В Шумилино с размахом отметили День сеньоров

Актуалии Общество

Заставацца сэрцам маладымі
Той факт, што ў календары  з’явіўся Дзень пажылых людзей  – яскравае сведчанне павагі, з якой мы ставімся да сталых людзей. Яны заслужылі гэту павагу сваёй працай і адданасцю справе,  дабрынёй і шчырасцю, сваёй актыўнасцю і грамадскай пазіцыяй.  Гэта толькі ў юнацтве здаецца, што заўсёды будзеш поўным сіл і энергіі, што маладосць для цябе вечная. Але гады пралятаюць няўмольна: не паспелі азірнуцца, як сталі бабулямі і дзядулямі, як наступіў пенсійны ўзрост.
Пра гэта гаварылі многія ўдзельнікі мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня пажылых людзей, якое прайшло ў мінулую суботу ў раённым цэнтры культуры. У нашым раёне 2980 грамадзян пажылога ўзросту, прычым 75 з іх перайшлі дзевяностагадовы рубеж. На святочным мерапрыемстве было шмат ветэранаў працы, якія ведаюць жыццё і сёння вучаць маладых мудрасці, дасціпнасці і шчырасці. Яны моцныя духам, іх вопыт і веды запатрабаваныя. Яны патрэбны сваім дзецям, унукам і праўнукам. Гэта падкрэслівалі ў сваіх выступленнях падчас урачыстасцяў старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава. Яны пажадалі ветэранам моцнага здароўя і даўгалецця, дабрабыту ў сем’ях і маладосці ў душы.
Работнікі раённага цэнтра культуры вельмі пастараліся наладзіць для шаноўных ветэранаў цудоўнае свята, стварыць атмасферу дабрыні і цеплыні.  У фае можна было пачаставацца беларускімі прысмакамі  на выставе-прэзентацыі народнага клуба нацыянальнай кухні “Разынка”. Таленты і захапленні ветэранаў былі прадстаўлены на выставе народнай творчасці «Перазвон талентаў»: карціны і вышыўкі, вырабы з паперы і бісеру – яскравае сведчанне таго, што і ў “залатым узросце” можна знайсці сябе, рэалізаваць свае магчымасці. А святочны настрой дапамагала ствараць канцэртная праграма, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры, сярод якіх, дарэчы, таксама нямала ветэранаў.
Падчас канцэрту былі ўзнагароджаны актывісты і прадстаўнікі “залатога ўзросту”. У намінацыі “Здаровы лад  жыцця” падзякі ад раённага выканаўчага камітэта атрымалі А. В. Пруднікаў з Крывога Сяла, А. М. Штокін з Обалі, Г. К. Шынкевіч, В. С. Касінскі і Н. І. Маскалькова з Шуміліна.
Былі адзначаны “Залатыя рукі залатога ўзросту” – Н. У. Рублеўская з а.-г. Кардон, А. Л. Казлоўская з Шуміліна, З. М. Вайцянкова з Добрына, Н. А. Сямёнава з а.-г. Светласельскі, В. М. Навуменка з Обалі.
За  “Актыўную жыццёвую пазіцыю” падзяку каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый  атрымалі старэйшына а.-г. Крывое Сяло Р. А. Байкова, старэйшына в. Масцішча Г. І. Палынская, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ЦРБ Р. Д. Каўгунова, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі РВЭС В. І. Афанасьеў; старэйшына а.-г. Кардон Л. К. Барысевіч.
Былі адзначаны лепшыя “Гаспадары сядзібы” сярод ветэранаў раёна –  В. Д.  Гаранская з Крывога Сяла, В. В. і В. П. Галузы з Мікіціхі, Н. В. і П. С. Гвоздзевы з Мішневіч, Н. П. і А. Ф. Маскальковы з а.-г. Светласельскі, А. І і А. І. Козік з Мікалаева.
У намінацыі “Добраўпарадкаванне”: М. Я. Якаўлева з Шуміліна, Г. М. Зіміна і А. М. Скальзаеў з а.-г. Светласельскі, Н. В. Казлова з Глушыцы, І. М. Уробушкіна з Пабеды, Т. С. Федчанка з Обалі атрымалі падзякі ад раённага савета ветэранаў.
Усе ўзнагароджаныя атрымалі памятныя сувеніры ад раённага савета ветэранаў. Таксама Кацярына Палоўнікава ўручыла дыпломы раённага савета ветэранаў за актыўны ўдзел у ветэранскім руху  С. А. Сталяровай і В. М. Касцюк, за работу па ўвекавечанні памяці загінуўшых воінаў – Т. П. Карніловіч, памятныя падарункі атрымалі старшыня раённай арганізацыі ваенных маракоў Анатоль Бычкоў, былыя малалетнія вязні Марыя Кавалёва  і Антон Цынгель.
*  *  *
Пасля святочнага канцэрта на летняй танцпляцоўцы  ладзілася танцавальна-забаўляльная праграма “Рэтра-вечарынка”. Духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў граў знаёмыя мелодыі 70-х гадоў. Пажылыя людзі вальсіравалі пад любімыя мелодыі, весяліліся ад душы. Забыўшыся пра свае клопаты, яны зноў адчулі сябе маладымі, як у далёкія 60-70-ыя гады, калі вечарамі ў выхадныя бегалі на гэтую танцпляцоўку, дзе граў вакальна-інструментальны ансамбль.
*  *  *
З нагоды Дня пажылых людзей упершыню ў раёне былі праведзены спартыўныя спаборніцтвы сярод ветэранаў. Мерапрыемства правялі работнікі фізкультурна-спартыўнага клуба “Здароўе”. У спартыўнай зале сабралася дваццаць чалавек. Спаборніцтвы па тэнісу, бадмінтоне, дартсу, шахматах і шашках – гэта не толькі нагода паказаць сябе, успомніць маладосць, але і нагода сустрэцца з сябрамі.
Як і на кожным спаборніцтве, былі вызначаны пераможцы. У бадмінтоне лепшымі былі Анатоль Бычкоў і Ларыса  Дземідовіч, у тэнісе – Паліна Лазукова і Павел Багданаў, у дартсы – Лілія Барадзёнак. У шахматах перамог Аляксей Ігольнікаў, у шашках – Сяргей Контараў. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі ФСК “Здароўе” і каштоўнымі прызамі ад раённага савета ветэранаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *