Доска почёта Шумилинского района: Шумилинская детская школа искусств

Актуалии

У храме мастацтваў


Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў сёлета занесена на раённую Дошку гонару.

У 1961 годзе (рашэнне райвыканкама было прынята ў 1959 годзе, і два гады шукалі настаўніка) у Шуміліне пачала працаваць музычная школа. Для невялікага гарадка гэта была вялікая падзея. Школа адразу стала храмам музыкі, і трапіць у гэты храм было запаветнай марай многіх дзяцей мястэчка. А для дзетак з аддаленых ад райцэнтра вёсак такая мара была проста недасягальнай.

Кожны настаўнік – талент, велічыня

Дырэктар школы Галіна Мацвяйчук расказвае, што яшчэ на пачатку яе дырэктарскай дзейнасці (а было гэта роўна 30 год таму) у школе працавала адно аддзяленне – інструментальнае, і школа магла прыняць толькі крыху больш за сотню вучняў.
Сёння атрымаць музычныя веды, навучыцца адчуваць і разумець свет мастацтваў можна не толькі ў Шуміліне і Обалі, дзе створаны школы мастацтваў. Філіялы Шумілінскай ДШМ працуюць у Мікіцісе, Слабадзе, Лескавічах, Башнях, Амбросавічах, Мішневічах. Пяць аддзяленняў – інструментальнае, харавое, мастацкае, харэаграфічнае, эстраднае – аб’ядналі 362 юных спевакоў і танцораў, мастакоў і інструменталістаў. У школе працуюць народны духавы аркестр, народны аркестр народных інструментаў, узорны хор, узорны баянны аркестр, узорны духавы аркестр, ансамбль барабаншчыц.
Пераступіце парог школы, прыслухайцеся, тут усё напоўнена гукамі: спачатку ціха, а потым упэўнена заяўляюць пра сябе баян і акардэон, чутны голас домры і скрыпкі, меладычнага фартэпіяна, звонка гучаць цымбалы, акордаў дадае гітара, а потым уключаюцца духавыя – флейта, саксафон, труба, альт-барытон… Гучыць высокае сапрана спевака, шматгалоссе хору, рытмічная музыка ў зале харэаграфіі. У кожным класе – кваліфікаваны спецыяліст, кожны з іх – велічыня, талент, аўтарытэт для сваіх вучняў. У кожнага за плячыма музычная школа, музычнае вучылішча, у многіх – універсітэты. Хтосьці вучыцца і сёння. На мінулым тыдні, калі рабіўся агульны здымак калектыву, восем выкладчыкаў былі на сесіі.
Галіна Генадзьеўна падкрэслівае, што аўтарытэт і высокі рэйтынг школы мастацтваў на раённым і абласным узроўнях мацуецца працай кожнага з 42 педагогаў, іх верай у сваіх вучняў, іх натхненнем, іх нястомным служэннем культуры.

Усё залежыць ад асобы педагога

Намеснік дырэктара Шумілінскай  дзіцячай школы мастацтваў Алена Ананіч абсалютна пераканана, што ўсё залежыць ад асобы педагога, ад яго валодання прадметам, умення зацікавіць і захапіць вучня, ад жадання і ўмення ісці ў нагу з часам.

І менавіта такія настаўнікі працуюць у Шуміліне. У школе распрацавана цэлая методыка, як зацікавіць дзяцей, як у маленькім чалавеку ўбачыць божую іскарку.  На гэта нацэлены і канцэрты ў дзіцячых садах, дзе выступаюць вучні малодшых класаў розных аддзяленняў, былыя выпускнікі сада. Спрыяе і сама атмасфера, створаная ў школе мастацтваў, і тое, што на першых кроках вучняў стараюцца толькі хваліць, не шкадаваць добрых адзнак і ўхвальных слоў. Вопыт гэтай работы Алена Пятроўна абагульніла ў сваёй навуковай рабоце, падрыхтаванай для інстытута культуры.
І яшчэ. Тут не лічаць за цяжкасць падбіраць для кожнага індывідуальную праграму, рыхтаваць дзяцей да бясконцых канцэртаў і конкурсаў, прывучаць трымацца на сцэне, выступаць сольна і ў калектыве.
І такая работа не можа не прынесці плён. Пра гэта сведчаць шматлікія перамогі вучняў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў у абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах.

І для гэтага ёсць сродкі – 7 нот

Ларыса Маслянінава, кіраўнік баяннага аддзялення, упэўнена, што проста навучыць дзяцей іграць на тым ці іншым інструменце недастаткова.

Задача ў большым: навучыць дзіця адчуваць і ствараць вобраз, характар, які закладзены кампазітарам. І для гэтага ёсць сродкі – 7 нот. Яны, як літары пры чытанні, дапамагаюць зразумець думкі аўтара, адчуць яго настрой, убачыць тыя вобразы, якія жывуць у творы. Ларыса Мікалаеўна робіць такія высновы з пазіцыі свайго багатага вопыту работы – вось ужо 40 верасняў яна сустракае сваіх вучняў, адкрывае для іх цудоўны і неабсяжны свет музыкі. Настаўніца, праўда, сумуе, што сённяшні час больш спрыяе назапашванню матэрыяльных даброт, а не духоўных, што зараз дзеці часцей просяць купіць новы мабільнік, чым баян ці гітару, што сёння ў музычнае вучылішча няма конкурсу па 10-12 чалавек на месца, як было пры яе паступленні. Тым не менш настаўніца ўпэўнена, што сіла музыкі, мастацтва, прыгожага пераадолее такую закасцянеласць свядомасці і знойдзе шлях да юных душ.

Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №79 ад 07.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *