«Несуны». Репортаж из зала суда.

Происшествия

Можа, паспрабаваць не красці?
Красці нельга. Нават калі дрэнна ляжыць, нават калі ніхто не бачыць, нават калі ніхто ніколі пра гэта не даведаецца. Не з-за страху пакарання, а з-за ўсведамлення лагічнасці ўладкавання жыцця. Ды і не пасыцееш ад яго, кажуць, ад крадзенага. І гэта ўжо не алегорыя, а канкрэтны факт біяграфіі для тых дзвюх жанчын, адміністрацыйныя справы ў адносінах да якіх былі разгледжаны старшынёй суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкай 13 кастрычніка ў сценах РАУС.
Праўда, тыя паўтара-два кілаграмы кураціны, якія жанчыны спрабавалі вынесці праз прахадную Вітконпрадукта, наўрад ці нейкім істотным чынам паўплывалі б на харчовую бяспеку іх сем’яў. Ды і прадукцыю ў лік зарплаты ў фірменным магазіне прадпрыемства можна ўзяць у любы момант. Так што самы высакародны ў гэтым выпадку матыў – голад – адпадае сам сабой.
Учынак свой жанчыны патлумачылі незамыславата: д’ябал паблытаў. Такія цесныя “ўзаемаадносіны” з нячысцікам каштавалі кабетам у 315 рублёў штрафу кожнай, і можна не сумнявацца, пра месца працы ім таксама прыйдзецца толькі ўспамінаць. На Вітконпрадукце зараз не даруюць такога нахабства, там хочуць мець справу толькі з сумленнымі, чыстымі на руку работнікамі. Ды і курацінкі пакаштаваць жанчынам таксама не прыйшлося.
Суддзя заўважыла, што сёння знайсці работу са стабільнай зарплатай у раёне не вельмі проста, з гэтага пункту гледжання ўчынак жанчын выглядае асабліва нелагічна. У сваю чаргу яны паабяцалі суддзі больш ніколі не красці.
Варта заўважыць, што красці па дробязі апошнім часам сталі часцей. Толькі за гэты год, расказала Алена Аляксееўна, было разгледжана больш за 20 адміністрацыйных спраў. У асноўным гэта дробныя крадзяжы з магазінаў. Успамінаецца, як абураўся адзін “кліент” на чарговым пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку: “Мне ж ніколі нічога вынесці так і не ўдалося – заўжды лавілі, а штрафы плаціць прыходзіцца”. Сапраўды, як тут не абурацца? А можа, паспрабаваць не красці?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №82 ад 18.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *