Почему для одних полученное жильё становится родным домом, а для других остаётся местом проживания

Общество

Клопаты як стыль жыцця
Праехаў нядаўна па вуліцы Усходняй, што ў аграгарадку Светласельскі, і адразу рука пацягнулася да пяра: хацелася на кантрасце паказаць стыль жыцця тых, хто засяліў пачатак вуліцы — два ці тры дамы па правы бок, і клопаты суседа, па той жа бок вуліцы, дом у якога вылучаецца не размахам, не шыкоўнымі памерамі — а найперш дагледжаным падворкам, парадкам і наогул усім, што адразу характарызуе чалавека як гаспадара.
Але сустрэцца трапілася адно з гаспадаром прыгожай сядзібы, Алегам Мартынчуком, нядбайнікаў-суседзяў  на той час дома не заспеў. Ды і падумалася: што яны скажуць у апраўданне, на што будуць спасылацца? На тое, што дамы на балансе Шумілінскага райаграсэрвіса, што яны каштуюць такую капейку, што не выцягнеш і за сорак гадоў. Больш таго, невядома, як складзецца жыццё — можа, аграсэрвіс — не апошняе месца работы…
А. В. Мартынчук, з кім давялося пагутарыць, такія думкі-сумненні адкідвае прэч. Ён наогул і не думае пра гэта, у яго іншыя клопаты — як зрабіць сваю сядзібу ўтульнай, прыгожай, каб цешыла яна вока і душу і сабе, і прахожаму.
— Жонка ў мяне вядучы бухгалтар у райаграсэрвісе, — расказвае Алег. — Пачынаў і я там, але неўзабаве перайшоў у ПМК-70. Пераязджаць мы нікуды не збіраемся, адсюль і настрой…
Шосты год, як засялілі дом па вуліцы Усходняй Мартынчукі. Алег адразу ж, як перавезлі сюды пажыткі, узяўся  ладзіць сядзібу. Выязджаў па рабоце на раён і калі бачыў што арыгінальнае, забіраў, чараваў дома, даводзіў да “кандыцыі”. Так нарадзіліся невялікія колы, якімі аздобіў гаспадар вароты, іншыя дызайнерскія элементы. Тут жа Наташа на правах гаспадыні разбівала клумбы, садзіла кветкі…
Мы на падворку. Бачу — глыбокія трэшчыны на будыніне, выкладзенай з сілікатных блокаў. Алег перахоплівае мой дапытлівы позірк.
— Збіраюся разбураць. Вось так пабудавалі хлеў майстры з Наваполацка…
І тут жа не можа ўстрымацца, каб не падзяліцца планамі. Але спачатку вядзе да прыгожай альтанкі. Гэта туалет (калі шчыра — не чакаў). Побач з гаражамі будзе лазня — як без яе? Пры доме чакаецца цёплая веранда, цокаль ужо выведзены. Просіцца вальер для сабакі, звязаны ніжнія вянцы і пад дах для дрывотні, трэба пафарбаваць і агароджы, і, хутчэй за ўсё, дах хаты. А тут, а там, — расказвае, не скупіцца Алег, дзеліцца сваімі марамі.
— Адкуль жа чэрпаеце дызайнерскія рашэнні?
— А мы разам з жонкай, Наташай… Яна падказвае, а я затым ламаю галаву, як рэалізаваць тое, што яна задумала. Ды і ў мяне самога задум шмат…
Дом каштуе 164 мільёны рублёў. Дом — пакуль што не іхняя ўласнасць, але прыйдзе, відаць, той час, калі гаспадары аформяць дагавор на крэдытаванне напрамую з банкам. Наталля Мартынчук падавала дырэктару райаграсэрвісу заяву з такой просьбай, але пакуль што ёй адмовілі. Чаму, не ведае. Можа, вінавата ва ўсім “махровая” закрэдытаванасць прадпрыемства. Тым не менш надзея  не губляецца, яна заўсёды жыве ў сям’і Алега і Наталлі Мартынчукоў.
Не хочацца верыць, што на корані гэтая надзея (надзея на парадак) знішчана ў тых дамах, вакол якіх не капала даўно рыдлёўка, не падпраўляла рука гаспадара пахілую агароджу, дзе замест клумбы ці градкі для агуркоў ці памідораў расце дзікая трава…
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *