“Песня заўжды была маёй спадарожніцай”

Людзі і лёсы Общество

“Песня заўжды была маёй спадарожніцай”
15 верасня літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца” сабрала ў раённай бібліятэцы шмат гасцей, якія прыйшлі, каб павіншаваць з важкім юбілеем ветэрана педагагічнай працы лідара ветэранскай арганізацыі раёна Кацярыну Фамінічну Палоўнікаву. Вечар-партрэт “Мае гады – маё багацце” ў гонар жанчыны быў напоўнены прызнаннем, цёплымі віншаваннямі, морам кветак і добрымі песнямі.
Кацярына Палоўнікава нарадзілася 15 верасня 1946 года ў вёсцы Маркава Шумілінскага раёна. Была старэйшай у шматдзетнай сям’і, а значыць, ва ўсім памочніцай бацькоў. З дзяцінства прывыкла дапамагаць, браць на сябе клопат пра іншых. Дарэчы, запела яна таксама ў самым юным узросце. Расказала, што марыла быць або настаўніцай, або спявачкай. Выходзіць, што спраўдзіліся абедзве яе мары.
У 1971 годзе Кацярына скончыла Віцебскі педагагічны інстытут імя С. М. Кірава па спецыяльнасці біялогія. Некалькі год працавала дырэктарам Дома піянераў у Шуміліне, затым загадчыцай дзіцячага сада ў саўгасе “Лаўжанскі”. А ў 1977 годзе ўзначаліла калектыў ясляў-сада ПМК-25. Гэта стаў калектыў аднадумцаў, які ўладкоўваў сад літаральна з нуля. Дзеткам у садку павінна быць па-дамашняму добра, утульна, цікава, і ўсе працавалі на тое, каб так і было, успамінала Кацярына Фамінічна. Павіншаваць былую загадчыцу прыйшлі сённяшнія педагогі садка і яго юныя выхаванцы. Яны чыталі вершы, спявалі песні, чым кранулі юбілярку. Павіншаваць ветэрана-педагога завіталі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Кацярына Фамінічна за сваё жыццё паўдзельнічала ў многіх конкурсах і фестывалях не  толькі як спявачка, але і як аўтар сваіх песень. Яе талент неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі. Многія ведаюць яе звонкі голас, добрыя песні ў выкананні жанчыны не раз упрыгожвалі раённыя святы. Удала склаўся творчы саюз з Анатолем Міхеевым.
Кацярына Фамінічна пражыла шчаслівае жаночае жыццё з выдатным любячым мужам, удзячнымі добрымі дзецьмі. Падводзячы рысу пад пражытымі гадамі, жанчына прызналася, што пражыла добрае, хоць і не заўжды лёгкае жыццё. “Песня заўжды была маёй спадарожніцай”, – раскрыла сакрэт свайго аптымізму Кацярына Палоўнікава.
У гэты вечар К. Ф. Палоўнікава атрымала шмат пачэсных узнагарод, прымала словы віншаванняў і добрых пажаданняў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *