В Шумилино на районной спартакиаде работников сельхозпредприятий сражались 8 команд

Актуалии Новости Спорт, туризм

Перамагла каманда ўпраўлення

У суботу, 25 лістапада, у райцэнтры прайшла традыцыйная раённая спартакіяда  сярод работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. За перамогу змагаліся 9 каманд (8 каманд сельгаспрадпрыемстваў раёна і каманда райсельгасхарчу).

На ўрачыстым адкрыцці спартакіяды прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў. Спартыўных і працоўных перамог, бескампраміснай барацьбы пажадаў удзельнікам мерапрыемства начальнік райсельгасхарчу Віталь Коваль.
Адкрывалі спартыўную праграму спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі. У многіх камандах на стральбу выйшлі кіраўнікі прадпрыемстваў, дарэчы, яны паказалі вельмі годныя вынікі. У камандным заліку на першае месца “настралялі” “Ляжні”.
Было што паглядзець на  спаборніцтвах па настольным тэнісе. Сабраўся добры склад удзельнікаў, як вынік – цікавыя і непрадказальныя гульні. Перамогу святкавалі аматары “малой ракеткі” з “Прыазёрнага міру”.
Спаборніцтвы па шашках падарылі вострую барацьбу. Кожны з шашыстаў жадаў унесці ў камандную скарбонку як мага больш заліковых ачкоў. Лепшы вынік прадэманстравала каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Хапіла інтрыгі і на лёгкаатлетычнай эстафеце. У ёй самы хуткі час паказалі спартсмены з “Сіроцінскага”.

Пасля чатырох відаў спорту шэсць каманд – “Райаграсэрвіс”, “Сіроцінскі”, “Прыазёрны мір”, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, “АграБаравінка”  і “Прыдзвінскі” – прэтэндавалі на перамогу ў спартакіядзе.

Так што апошнія два віды – валейбол і канат – павінны былі расставіць усе кропкі над «і».
У няпростай барацьбе перамогу вырвалі валейбалісты “Райаграсэрвісу”, якія ў фінальнай сустрэчы былі мацней за каманду райсельгасхарчу. Затое ў спаборніцтвах па перацягванні каната перамагла каманда ўпраўлення.
Па выніках спартакіяды першае месца заваявала каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. “Прыазёрны мір” і “Сіроцінскі” набралі аднолькавую колькасць ачкоў, і толькі па дадатковых паказчыках другое месца дасталася “Прыазёрнаму міру”, трэцяе – “Сіроцінскаму”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №92 ад 28.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *