В 16 в армию хотят все, а вот в 18…

Общество

У 16 у армію хочуць усе,  а вось у 18…
– Доўг дзяржаве аддаваць усё ж трэба!
– А хіба я нешта ў яе пазычаў?
Раз ад разу дыялогі такога кшталту ў ваенкамаце здараюцца. Хлопцаў, якія б мелі ўсвядомленае жаданне служыць у арміі, становіцца ўсё менш. Многія ўспрымаюць гэты абавязак са стомленай асуджанасцю, маўляў, куды дзявацца.
Праўда, такая сітуацыя актуальная, калі гаворка ідзе пра мерапрыемствы прызыву. А пачынаецца ж працэдура намнога раней. Канечне, не ў той момант, калі дзеці разумеюць, што нарадзіліся хлопчыкамі, а ў 16 год, калі для іх пачынаюцца мерапрыемствы прыпіскі да прызыўнога ўчастка.
Дык вось, як заўважыла вядучы спецыяліст адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыяту Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Галіна Бержаніна, у 16 год ісці ў армію хочуць усе, і служыць хочуць, у тым ліку ў элітных вайсках. “Што з імі адбываецца за наступныя два гады, – здзіўляецца Галіна, – невядома”.
“Як толькі юнаку спаўняецца 16 год, ён павінен стаць на воінскі ўлік, – тлумачыць начальнік адасобленай групы Андрэй Собін. – Нядаўна скончыліся мерапрыемствы прыпіскі для юнакоў, якія нарадзі-ліся ў 2000 годзе, і пачалася наступная кампанія, па якую падпадаюць хлопцы 2001 года нараджэння”. Гэта кампанія доўжыцца цэлы год, але ўжо да красавіка асноўная маса будучых прызыўнікоў будзе прыпісана. І самы адказны момант тут – праходжанне медыцынскай камісіі.
У ваенкамаце заўважылі, што раённыя медыкі вельмі сур’ёзна падыходзяць да гэтай працэдуры: фармалізму, абыякавасці ў гэтай важнай справе няма. “Прызыўнік, праходзячы медкамісію, 3-4 разы можа з’ездзіць толькі ў  дыягнастычны цэнтр, пакуль доктар не ўпэўніцца, што хлопец здаровы”, – гаворыць Галіна Бержаніна. Сёння хлопцы часцей пакутуюць на слабае сэрца, дрэнны зрок, скаліёз і нават варыкоз. А вось “класічная” плоскаступнёвасць хвалюе сёння мала, у тым сэнсе, што з гэтай “непрыемнасцю” ў армію ўжо бяруць.
Пацвердзіў сур’ёзны падыход да працэдуры і галоўны ўрач раёна Канстанцін Баканаў. Усе зацікаўлены ў тым, каб кожны юнак быў абследаваны дасканала. “Цяпер падыходы больш строгія, – расказаў Канстанцін Фёдаравіч, – хлопцам робяць ультрагукавыя абследаванні многіх органаў, у тым ліку і сэрца, яны адпраўляюцца на дыягностыку ў абласныя клінікі”.  Сапраўды, выявіўшы нелады са здароўем у 16 год, у хлопцаў ёсць яшчэ цэлыя два гады, каб выправіць сітуацыю і ўмацаваць сваёй прысутнасцю рады беларускіх войскаў. Галіна прывяла такі прыклад, што пры прыпісцы, скажам, стаматолаг не прызнае хлопца годным да арміі ў мірны час (НГМ). Але ж за два гады ён можа прывесці свае зубы ў парадак. Зубкі будуць роўныя, здаровыя, і хлопец пойдзе служыць з прыгожай усмешкай.
Калі ж выяўленыя ў час прыпіскі хваробы не лячыць, то, вядома, і ў армію па здароўі могуць не ўзяць. Але калі такія выпадкі і сустракаюцца, то вельмі рэдка.
Пра тое, што медагляд прызыў-нікоў праходзіць на высокім узроўні, сведчыць і той факт, што з абласнога зборнага пункта, дзе хлопцы праходзяць канчатковы агляд, па прычыне неадпаведнага здароўя амаль ніхто не вяртаецца. Калі на гэтым этапе некага і “развернуць”, то толькі ў сувязі з укамплектаваннем каманды, патлумачыў А. М. Собін.
У ходзе мерапрыемстваў прыпіскі, якая ўжо завяршылася,  амаль 100 хлопцаў былі прыпісаны да прызыўнога ўчастка Шумілінскага раёна і атрымалі пасведчанні прызыўнікоў. Дарэчы, калі юнакі ігнаруюць мерапрыемствы прыпіскі, то яны аб’яўляюцца ў вышук. Усё сур’ёзна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №82 ад 18.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *