Шумілінскі вакзал

Актуалии Край шумілінскі

Шумілінскі вакзал

17 (5) кастрычніка 1866 года міністр шляхоў зносін Расійскай імперыі Павел Мельнікаў адправіў імператару Аляксандру II тэлеграму: “…Маю шчасце данесці Вашай Імператарскай Вялікасці, што гэтага чысла па здзяйсненні малебна ў 9 гадзін 30 хвілін раніцы адкрыты рух ад Полацка да Віцебска…”.

Чыгункі, напэўна, сталі першай галіной, у якой пачалося масавае тыповае будаўніцтва. Гэта паскарала будаўніцтва, рабіла яго больш танным. Па індывідуальных праектах узводзіліся толькі вакзалы 1-га класа  ў губернскіх гарадах і на буйных вузлавых станцыях.
На астатніх станцыях будаўніцтва вялося па тыповых праектах: будынкі вакзалаў, чыгуначных майстэрняў, складоў, жылых дамоў для чыгуначнікаў. Вось і для Дынабургска-Віцебскай чыгункі былі распрацаваны праекты вакзалаў 2-га і 3-га класаў, адпаведных вытворчых збудаванняў.
У комплекс станцыі Сіроціна ўваходзіў будынак вакзала 2-га класа, воданапорная вежа, пакгаўз, чыгуначныя майстэрні. У вёсцы Крупчына была пабудавана паравая помпавая станцыя, якая падавала ваду для паравозаў з Крупчанскага возера ў воданапорную вежу. На станцыі былі пабудаваны жылыя дамы для персаналу і Свята-Мікалаеўская царква. На жаль, да нашага часу не захаваліся царква і майстэрні, зусім нядаўна была разабрана воданапорная вежа.
У тыпавым двухпавярховым будынку вакзала на першым паверсе размяшчаліся памяшканні для пасажыраў (залы чакання I, II і III класаў, буфет, туалетны пакой для дам) і адміністрацыі станцыі (для начальніка станцыі, памочніка начальніка, тэлеграф, білетныя касы). На другім паверсе былі кватэры начальніка станцыі, ягонага памочніка, іншых работнікаў.
Дарэчы, падобныя вакзалы захаваліся на станцыях Верхнядзвінск, Наўене (Латвія). Такія ж былі ў Полацку і Обалі (?, маецца праектны чарцёж будынка вакзала 3-га класа), але яны былі разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вакзалы былі месцам чаканняў, сустрэч і развітанняў, з іх адпраўляліся ў далёкія падарожжы і ў новы жыццёвы шлях. З вакзаламі звязана безліч гісторый: вялікіх і малых, трагічных і радасных, асабістых і грамадскіх. Вакзалы – сведкі гісторыі горада і краіны. І гісторыя нашага шумілінскага вакзала таму яркае пацвярджэнне.
Свой юбілей вакзал станцыі Шуміліна сустракае ў абноўленым выглядзе: прыгожыя фасады, новы дах, адрамантаваныя ўнутраныя памяшканні. Чыгунка развіваецца, з ёй будзе жыць і вакзал, а значыць, наперадзе новыя юбілеі.

«Браты» шумілінскага вакзала ў Наўене (Латвія) і Верхнядзвінску.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *