Выездная коллегия управления сельского хозяйства прошла в «Приозёрном мире»

Актуалии Экономика

“Наведзены парадак трэба падтрымліваць”

Стала добрай традыцыяй праводзіць штомесячную калегію ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання з выездам у сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. У пачатку тыдня члены раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна наведалі ААТ “Прыазёрны мір”.
Нарада пачалася на мехдвары гаспадаркі ў Амбросавічах. Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, які вёў нараду, адзначыў, што навядзенне парадку з захаваннем тэхнікі, яе аховай, улікам паліва, а таксама стварэнне ўмоў для правядзення рамонтаў спрыяе стабілізацыі сітуацыі ў гаспадарцы, эканоміць грошы і матэрыяльныя рэсурсы. Кіраўнік раёна пахваліў маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў інжынерную службу прадпрыемства, за імкненне падтрымліваць парадак, адзначыў, што знешні выгляд вытворчых аб’ектаў – гэта твар спецыялістаў, якія там кіруюць. Перад кіраўніцтвам гаспадаркі пастаўлена задача абсталяваць на мехдвары і заправачную, што дазволіць узмацніць кантроль за расходаваннем паліва.
Цяпер перад інжынерамі і механізатарамі стаіць задача пастаноўкі на захоўванне збожжаўборачных камбайнаў, неўзабаве чарга дойдзе і да астатняй тэхнікі. Правільная пастаноўка сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў, яе ахова дапамогуць сэканоміць дзясяткі тысяч рублёў на рамонце і камплектуючых на будучую вясну, адзначыў кіраўнік раёна.
Наступны аб’ект, які наведалі ўдзельнікі нарады, – малочнатаварная ферма Маркава. Пакуль там няма жывёлы, але праведзена падрыхтоўка фермы да стойлавага ўтрымання кароў: адрамантавана абсталяванне, дэзінфіцыраваны і і пабелены памяшканні, тэрыторыя абгароджана. Пабудаваны новы прафілакторый для цялят.
Дарэчы, за год парадак наведзены на большасці вытворчых аб’ектаў прадпрыемстваў АПК. “Больш складаная задача – падтрымліваць такі стан. Часта здараецца так, што вялікімі намаганнямі прыводзім ферму ці мехдвор да ладу, а потым закідваем іх, і паступова ўсё зноў прыходзіць у заняпад. Наведзены парадак трэба падтрымліваць пастаянна”, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая брала ўдзел у пасяджэнні калегіі.
У Амбросавіцкім клубе адбылося падвядзенне вынікаў работы сельскагаспадарчай галіны раёна за 8 месяцаў бягучага года. Адбылася вострая, зацікаўленая гаворка па пытаннях вытворчасці малака, узнаўленні дойнага статку, пакрыцця кароў, лячэння жывёлы, забяспечанасці медыкаментамі і іншых. Выступілі галоўны ветэрынарны ўрач райветстанцыі Іван Галуза, дырэктар райплемстанцыі Алег Казьмін, якія агучылі праблемы па сваіх накірунках дзейнасці. Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу на неабходнасці падрыхтоўкі тэхнікаў-асемянатараў у кожнай гаспадарцы, прыстойнай зарплаты для іх. Як падкрэсліў кіраўнік раёна, ад эфектыўнай і зацікаўленай работы гэтых спецыялістаў залежыць вытворчасць малака і мяса, а значыць, паступленне фінансавых сродкаў у будучым.
Былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў і спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
Наступная калегія ўпраўлення пройдзе ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №77 ад 30.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *