Чаму Шумілінскае райпо не вытрымлівае канкурэнцыі?

Актуалии Президент Экономика

Чаму райпо не вытрымлівае канкурэнцыі?
“Актуальнасць пытання, вынесенага на сумеснае пасяджэнне раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама, відавочная. Кожны сутыкаецца з сістэмай гандлю і ведае пра яе праблемы з уласнага вопыту. Пытанне вывучалася рабочай групай і вынесена на разгляд дэпутатаў і членаў выканкама”, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава перад пачаткам абмеркавання пытання аб практыцы работы органаў улады, спажывецкай кааперацыі па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва.
Дакладчык, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Доктараў, паведаміў, што ў раёне функцыянуюць 122 суб’екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць гандлёвую дзейнасць на 165 аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання.
З  трох існуючых сацыяльных стандартаў гандлёвага абслугоўвання ў раёне не выконваюцца два: пры нарматыве 600 кв. м гандлёвых плошчаў на 1000 жыхароў ў раёне ёсць толькі 380 кв. м; забяспечанасць месцамі грамадскага харчавання пры нарматыве 25 месцаў на 1000 жыхароў – маецца 24,5; павінен быць аб’ект грамадскага харчавання ў аграгарадку з насельніцтвам больш за 1000 чалавек – у Мікіцісе няма такога аб’екта (у аграгарадках з насельніцтвам менш за 1000 чалавек у адпаведнасці з нарматывам вядзецца гандаль прадукцыяй грамадскага харчавання ў крамах).
Дакладчык адзначыў, што тавараабарот складае 95,7% пры заданні 102%, у тым ліку па харчовых таварах – 98,4%, па прамысловых – 88,3%, па грамадскім харчаванні – 98,8% (сярэднеабласныя паказчыкі – ад 99% да 102,9%).
Дарэчы, значная частка даклада была прысвечана аналізу работы райспажыўтаварыства як буйнейшага прадпрыемства, на якое, да таго, ускладзена абслугоў-ванне вяскоўцаў.
У структуры гандлю райспажыўтаварыства займае найбольшую долю – 19,8% тавараабароту і 48 крамаў, але гэты паказчык за пяць год знізіўся амаль што ўдвая, у той час як доля прыватнага гандлю вырасла, і цяпер “Карына-гандаль” з 4 крамамі займае 14% у агульнараённым таварабароце, АЗС “Аблнафтапрадукт” – 9,8% (1 крама), “Тамара-гандаль” – 7,4% (1 крама), “Брут” – 5% (2 крамы), “Вітконпрадукт” – 2,7% (2 крамы).
Крыху іншая сітуацыя ў сельскай мясцовасці, дзе райспажыўтаварыства захоў-вае, у асноўным, манапольнае становішча, мае сетку стацыянарных крамаў, 5 аўтакрамаў, якія абслугоўваюць 187 населеных пунктаў (997 жыхароў) па 13 маршрутах. Але і тут пачынае развівацца прыватны сектар: ужо 11 суб’ектаў гаспадарання маюць гандлёвыя кропкі ў аграгарадках і вёсках, вызначаны і пляцоўкі для выязнога гандлю.
Дакладчык назваў праблемы, якія прывялі да згубы пазіцый райпо: адсутнасць шырокага асартыменту тавараў як харчовых, так і прамысловых, у прыватнасці, складанай бытавой тэхнікі, мэблі; парушэнне графікаў работы аўтакрамаў. Няўхільна скарачаецца сетка крамаў. Адпаведна змяншаецца колькасць работнікаў – зараз працуе 232 чалавекі (у 2011 годзе было 512 чалавек). Прычына – у нізкіх заробках, дрэнных умовах працы. Не вытрымлівае райпо і канкурэнцыі па цэнах.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў запытаў кіраўніцтва райспажыўтаварыства пра іх бачанне прычын заняпаду, але зразумелага тлумачэння сітуацыі і шляхоў выхаду з крызісу не пачуў. Бо выказаны ў якасці апраўдання довад пра зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва на фоне росту тавараабароту канкурэнтаў кааператыўнага гандлю быў непераканаўчы.
“У першую чаргу прычыны трэба шукаць у сябе, у арганізацыі работы, у яе эфектыўнасці”, – адзначыў кіраўнік раёна і прывёў прыклад Браслаўскага раёна, дзе сярэдняя зарплата ніжэй за шумілінскую і ў мясцовага райспажыўтаварыства ёсць моцны канкурэнт – “Еўраопт”, але тавараабарот браслаўскага райпо ў два разы вышэй, чым у шумілінскім райспажыўтаварыстве.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў паставіла пытанне і дакладчыку, і аддзелу эканомікі райвыканкама: у чым іхняя роля як органа ўлады, чаму ў раёне няма бягучай і перспектыўнай праграм гандлёвага абслугоўвання, схемы развіцця гандлёвай сеткі, сістэмы кантролю і маніторынгу гандлю.
Дэпутат райсавета галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Конышаў расказаў пра шматлікія парушэнні ў сістэме гандлю раёна, пераважная большасць якіх адносіцца да райспажыўтаварыства. Санітарная служба выяўляе парушэнні тэрмінаў і ўмоў захоў-вання тавараў, адсутнасць дакументаў, нездавальняючы стан некаторых гандлёвых аб’ектаў, прымаемыя меры з’яўляюцца недастатковымі.
Старшыні двух сельвыканкамаў: Обальскага (Мікалай Будневіч) і Каўлякоўскага (Таццяна Дзятлава) расказалі пра абслугоўванне насельніцтва ў сваіх рэгіёнах. У Обальскім сельсавеце, самым шматлюдным, праблемы ёсць з абслугоўваннем сельскага насельніцтва, у гарадскім пасёлку прыватныя крамы ствараюць райспажыўтаварыству дастойную канкурэнцыю. Каўлякоўскі сельсавет самы маланаселены, але вялікі па плошчы – тут засталася адна крама ў аграгарадку Крывое Сяло, работу якой, дарэчы, старшыня пахваліла. Закрыты крамы ў Полькавічах (112 жыхароў), Навіках (78 жыхароў), насельніцтва абслугоўваецца аўтакрамамі, на якія часам бываюць нараканні з-за спазненняў, слабага асартыменту тавараў, асабліва ў канцы маршрутаў. “Нашы людзі вывозяць грошы ў Бешанковічы”, – прызналася Таццяна Дзятлава.
На сяле з’явіўся яшчэ адзін канкурэнт сістэме райпо – паштовая служба. Начальнік шумілінскага ўчастка паштовай сувязі Алеся Новікава расказала, што гандаль харчовымі і прамысловымі таварамі вядуць 19 аддзяленняў сувязі, у агульнай выручцы пошты гандаль займае 16% (за 8 месяцаў каля 5,5 мільярда старых рублёў – 138% да паказчыка мінулага года). Гэтыя паказчыкі пастаянна растуць. Паштальёны працуюць пад заказ, аператыўна дастаўляюць тавар непасрэдна да дому, буйнагабарытныя тавары прывозяць таксама дамоў, актыўна пашыраецца гандаль праз інтэрнэт.
У прынятым рашэнні вызначаны канкрэтныя тэрміны выканання мерапрыемстваў, у тым ліку па адкрыцці зачыненых крам у населеных пунктах раёна, па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна. У ходзе абмеркавання было выказана шмат заўваг і прапаноў, якія будуць унесены ў дапрацаванае рашэнне, адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
На сумесным пасяджэнні таксама было заслухана пытанне аб папярэджанні вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна (дакладчык – галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Павел Загацкі), у абмеркаванні якога браў удзел начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Якаў Жулеў.
Аб рабоце па папярэджанні гібелі і траўматызму людзей на пажарах далажыў першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Рыгор Жук.
Па дакладзе намесніка начальніка райфінаддзела Аксаны Лебедзевай, у сувязі са змяненнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дэпутаты прызналі страціўшымі сілу некаторыя рашэнні раённага Савета дэпутатаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2016 г.



1 комментарий по теме “Чаму Шумілінскае райпо не вытрымлівае канкурэнцыі?

  1. Конкретного ответа на поставленный вопрос в заголовке статьи так и не дано. Почему? Только одна констатация фактов. Где анализ сложившегося положения? Какой путь выбирает руководство района для вывода РАЙПО из кризиса. Или корреспондент не всё отметил в статье, или решением проблемы РАЙПО ни кто заниматься не думает.А если так, для чего тогда собирались?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *