В Шумилинском райисполкоме прошла встреча с отличниками учёбы

Актуалии Молодёжь Президент

“Сёння  ўсё  залежыць  ад  маладых”
24 жніўня кіраўнік раёна Аляксандр Снараў сустрэўся са старшакласнікамі і выпускнікамі, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у вучобе. Сустрэча прайшла ў даверлівай абстаноўцы за кубкам чаю.
Не, гэта ўжо не дзеці. Гэта сфарміраваныя асобы, матываваныя  не проста на сур’ёзную работу, а на поспех. Без варыянтаў, без аніякіх паслабленняў, без права змяніць рытм. Зразумела, што кожны з іх у будучым стане выдатным спецыялістам у абранай сферы. Інфармацыйныя тэхналогіі, медыцына, педагогіка – перад імі будуць адчынены ўсе дзверы. У раёне, у краіне, у свеце…
Вядома, што калі ў эканоміку і сацыяльную сферу раёна праз некалькі год “ульюцца” такія сілы, гэта адаб’ецца гучнымі поспехамі, амбіцыйнымі праектамі, свежымі рашэннямі. Гэта ўмацуе рэгіён, безумоўна.
“Сёння ўсё залежыць ад маладых, уся надзея – на вас, – сказаў, звяртаючыся да хлопцаў і дзяўчат, Аляксандр Снараў. – Трэба абавязкова марыць, дабівацца большага, рабіць тое, чаго да вас не рабіў ніхто. Галоўны фактар поспеху – гэта вера ва ўласныя сілы, вера ў сябе. Кожны з вас павінен знайсці сабе годнае месца ў жыцці”.
Аляксандр Іванавіч заўважыў, што для паспяховага развіцця раёну сёння не хапае эканамістаў, бухгалтараў, ветурачоў, заатэхнікаў, інжынераў, аграномаў, праграмістаў. У сваю чаргу кіраўнік раёна паабяцаў, што ўсім, хто вернецца на малую радзіму прафесіяналам у любой сферы, будзе аказана дапамога ва ўладкаванні. “Сёння мы будуем чатыры новыя службовыя кватэры, у наступным годзе ў новым доме з’явяцца яшчэ шэсць кватэр”, – падмацаваў сваё абяцанне канкрэтнымі фактамі старшыня.
Ад імя выдатнікаў вучобы выступіў вучань раённай гімназіі Леў Фёдараў. Прагучалі словы ўдзячнасці ў адрас педагогаў, якія вучылі пераадольваць цяжкасці, верыць у свае сілы, абяцанне апраўдаць ускладзеныя на іх спадзяванні.
Яны размаўлялі пра ўсё: пра дзіцячыя мары кіраўніка раёна, пра магчымасць адкрыцця ў Шуміліне маладзёжнага кафэ, пра запатрабаванасць у рэгіёне іх будучых прафесій, пра будучую вучобу. Аляксандр Іванавіч па-бацькоўску раіў ім берагчы сябе, быць сумленнымі, памятаць, што тут за іх хвалююцца, што іх галоўная задача – вырасці добрымі людзьмі.
Маладыя людзі атрымалі ўзнагароды. Для адных – гэта апошні школьны акорд, а ў іншых наперадзе – вучоба ў школе, канчатковы выбар будучай прафесіі. У іх яшчэ ёсць час. Разам са старшынёй райвыканкама поспехаў юнакам і дзяўчатам пажадалі намеснік старшыні Ірына Шалахава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянці-на Мянькова.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №67 ад 26.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *