В Шумилинском районе проходят учения по чрезвычайным ситуациям и гражданской обороне

Актуалии Безопасность Общество

Праверыць гатоўнасць усіх службаў
З 19 па 21 кастрычніка ў нашым раёне праходзяць комплексныя вучэнні па абароне насельніцтва і тэрыторыі раёна ад надзвычайных сітуацый рознага характару, а таксама па выкананні мерапрыемстваў грамадзянскай абароны.
Пачаліся вучэнні раніцай 19 красавіка са збору кіруючага складу раёна на чале са старшынёй раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях намеснікам старшыні райвыканкама А. П. Быкавым. Кіраўнік вучэнняў, першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога упраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Д. В. Панцюхоў, падкрэсліў, што асноўная мэта вучэнняў – праверыць гатоўнасць раённых службаў да работы ў надзвычайных сітуацыях. Жыццё паказвае, што трэба быць гатовым да ліквідацыі тэхнагенных катастроф, наступстваў стыхіі. Трэба ў складаных умовах абараніць насельніцтва раёна, арганізаваць жыццядзейнасць людзей у любых умовах.
У 9.30 паступае першая ўводная: “Па інфармацыі метэаслужбы чакаецца ўзмацненне ветру да 25-35 м/с”. Гэтае папярэджанне служыць сігналам для прывядзення ўсіх службаў у рэжым павышанай гатоўнасці.
Асноўнай пляцоўкай для адпрацоўкі дзейнасці раённых службаў у першы дзень вучэнняў стала былое бульбасховішча ААТ “Прыазёрны мір” у вёсцы Непароты. Па сцэнарыю вучэнняў будынак часткова разбурыўся, у ім засталіся людзі. Праз некалькі мінут пасля паступлення сігналу на месца здарэння пачалі прыбываць усе арганізацыі, якія неабходны для ліквідацыі наступстваў здарэння. Сітуацыя ўскладнілася наяўнасцю (умоўна) крыніцы радыеактыўнага забруджвання.
Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях разгарнулі палявы штаб, кіраўнікі ўсіх службаў дакладвалі А. П. Быкаву, начальніку РАНС А. І. Сасновічу пра праведзеныя дзеянні.
Першымі прыбылі энергетыкі, якія адключылі будынак ад электрасілкавання. Супрацоўнікі РАНС правялі абследаванне сховішча, выявілі месцы знаходжання пацярпеўшых, выявілі і абгарадзілі крыніцу радыяцыі. Па сцэнарыю некалькі пацярпеўшых (іх ролю выконвалі манекены) знаходзяцца пад заваламі.
Тым часам на месца здарэння прыбываюць аўтамабілі аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь” з Віцебска, медыкі, будаўнікі з тэхнікай, неабходнай для разбору завалаў, райспажыўтаварыства разгортвае палявую кухню.
“Віцязь” устанаўлівае медыцынскую палатку, медыкі прыступаюць да аказання неабходнай дапамогі пацярпеўшым. Задача медыкаў і выратавальнікаў ускладняецца тым, што кожны пацярпеўшы мае свае асаблівасці пашкоджанняў, і трэба праводзіць выратавальныя дзеянні ў адпаведнасці з дыягназам. Перад брыгадамі “хуткай дапамогі” няпростая задача – вызначыць парадак і спосаб транспарціроўкі пацярпеўшых ў бальніцу.
Складанае заданне дасталася супрацоўнікам “Віцязя”, якія адначасова з ліквідацыяй радыеактыўнай крыніцы прыступілі да выратавання пацярпеўшага, які знаходзіцца ў ізаляваным памяшканні. Праз дах, у якім з дапамогай моцнага інструменту робіцца адтуліна, у памяшканне спускаюцца выратавальнікі, вызваляюць пацярпеўшага з-пад завалу і аказваюць першую медыцынскую дапамогу. З дапамогай спецыяльных прыстасаванняў выцягваюць яго наверх, спускаюць з даху на насілках і дастаўляюць да медыкаў.
Шумілінскія выратавальнікі тым часам актыўна шукаюць у развалінах іншых ахвяр здарэння і вызваляюць іх з-пад завалаў. Будаўнікі з дапамогай крана прыступаюць да разбору разбуранага даху, абразаюць і складваюць пліты перакрыццяў на трал. Трэба сказаць, што работа не такая простая і ў звычайных умовах, а калі ведаеш, што гэта экзамен, які трэба здаць аператыўна і якасна… Тым больш, што за дзеяннямі ўсіх службаў уважліва назіраюць пасрэднікі і кіраўніцтва вучэнняў.
Гэта толькі збоку здаецца, што дарослыя людзі гуляюць у нейкую гульню. Але менавіта так адпрацоўваюцца дзеянні ў рэальных умовах, адпрацоўваюцца дзеля таго, каб потым не разгубіцца ў сапраўднай пазаштатнай сітуацыі.
За тры дні вучэнняў усе раённыя службы пройдуць выпрабаванні ў розных рэжымах дзеяння, у самых розных сітуацыях.
Вынікі вучэнняў з разборам дзеянняў кожнай арганізацыі, кожнай службовай асобы пройдуць сёння напрыканцы працоўнага дня. У наступным нумары газеты мы надрукуем рэпартаж пра ход вучэнняў і іх вынікі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
надрукавана ў №83 ад 21.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *