Он сам просился в ЛТП

Безопасность Происшествия

Такі сцэнарый
Калі нехта думае, што для камфортнага жыцця чалавеку патрэбны нейкія пэўныя ўмовы, то памыляецца. Умовы, вядома, патрэбны, але гэта не пра фіранкі на акне, чыстую пасцель і яешню з беконам на сняданак. Бывае, што іншаму для шчасця не хапае несвабоды. Яму прасцей, калі нехта вырашае, як яму жыць, калі ўставаць і класціся, што есці, дзе працаваць.
Нядаўна судом Шумілінскага раёна пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай з удзелам памочніка пракурора Наталлі Гаўрылюк была разгледжана справа па накіраванні грамадзяніна ў лячэбны працоўны прафілакторый. Для таго, каб атрымаць такую пуцёўку, чалавеку дастаткова тры разы быць папярэджаным аб магчымасці накіравання ў ЛПП, і пасля гэтага зноў здзейсніць адміністрацыйнае правапарушэнне ў стане алкагольнага ап’янення. Гэты герой менш як за год меў ажно сем такіх спраў і прызнаўся, што сам хоча ў ЛПП. Ён там быў ужо не адзін раз, ён умее сумленна працаваць, яму давяраюць адказныя заданні, на яго аўтарытэт там абапіраюцца. А ў Шуміліне, дзе на кожным кроку “сябры”, якія прапануюць выпіць, дзе няма пастаяннай працы, сям’і, яму некамфортна. Не хапае характару ці яшчэ нечага для таго, каб наладзіць жыццё так, каб яно ўпісвалася ў агульнапрынятыя нормы, і каб гэта адпавядала яго ўласным уяўленням пра жыццё, каб самому было добра.
Грамадзяніну было прысуджана 12 месяцаў “аздараўлення” ў ЛПП. Хочацца верыць, што ўжо немалады чалавек раптам усвядоміць, што ў яго ёсць усе магчымасці жыць прыстойна. Ён здаровы і працавіты, ён пакідае ўражанне сур’ёзнага чалавека (калі цвярозы), ён нават можа яшчэ стварыць сям’ю. Галоўнае – адрэдагаваць сцэнарый жыцця, а гэта вельмі проста – ён жа сам яго аўтар.

Дзень нараджэння адзначыў у камеры
Калі апісаная раней сітуацыя не пакінула нейкага прыкрага адчування, то наступная справа, разгледжаная А. А. Сініцкай у гэты ж дзень, не дала асаблівых спадзяванняў на тое, што грамадзянін яшчэ зможа прынесці сваім існаваннем хаця б нейкую карысць блізкім, грамадству, ды і самому сабе.
Грамадзяніна нядаўна камісавалі з ЛПП па стане здароўя. Такая сур’ёзная хвароба, як туберкулёз, не прымусіла яго перагледзець свой лад жыцця. Піць, нідзе не працаваць, крыўдзіць блізкіх – асноўныя складальнікі існавання гэтага чалавека, што ў поўнай меры перадае і яго знешняе аблічча.
У дадзеным канкрэтным выпадку грамадзянін быў п’яны з уважлівай, на яго погляд, прычыны – адзначаў дзень нараджэння. Але свята фінішавала ў міліцэйскай камеры. Як заўжды ў гэтым стане, ён стаў сварыцца з бацькамі, кідаўся ў бойку, зневажаў старых. Маці запужана ўжо ў такой ступені, што проста баіцца з’яўлення сына на парозе.
Па гэтай адміністрацыйнай справе дэбашыру прыйдзецца заплаціць штраф у 84 рублі. Калі такое паўторыцца, то яго чакае арышт, папярэдзіла суд-дзя.
Як бы ні паводзіў сябе чалавек, якую б дарогу жыцця ні абраў, лёс час ад часу абавязкова дае яму шанс паспрабаваць нанова, змяніць маршрут. Толькі ў гэты момант абавязкова трэба быць цвярозым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *