Город Гродно приветствовал участников республиканского семинара СМИ

Общество

Пазнаёміцца, навучыцца, параўнаць

У мінулую пятніцу прадстаўнікоў цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі вітаў горад Гродна. Тут прайшоў рэспубліканскі семінар, прысвечаны рабоце СМІ па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Да семінара быў прымеркаваны пачатак трансляцыі першага ў Беларусі тэлевізійнага канала ў HD-фармаце – “Гродна плюс”.
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч расказала пра ролю сродкаў масавай інфармацыі ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, завастрыла ўвагу на пытаннях інфармацыйнага забеспячэння важнай палітычнай кампаніі – выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Міністр падкрэсліла, што заканадаўства патрабуе роўнае асвятленне перадвыбарнай агітацыі ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Данесці да насельніцтва аб’ектыўную інфармацыю пра развіццё эканамічнай і сацыяльнай сфер краіны, расказваць пра задачы і планы развіцця рэгіёнаў і асобных прадпрыемстваў – важнейшая задача рэгіянальных выданняў. Менавіта з мэтай пазнаёміць прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ з жыццём асобных рэгіёнаў краіны і праводзяцца такія мерапрыемствы, адзначыла Лілія Ананіч. Па прапанове Міністра інфармацыі журналісты краіны адправілі тэлеграму ў Рыа-дэ-Жанейра алімпійскай зборнай Беларусі з пажаданнем перамог.
Перад удзельнікамі семінара выступіў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, які расказаў пра сродкі масавай інфармацыі вобласці. Дарэчы, з газетамі Гродзенскай вобласці, а таксама з прадукцыяй паліграфічных прадпрыемстваў Гарадзеншчыны можна было пазнаёміцца на выставе.
Пра прыярытэты эканамічнага развіцця краіны і сродкі дасягнення пастаўленых пятым Усебеларускім народным сходам мэт расказала намеснік дырэктара навуковага інстытута эканамічных даследаванняў Міністэрства эканомікі Наталля Берчанка. Пра дзяржаўную палітыку ў галіне працы і сацыяльнай абароны насельніцтва паведаміла начальнік упраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Юшкевіч.

Да пачатку пленарнага пасяджэння дэлегацыі ўсіх абласцей краіны мелі магчымасць пазнаёміцца з сацыяльнымі і вытворчымі аб’ектамі ў Гродна, Лідзе, Ваўкавыскім і Гродзенскім раёнах. Дэлегацыі Віцебскай вобласці, якую ўзначальваў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Г. М. Ягораў, наведала шэраг аб’ектаў ў абласным цэнтры.
Сярэдняя школа №39 г. Гродна рыхтуецца сустракаць свой трэці навучальны год. Пабудаваная два гады таму ў новым мікрараёне, школа штогод павялічвае набор і сёлета прыме больш за 2700 вучняў. У сучасным будынку створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей. А спартыўнае ядро школы – два басейны, спартыўная зала для гульнявых відаў, трэнажорная і фітнесзала, тэнісны корт, спартыўныя пляцоўкі – стала цэнтрам аздараўленчай работы ў мікрараёне. Гэта, дарэчы, дае магчымасць і папаўняць пазабюджэтны рахунак школы штомесяц на 100 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі).
Другім аб’ектам, што наведала дэлегацыя, стаў Цэнтр алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай. Каток для юных хакеістаў месціцца ў спецыяльнай надзіманай  канструкцыі і дазваляе займацца на каньках круглы год. Цэнтр плануе пашырацца, і цяпер вядуцца работы па ўзвядзенні футбольнага манежу, таксама надзіманага.
Вельмі цікавай выйшла экскурсія на ААТ “Малочны свет”. Прадпрыемства штодзень перапрацоўвае больш за 600 тон малака. Шырокі асартымент малочнай прадукцыі: сыры, ёгурты, марожанае, малако і іншае – быў прапанаваны ў дэгустацыйнай зале. Віцебскія журналісты пазнаёміліся з работай аўтаматызаванага цэха па вырабе сыроў. Створаная па навейшых тэхналогіях вытворчасць дазваляе мінімізаваць кантакт малака і гатовай прадукцыі з навакольным асяроддзем і людзьмі на ўсіх этапах, што забяспечвае высокую якасць. Невыпадкова да 65% прадукцыі гродзенскіх малочнікаў ідзе на экспарт. Малочныя прадукты з Гродна можна набыць у 12 гандлёвых сетках у чатырох краінах.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Марына Анікеева  расказала не толькі пра вытворчыя дасягненні “Малочнага свету”, але і пра сацыяльныя гарантыі для работнікаў прадпрыемства, клопат пра ветэранаў арганізацыі. Так на прадпрыемстве створаны аздараўленчы пункт, якому пазайздросціць любая паліклініка. Заводскія медыкі праводзяць поўныя дыспансерныя абследаванні ўсіх работнікаў, пры неабходнасці накіроўваюць да вузкіх спецыялістаў у медустановы горада.

Вельмі цікавай была і паездка па горадзе, у ходзе якой можна было пазнаёміцца з кветкавым аздабленнем Гродна, элементамі добраўпарадкавання, з сучаснай і гістарычнай архітэктурай горада.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *