И вновь в Шумилино турнир. Волейбольное дело Анатолия Завадского продолжается

Новости Спорт, туризм

Асалода для спартыўных гурманаў

У мінулую суботу ў ДзЮСШ прайшоў валейбольны турнір сярод мужчынскіх каманд, прысвечаны памяці  Анатоля  Завадскага.

За перамогу змагаліся тры шумілінскія (“Шуміліна-1”, “Шуміліна-2” і “Шуміліна-3”) і тры віцебскія (“Марка-ВДТУ”, “ВДВ-103 асобная мабільная брыгада” і “Зубр”) каманды.  На турніры прысутнічалі жонка, сын, унук і брат А. Я. Завадскага.
Многа цёплых слоў гучала пра трэнера Анатоля Завадскага, які даў пуцёўку не толькі ў спорт, а і ў дарослае жыццё не аднаму пакаленню спартсменаў-шумілінцаў. Менавіта Анатоль Яўгенавіч узняў шумілінскі валейбол да тых вяршынь, калі як у Беларусі, так і на тэрыторыі былога Саюза ведалі пра валейбалістаў з Шуміліна.
Сёння валейбольная справа А. Я. Завадскага годна працягваецца. Працягваецца ў тым ліку і дзякуючы маральнай і фінансавай  падтрымцы былых выхаванцаў трэнера. Дырэктар ДзЮСШ А. В. Асташонак уручыў падзячныя лісты  самым актыўным спонсарам.
Годнай і прыгожай барацьбы пажадаў удзельнікам спаборніцтваў Міхаіл Яўгенавіч Завадскі, брат Анатоля Яўгенавіча.
Можна з упэўненасцю сказаць: турнір удаўся. Кожная валейбольная сустрэча – сапраўдная асалода для валейбольных гурманаў. Каскад падач і прыёмаў, доўгія і цікавыя розыгрышы камбінацый і ўпартая бескампрамісная барацьба. Што яшчэ трэба валейбольнаму заўзятару?
Шумілінскія каманды паказалі годную гульню, у кожнай з трох каманд быў свой гульнявы почырк і  прага да перамогі. За “Шуміліна-3” выступалі ўчарашнія выпускнікі ДзЮСШ, узмоцненыя Аляксеем Аляшкевічам. Цяжкавата ім прыйшлося змагацца супраць дарослых каманд, у іх няма яшчэ вопыту і практыкі супрацьстаяння з дарослымі. Перамогі гэтай каманды  яшчэ наперадзе.
“Шуміліна-1” выводзіў на пляцоўку капітан каманды Сяргей Абраменка. Дакладныя рухі, цудоўнае бачанне пляцоўкі стала казырнымі картамі гэтай каманды. У нейкі момант падалося, што яны за кошт свайго вопыту могуць выйграць турнір, але ж удача ад іх адвярнулася.
У каманду “Шуміліна-2” капітан Дзмітрый Суханаў сабраў шумілінскіх валейбалістаў «залатога» валейбольнага ўзросту. Каманду ўзмацнілі два прафесійныя ігракі – Арцём Масько з віцебскага “Марка” і Пётр Лазука з барысаўскага БАТЭ. Толькі ўхвальных слоў заслужыла гэта каманда, праўда, у рашаючых момантах ім не ставала сыгранасці.
Перамогу на турніры святкавалі віцябляне – “ВДВ-103 асобная мабільная брыгада”, другое месца ў  віцебскага “Марка-ВДТУ”,  трэцяе – у “Шуміліна-2”. Лепшым іграком турніру стаў Пётр Лазука.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №81 ад 14.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *