Суд решил — лечить от пьянства

Закон Общество

Не ў свецкую хроніку
Як трапіць у газету? Многія скажуць, трэба сумленна працаваць ці нечым вызначыцца. А вось 33-гадовая Таццяна А. з вёскі Язвіна з гэтым яўна не пагадзіцца, у яе – свой спосаб трапіць на старонкі газеты. Прычым за тры месяцы – двойчы.
На пачатку года мы расказвалі пра выязны суд у Язвіне, на якім Таццяну пазбавілі бацькоўскіх правоў. Нагадаем, што тады жанчына слёзна абяцала, што выправіцца, кіне піць. Суддзя суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая, якая разглядала справу, тады адзначыла, што судовы працэс пазбаўлення бацькоўскіх правоў павінен стаць для маці той адпраўной кропкай, калі трэба ёй карэнным чынам памяняць свой лад жыцця.
Але ж для Таццяны гэта ўрокам не стала. Яна па-ранейшаму піла ды гуляла, на працу хадзіла рэдка. “Жанчына – абавязаная, яна павінна была кампенсаваць дзяржаве сродкі на ўтрыманне дзіцяці, якое знаходзіцца на выхаванні ў Обальскім сацыяльным прытулку. Але яна прагульвала, завіслі вялікія даўгі. На яе была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — адзначыў памочнік пракурора раёна Вадзім Казлоў.
У красавіку ў Язвіне зноў прайшоў выязны суд па гэтай справе. Перад аднавяскоўцамі жанчына спрабавала растлумачыць свае паводзіны, праўда, атрымлівалася гэта непераканаўча. Усім было і так зразумела, што прычына прагулаў – пастаянныя п’янкі. У слёзы і словы, што кіне піць, ніхто ўжо не паверыў. Дарэчы, суддзя Алена Сініцкая задала рытарычнае пытанне Таццяне: “Калі  вашы абяцанні спраўдзяцца?”.
Але ж і тут Таццяна з лёгкасцю знайшла апраўданне: маўляў, і калектыў на рабоце дрэнны, і, увогуле, гаспадарка павінна (!) яе лячыць. Хаця, як высветлілася ў час працэсу, калі ў “АграБаравінцы” кадзіравалі жадаючых, Таццяна кудысьці знікла …
Прымусовае лячэнне ад алкагалізму і грамадскія работы на 240 гадзін – такое рашэнне суда. Толькі вось ці стане для жанчыны гэты суд апошнім – невядома. Калі і гэта не стане ўрокам, то ёй будзе пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведаміў памочнік пракурора раёна Вадзім Казлоў.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №31 ад 26.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *