Экзотика на торфяных полях Шумилинского района – «болотный футбол»

Новости Спорт, туризм

Торф, футбол і дамоўленасці
Калі для Беларусі тарфяны футбол – з’ва не зусім прывычная, то ў Фінляндыі на яго не на жарт “хварэюць”. У тым, што гэта сапраўды цікава і надзвычай захапляльна можна было пераканацца ў чацвер, 25 жніўня, пабываўшы на ўчастку па здабычы торфу “Сідзень”, дзе праходзілі міжнародныя спаборніцтваў па тарфяным футболе паміж камандамі прадпрыемстваў Беларусі і Фінляндыі.
На тарфяное поле выйшлі дзве фінскія каманды, каманды “Віцебскаблгазу”, “Белпалівагазу” і “Белэнерга”. Гульні ішлі на двух палях адначасова, у кароткіх перапынках футбольныя пляцоўкі шчодра паліваліся вадой. Нягледзячы на тое, што на поле выйшлі аматары спорту, змагаліся за перамогу яны, як сапраўдныя прафесіяналы. Гэта надавала гульням асаблівы напал. Дарэчы, поплеч з мужчынамі і зусім не горш за іх упраўляліся з пасамі і галамі і жанчыны. “Балотныя” футбалісты валіліся і падымаліся, размазвалі торф па шчоках, заўзята змагаліся за мяч, па-сяброўску пляскаючы па плячы і падымаючы збітага з ног саперніка. І што самае дзіўнае – у іх атрымлівалася разумець адзін аднаго, не ведаючы мовы.
У тым, што спорт збліжае, перакананы намеснік генеральнага дырэктара ДВА “Белпалівагаз” Валерый Кавалёў. Сумесны актыўны адпачынак надзвычай дапамагае ў дзелавых стасунках, вядзе да больш блізкага супрацоўніцтва, даверлівых і шчыльных узаемін. “Мы ўжо заключылі кантракт на пастаўку 10 тысяч тон нашага брыкету ў Фінляндыю”, – расказаў Валерый Уладзіміравіч у перапынку паміж футбольнымі схваткамі.
Наогул такі фармат узаемін прапанавалі фінскія партнёры. Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Фінляндыяй у галіне тарфяной вытворчасці ідзе даўно, расказаў В. У. Кавалёў. І калі ў 2014 годзе, упершыню выйшаўшы на тарфяное поле з мячом, наша каманда заняла 4 месца, то ўжо ў 2015 у Беларусь паехаў пераходзячы кубак чэмпіёна. “Па правілах спаборніцтваў на наступны год турнір прымае выйграўшы бок – значыць мы. Мы вельмі ўдзячныя за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства прадпрыемству “Віцебскаблгаз”. Дарэчы, П. П. Шэршань, генеральны дырэктар ВРУП “Віцебскаблгаз” таксама завітаў на поле.
Задаволенасць гасціннасцю і высокай арганізацыяй спаборніцтваў выказалі і прадстаўнікі фінскага боку. Жартавалі, што іх задача – не выйграць турнір, а выйграць хаця б адну гульню. А наогул самае галоўнае – гэта добрая гульня. А гульня была сапраўды такой. Перамогу ў спаборніцтвах заваявала каманда “Віцебскаблгазу”, на другім месцы аказаліся футбалісты “Белпалівагазу”, на трэцім – каманда “Белэнерга”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *