Стоматолог Светлана Прыгун из Шумилино радуется счастливым улыбкам своих пациентов

Здоровье Общество

За ўсмешкай трэба сачыць з самага першага зубіка ў немаўляці

Ужо год урачом-стаматолагам-артапедам у цэнтральнай раённай бальніцы працуе Святлана Прыгун. За гэты час яна падарыла прыгожую ўсмешку дзясяткам пацыентаў, мае мноства ўдзячных водгукаў за добрую работу.

Дзяўчына родам з Мікалаева, скончыўшы Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, а затым інтэрнатуру, вярнулася ў родны раён. Радуе, што малады медык, які задаволены магчымасцю працаваць па любімай спецыяльнасці, дружным калектывам і заработнай платай, у раёне надоўга. Хутчэй за ўсё – назаўжды. Тым больш што дзякуючы хадайніцтву ЦРБ гэтай сям’і – а ў Святланы ёсць муж і чатырохгадовы сын – выдзелена жыллё.
Да гэтага доктара ідуць пацыенты, у якіх ёсць праблемы з зубамі, а дакладней – з іх адсутнасцю. Святлана Аляксандраўна займаецца пратэзаваннем. Сёння яна можа прапанаваць людзям каронкі і здымныя пратэзы з металу ці металапластмасы. Ужо праз 3-4 тыдні пасля першага наведвання чалавек ідзе ад доктара з новымі зубамі. Дарэчы, у любога віцебскага стаматолага толькі першага прыёму прыйдзецца чакаць цэлы месяц. Таксама мы даведаліся, што каронка каштуе 50, пласцінка – ад 80 да 100 рублёў: кошт вар’-іруецца ў залежнасці ад колькасці зубоў, якіх не хапае. Наведаць доктара прый-дзецца ад 3 да 6 разоў.
Часцей за ўсё Святлана Прыгун мае справу з людзьмі сталымі і адзначае, што ніякіх узроставых абмежаванняў для пратэзавання няма – бывалі ў яе кабінеце і 90-гадовыя пацыенты. Цікава, што жанчыны больш стойкія ў адрозненне ад мужчын, якія часам прыходзяць да стаматолага толькі разам з жонкамі. У сярэднім за месяц удаецца падправіць усмешку тром дзесяткам пацыентам.
Як бы добра ні працавала малады спецыяліст, яна разумее, што Шуміліншчына ад сусветных тэндэнцый у галіне пратэзавання вельмі адстае. Заклапочана гэтым фактам і кіраўніцтва ЦРБ, якое ў дадзены момант вывучае магчымасці па арганізацыі работы з металакерамікай – больш сучасным матэрыялам для пратэзавання.
– Металакерамічныя каронкі не толькі больш трывалыя, даўгавечныя, але і эстэтычныя – на выгляд не адрозніваюцца ад звычайных зубоў, – тлумачыць стаматолаг. – А гэта важна, калі гаворка ідзе пра прыгожую ўсмешку. Да мяне даволі часта звяртаюцца пацыенты з такім запытам. Шумілінцам намнога зручней было б займацца зубамі дома, а не ездзіць у абласны цэнтр.
Больш сучасная стаматалагічная ўстаноўка, якой нядаўна быў укамплектаваны кабінет доктара, дазваляе працаваць і з металакерамікай. Засталося толькі знайсці партнёраў у Віцебску, якія будуць вырабляць каронкі для шумілінскіх пацыентаў, і арганізаваць дастаўку. Хаця кіраўніцтва бальніцы не выключае варыянту, калі зубатэхнічная лабараторыя з’явіцца ў нашай паліклініцы, і пратэзы будуць вырабляцца на месцы. Ва ўсялякім разе ў пацыентаў ёсць мажлівасць спадзявацца, што ўжо сёлета металакерамічныя каронкі можна будзе паставіць у Шуміліне.
Вядома, Святлана Прыгун як урач-стаматолаг, які да таго ж вельмі любіць сваю работу, раіць не даводзіць да сітуацыі, калі ўзнікае неабходнасць у пратэзаванні. Лічыць, што асаблівы акцэнт у прафілактыцы трэба рабіць на цяжарных жанчынах і дзецях. Зубасківічная сістэма чалавека пачынае фарміравацца яшчэ ў арганізме матулі. Вельмі важна, каб жанчына добра сілкавалася і своечасова вырашала стаматалагічныя праблемы.
– Цяжарным жанчынам лячыць зубы ў другім трыместры абсалютна бяспечна, – звяртае ўвагу ўрач. – Больш за тое, даказана, што не нашкодзіць будучаму дзіцяці ні анестэзія, ні нават рэнтгеналагічнае даследаванне, якое робіц-ца зараз на сучасных апаратах. Цяжарным трэба больш пільна даглядаць ротавую поласць, часцей чысціць зубы.
За станам дзіцячай усмешкі трэба сачыць з самага першага зубіка. Спачатку чысціць пасля кожнага прыёму ежы, дапусцім, марляй ці спецыяльна купленым у аптэцы сіліконавым напальчнікам. Затым можна перайсці на дзіцячыя зубныя шчоткі, але да 2-3 год абыходзіцца без зубной пасты. Для самых маленькіх у пасце не павінна быць больш за 500 ppm фтору, 5-6-гадовым можна да 800 і дарослым да 1500 ppm (гэта інфармацыя ўказваецца на цюбіках). Нельга забываць, што раз у тры месяцы трэба мяняць шчотку, а чысціць зубы не менш як тры хвіліны. Скараціць гэты час могуць тыя, хто карыстаецца электрычнымі зубнымі шчоткамі. Праўда, доктар лічыць, што выкарыстанне гэтага моднага гаджэта ніяк не ўплывае на стан зубоў. Галоўнае – правільная тэхніка чысткі.
– Для прыхільнікаў натуральных сродкаў адзначу, што пры выбары пасты варта звярнуць увагу на колер палоскі на краі ўпакоўкі, – дзеліцца сакрэтамі з нашымі чытачамі доктар. – Зялёным пазначаны поў-насцю натуральны прадукт, чорным – хімічны яго склад, чырвоным – змешаны.
Да з’яўлення першых пастаянных зубоў у дзіцяці доктар парэкамендавала праводзіць працэдуру «запячатвання» зубоў спецыяльным герметыкам. Гэта засцерагае зубы ад карыесу на тэрмін ад 2 да 8 год. Гэта можна зрабіць і ў нашай паліклініцы ў платнага стаматолага.
Спецыяльна для тых, хто адкладвае паход да стаматолага, хочацца адзначыць, што Святлана Аляксандраўна не толькі высока-прафесійны спецыяліст, але і надзвычай тактоўны, прыемны ў зносінах чалавек. Яна са-праўды радуецца шчаслівым усмешкам сваіх пацыентаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №10 ад о7.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *