Жители Светлосельского сельсовета рассказали о своих проблемах

Общество Президент

“Нам бы кантэйнеры для смецця і ваду пасмачней…”
10-11 жніўня Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на тэрыторыі Светласельскага сельсавета. Падчас яго кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікі раённых службаў правялі сустрэчы і сходы грамадзян, цікавіліся, якімі клопатамі жывуць вяскоўцы ў гэтыя жнівеньскія дні, якія праблемы іх хвалююць.
Група на чале з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вячаславам Емяльянавым, падмацаваная старшынёй сельсавета Віктарам Шчарбаковым, супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, РАУС, сацыяльнай службы і рэдакцыі раённай газеты, наведала вёскі Крупчына, Каравайніца, Ільінцы, Баёўка, Засіннікі.
Зразумела, жнівень – адзін з самых клапатлівых месяцаў лета. Сапраўдным гаспадарам у гэты перыяд не да адпачынку: на агародах і падворках работы пад завязку,  многія пачалі капаць бульбу, у гаспадынь – сезон нарыхтовак на зіму. Таму часу на доўгія размовы, вядома, няма. Тым не менш, асноўныя праблемы, якія турбуюць вяскоўцаў, былі ў гэты дзень агучаны.
Галоўная і асноўная просьба, выказаная жыхарамі прыгарадных вёсак Каравайніца і Баёўка, – устаноўка кантэйнераў для смецця. “Графік збору смецця ў нашых вёсках – адзін раз у месяц раніцай недзе ў 5.30-6.00 – зусім не задавальняе,  – пераконвалі жыхары абодвух населеных пунктаў. – Многія, асабліва даяркі, зусім пазбаўлены магчымасці скарыстацца такой паслугай, бо ў гэты час звычайна занятыя на ранішняй дойцы. Ды і людзям пажылога ўзросту нязручна выкідваць на трактар мяхі… Хочацца больш цывілізаваных зручнасцяў.”
Другая праблема, якая хвалюе жыхароў Крупчына, Каравайніцы і Баёўкі –  якасць вады. Многія прызнаюцца, што не заўсёды ўдаецца вырашаць яе шляхам устаноўкі фільтраў і неаднаразовага кіпячэння. Старшыня сельсавета В. В. Шчарбакоў паабяцаў у бліжэйшы час завезці ваду для даследавання ў РЦГЭ, каб высветліць сітуацыю з мэтай далейшых дзеянняў.
Калі прыедуць камбайны для абмалоту зерневых участкаў насельніцтва ў Каравайніцу і Баёўку; калі будуць выплачаны жыхарам в. Баёўка надбаўкі за здадзеных яшчэ вясной цялят у ААТ “Лаўжанскае”; калі будзе ўключана ў Каравайніцы і Баёўцы вулічнае святло; ці плануецца ў бліжэйшы час грэйдзіраванне вуліц у Баёўцы – вось такі спіс пытанняў адрасавалі вяскоўцы прадстаўнікам улады для вывучэння і вырашэння.
Сёння ў Светласельскім сельсавеце праходзіць дзень прафілактыкі і пашыранае пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку. На наступным тыдні  пройдуць выязныя прыёмы кіраўніцтва раёна на тэрыторыі сельсавета і будуць падведзены вынікі Дня работы з насельніцтвам.
Алена КАРПУШЭНКА.

Выязныя прыёмы грамадзян у Светласельскім сельсавеце
16 жніўня з 9.00 да 10.00 выязныя прыёмы грамадзян правядуць:
МЯНЬКОЎ Васіль Цімафеевіч, першы намеснік старшыні райвыканкама, – а.-г. Светласельскі (адміністрацыйны будынак сельвыканкама);
ШАЛАХАВА Ірына Іванаўна, намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях, – а.-г. Башні (будынак сельскага клуба);
ДОКТАРАЎ Віктар Віктаравіч, намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі, – в. Язвіна (будынак школы).
Надрукавана ў № 63 ад 12.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *