Оглянуться назад Леонида Погорельского попросил юбилей

Актуалии Людзі і лёсы

“Чалавека трэба паважаць”

Леанід Вячаслававіч Пагарэльскі свой працоўны шлях пачаў у 1962 годзе электраманцёрам у калгасе імя Кутузава на Сенненшчыне. Маладога работніка заўважылі, прынялі ў партыю, накіравалі ў Магілёўскую савецка-партыйную школу. “Гэта навучальная ўстанова поўнасцю змяніла маё жыццё, – упэўнена сцвярджае Леанід Вячаслававіч. – У савецка-партыйнай школе былі вельмі моцныя выкладчыкі, якія рыхтавалі кадры менавіта для практычнай работы. Я атрымаў спецыяльнасць “заатэхнік-арганізатар”, а таксама правы на кіраванне трактарам і аўтамабілем”.
У 1966 годзе адноўлены Шумілінскі раён, трэба было з нуля ствараць органы кіравання, падбіраць кадры. 27-гадовага Л. В. Пагарэльскага, выпускніка Магілёўскай савецка-партыйнай школы, накіроўваюць у Шумілінскі райкам КПБ на пасаду інструктара.  Работы ў інструктара райкама хапала. За тры гады Леанід Вячаслававіч пабываў у кожным населеным пункце і правёў безліч сустрэч з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі.
“Часта дадому вяртаўся зацемна, – успамінае Л. В. Пагарэльскі. – А па дарозе дадому прадумваеш планы на заўтрашні дзень. Вось у такім рытме і прыходзілася працаваць. Але калі бачыш вынікі сваёй работы, то ніякія складанасці і цяжкасці  не заўважаеш. А вынікі ў той час былі відавочныя: дзень за днём мянялася  знешняе аблічча раёна, вялося будаўніцтва, павышаўся ўзровень жыцця”.
Л. В. Пагарэльскі  працаваў памочнікам першага сакратара райкама партыі, загадчыкам арганізацыйнага аддзела, галоўным дзяржаўным інспектарам па закупках. На кожнай пасадзе Леанід Вячаслававіч паказваў сябе граматным спецыялістам.
У 1986 годзе Л. В. Пагарэльскага выбіраюць старшынёй  калгаса імя Энгельса. Менавіта гэты час, а гэта 13 гадоў, ён успамінае з найбольшай цеплынёй. У калгасе новы кіраўнік робіць стаўку на працоўную дысцыпліну і развіццё вытворчасці. “Калі чалавека паважаць, то праблем з дысцыплінай не будзе, – упэўнена сцвярджае Леанід Вячаслававіч. –  Трэба разумець жыццёвыя сітуацыі і чалавечыя праблемы, знаходзіць патрэбныя для кожнага чалавека словы. Толькі ў гэтым выпадку кіраўніка будуць паважаць і падтрымліваць падначаленыя. А яшчэ трэба адчуваць час”.
Кіраўнік гаспадаркі добра разумеў, што будучыня сельгаспрадпрыемства  за сучаснымі тэхналогіямі. Таму за гады кіравання Пагарэльскага ў калгасе быў створаны моцны сучасны машынна-трактарны парк. І вынік не прымусіў сябе чакаць – ураджайнасць узрасла амаль у два разы.
Асаблівую ўвагу ў калгасе імя Энгельса ўдзялялі жывёлагадоўлі. “Малако і мяса заўсёды прыносілі калгасу добрыя грошы, – расказвае Леанід Вячаслававіч. – Мы імкнуліся развіваць гэту галіну”. У калгасе былі пабудаваны некалькі малочна- таварных фермаў, якія адпавядалі самым сучасным на той час патрабаванням. І гэта зноў-такі дало плён: вытворчасць мяса ўзрасла ў два разы, малака – у паўтара. У пачатку 80-х  гадоў у калгас прыязджалі пераймаць перадавы вопыт з усёй вобласці, а на новую МТФ “Лажок” прыязджала нават дэлегацыя з Польшчы.
За 13 год змяніўся да лепшага і цэнтр гаспадаркі – Башні. Калгас будаваў жыллё для сваіх работнікаў, былі адноўлены школа і дзіцячы садок, дзякуючы намаганням старшыні калгаса адкрыўся ФАП, пачало працаваць калгаснае кафэ.
Нядзіўна, што ў 1995 годзе аўтарытэтнага кіраўніка, вопытнага спецыяліста працоўныя калектывы вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. “Згадзіўся быць кандыдатам толькі таму, што адчуваў давер людзей, – успамінае Леанід Вячаслававіч. – Выбары былі альтэрнатыўныя. У першым туры набраў каля 37% , а ў другім – звыш 70%”.
Работа ў Вярхоўным Савеце  адмысловая. Неабходна было распрацоўваць законы, якія будуць эфектыўны ва ўсёй Беларусі. “У законах дробязей не бывае, тут нават коска, пастаўленая не ў правільным месцы можа мець негатыўныя наступствы. Таму раіліся з калегамі, са спецыялістамі пэўнай галіны, пралічвалі розныя варыянты”, – расказвае Л. В. Пагарэльскі
У Вярхоўным Савеце дэпутат Пагарэльскі працаваў у камісіі па ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, прыродакарыстанні і экалогіі. “Непамерна цяжка было, калі мы, дэпутаты, наведалі чарнобыльскую зону, – успамінае Леанід Вячаслававіч. – Цэлыя раёны з закінутымі вёскамі без аднаго чалавека, усюды – бур’ян, заросшыя палеткі. Пасля візіту была поўная маральная спустошанасць”.
Таксама Л. В. Пагарэльскі працаваў у міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельнікаў СНД: а гэта сустрэчы і дыялог з дэпутатамі з іншых краін, новыя думкі, меркаванні, падыходы. А без гэтага, на думку Л. В. Пагарэльскага, плённа і якасна працаваць немагчыма.
Вярхоўны Савет XIII склікання стаў апошнім у гісторыі Беларусі. Менавіта з яго дэпутатаў быў сфарміраваны першы склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, і Л. В. Пагарэльскі стаў дэпутатам новага парламента краіны. Пасля заканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў Леанід Вячаслававіч выйшаў на пенсію.
Днямі паважаны ветэран працы святкаваў свой 75-гадовы юбілей. Шчырыя віншаванні прымаў Леанід Вячаслававіч ад сяброў, былых калег, родных і блізкіх. Завіталі да юбіляра начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў (на здымку), які павіншаваў юбіляра ад імя раённага выканаўчага камітэта, і старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава. Усе жадалі, каб Леаніда Вячаслававіча не падводзіла здароўе і ён адсвяткаваў яшчэ не адзін юбілей. Да ўсіх цёплых слоў далучаецца і калектыў рэдакцыі раённай газеты.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №90 ад 18.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *