Криминал. Происшествия

Происшествия

Пра здарэнні, якія адбыліся ў раёне за тыдзень, расказаў в. а. намесніка начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Шрубавёрты
Жыхар Шуміліна паведаміў у міліцыю, што ягоны падвал у шматпавярховым доме абрабавалі: прапалі чатыры шрубавёрты, два перфаратары і дрэваапрацоўчы станок. Агульны ўрон, нанесены гаспадару, складае тысячу рублёў. Узбуджана крымінальная справа. Злачынцу пагражаюць грамадскія работы або штраф, папраўчыя работы да двух гадоў, арышт да шасці месяцаў, абмежаванне волі да 3 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Міны
Зараз, калі палеткі ўзворваюць на зіму, работнікі сельгаспрадпрыемстваў часта знаходзяць міны і снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, нядаўна некалькі мін былі знойдзены ля вёсак Забар’е і Пабеда. Міны абясшкоджаны і знішчаны.
Абрабаваў двойчы
Абрабавалі дачны дом у в. Галі – пра гэта паведаміў у міліцыю пацярпелы гаспадар. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС высветлілі, што пашкодзіў акно ў чужым доме і пагаспадарыў там ураджэнец в. Кавалеўшчына. З дома прапалі прадукты харчавання. Злачынцу пагражаюць папраўчыя работы  да 2 гадоў або арышт ад 3 да 6 месяцаў, або абмежаванне волі да 4 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Міліцыянеры яшчэ не паспелі затрымаць злачынцу, як праз некалькі гадзін стала вядома, што гэты ж мужчына зноў залез у гэты ж дачны дом і ўкраў спіртное. Супраць злачынцы ўзбуджаны дзве крымінальныя справы.
“Увага, дзеці!”
З 25 жніўня па 5 верасня супрацоўнікі ДАІ правялі спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Увага, дзеці!”. Работнікі дарожна-патрульнай службы правялі адпрацоўку аўтадарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў. На час акцыі вадзіцелі ўсіх транспартных сродкаў павінны былі ездзіць з уключаным бліжнім святлом фар. За парушэнне правіл карыстання светлавымі прыборамі пагражае адміністрацыйная адказнасць (штраф да 2 БВ). Толькі за першы тыдзень мерапрыемства да адказнасці былі прыцягнуты дзесяць вадзіцеляў.
У кювеце
29 жніўня жыхар Полацка на аўтамабілі “Фальксваген-Пасат”, які рухаўся ў бок Віцебска па аўтатрасе Р-20 (ля Мікіціхі), з’ехаў у кювет. Машына пашкоджана, вадзіцель не пацярпеў. Палачанін патлумачыў супрацоўнікам ДАІ, што з’ехаў у кювет спецыяльна, каб пазбегнуць дарожна-транспартнага здарэння – невядомы вадзіцель на легкавушцы выехаў на паласу сустрэчнага руху.
Супрацоўнікі ДАІ просяць адгукнуцца сведкаў гэтага здарэння і патэлефанаваць 4-18-50 або 102.
Казуля
Жыхар Полацка, які ў моцны туман ехаў па аўтадарозе Р-20, наехаў на казулю. Машына пашкоджана. А вось казуля, па ўсяму бачна, не пацярпела – яе і след прастыў. Па дадзеным здарэнні праводзіцца праверка.
Не размінуўся
Пацярпела жыхарка райцэнтра – з яе “Опелем”, які стаяў на Юбілейнай, 24, не размінулася невядомая машына. “Опелю” патрабуецца рамонт. Супрацоўнікі ДАІ будуць удзячны сведкам гэтага здарэння, якія патэлефануюць па нумары 4-18-50.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *