Урок памяці ў шумілінскім музеі

Образование

Урок памяці ў шумілінскім музеі
У першы дзень новага навучальнага года супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея запрасілі школьнікаў на музейны ўрок “Ёсць памяць, якой не будзе забыцця, і слава, якой не будзе канца”.  Урок для вучняў 10 «Б» і 11 «А» класаў СШ №1 г. п. Шуміліна правялі М. А. Мароз і  А. А. Цынгель.
Настаўнік, публіцыст, пісьменнік Мікалай Мароз  распавёў пра сваё дзяцінства, пра першую сустрэчу з кнігай, пра тое, як пачаў пісаць свае першыя творы, над чым працуе цяпер, расказаў пра свае творчыя планы, адказаў на пытанні слухачоў.
Мікалай Аркадзьевіч расказаў, што піша кнігі, заснаваныя на гістарычных і дакументальных фактах, на ўспамінах людзей. На сустрэчы ён прэзентаваў сваю кнігу “Папялішча – не тлен”. Аўтар расказаў, што гісторыя Обальскага падполля яго захапіла настолькі, што ён з запалам пачаў збіраць архіўныя матэрыялы і ўспаміны па гэтай тэме. І шчыра прызнаўся, што працаваць над кнігай было цяжка. Раману “Папялішча – не тлен” Мікалай Мароз аддаў два гады працы. Пісьменнік хацеў, каб чытач не раз узяў кнігу ў рукі, каб тэкст быў займальным, каб чытаць яго можна было на адным дыханні. Так і атрымалася. Твор напісаны настолькі простай мовай, такім зразумелым, і ў той жа час пранікнёным, словам, што хочацца гартаць старонкі зноў і зноў. Сваім эмацыянальным экскурсам пісьменнік настолькі зацікавіў ўсіх прысутных, што стала адразу зразумела, што гэтую кнігу абавязкова будуць чытаць.
Антон Антонавіч Цынгель – малалетні вязень канцлагера “Саласпілс” – нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, таксама прыйшоў, каб сустрэцца з моладдзю. З добрай усмешкай павіншаваў рабят з пачаткам навучальнага года. Яго цікавы аповед дазволіў толькі здзівіцца празе да жыцця, якую праяўляе чалавек у экстрэмальных сітуацыях.
Непрыкметна праляцеў час. Сустрэча прайшла ў нязмушанай і сяброўскай абстаноўцы, была цікавай і карыснай для прадстаўнікоў трох пакаленняў.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Фота прадастаўлена Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем.
Надрукавана ў № 71 ад 09.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *