзе пачаў працаваць абагулены банк дадзеных “Мемарыял”, – расказвае ўнучка Пракопія Васільевіча Наталля Валянцінаўна Неманава. – Адразу паспрабавалі знайсці звесткі пра дзядулю, але нічога не знайшлі. У пачатку гэтага года зноў зрабілі запыт і 22 лютага высветлілася, што П. В. Неманаў загінуў каля вёскі Роўнае».
Неманавы звярнуліся  ў Мінск, ва ўпраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Беларусі. Адказ не прымусіў сябе чакаць: 8 мая Неманавы даведаліся, што П. В. Неманаў пахаваны на брацкіх могілках у вёсцы Роўнае.
“Наш доўг быў  прыехаць на магілу дзеда ў Роўным”, – дзеліцца Наталля Валянцінаўна. Кветкі, вянкі і зямля з далёкай архангельскай зямлі ляглі на беларускую зямлю, а каля помніка засвяціўся агеньчык лампады… Жанчыны доўга плакалі на месцы, дзе пахаваны іх сваяк.
Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Г. У. Зязюлька, якая паказвала Неманавым шлях да брацкіх могілак, зазначыла, што на мемарыяльныя пліты пастаянна дадаюцца новыя прозвішчы. “Сёлета на брацкіх могілках у Роўным з’явілася новая пліта з імёнамі 60 загінуўшых салдат і афіцэраў, сярод іх і прозвішча П. В. Неманава”, – расказала Галіна Уладзіміраўна.
Госці з Архангельскай вобласці выказалі шчырыя падзякі ўсяму беларускаму народу за памяць пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, за клопат пра вайсковыя пахаванні.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 61 ад 05.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *