Интервью с депутатом Палаты представителей Национального собрания Беларуси В. В. Шитько

Актуалии Президент

“Людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні”
Не сакрэт, што ўвядзенне з 1 студзеня 2014 года ў Беларусі дзяржпошліны на допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху парушыла пакой аўтааматараў. І сёння гэтая тэма – адна з самых папулярных сярод насельніцтва. І гэта пры тым, што наша краіна не з’яўляецца тут піянерам. Практыка спагнання транспартнага падатку існуе ў Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі і іншых краінах, у ЗША і Кітаі гэты збор уключаны ў кошт паліва. Але што хвалюе народ, тое павінна хваляваць і народных абраннікаў. Таму наша гутарка з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэту і фінансах Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Шыцько пачалася менавіта з гэтай хвалюючай тэмы.
– Падчас абмеркавання гэтага пытання ў парламенце ішла вострая дыскусія, – тлумачыць Уладзімір Уладзіміравіч. – Не ўсе дэпутаты былі згодны з увядзеннем дзяржпошліны. Разглядаўся варыянт уключэння яе ў кошт паліва, маўляў, хто колькі ездзіць, той столькі і плаціць. Але потым усё ж рашылі ўвесці асобны збор. Бо праблема рамонту і ўтрымання дарог сёння як ніколі актуальная. Транспартны паток павялічваецца, у выніку чаго дарожнае пакрыццё аўтатрас хутка зношваецца. Грошай на падтрыманне на належным узроўні аўтамагістраляў катастрафічна не хапае. І калі дарогі рэспубліканскага значэння яшчэ неяк фінансуюцца, то мясцовыя – практычна не. Увядзенне транспартнага падатку папоўніць бюджэт краіны на 1 трлн. 600 млрд. рублёў, палова сродкаў пойдзе на рамонт і ўтрыманне мясцовых дарог.
– Калі ўжо мы загаварылі пра бюджэт краіны, скажыце, як ён прымаўся?
– Каля паўтара месяца ішло яго абмеркаванне на розных узроўнях. Працавалі напружана, каб бюджэт быў збалансаваны. Пры гэтым неабходна было захаваць яго сацыяльную накіраванасць і зменшыць крэдытаванне эканомікі. Эканоміка павінна сама зарабляць грошы сама. На жаль, многія прадпрыемствы пасаджаны на датацыйную “іглу”: яны перасталі працаваць, трымаць пазіцыю, маўляў, усё адно дзяржава дапаможа, выдзеліць сродкі. Гэта няправільна. І невыпадкова прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч пастаянна гаворыць, што зараз для нас важна рэнтабельнасць і прыбытак кожнага прадпрыемства, незалежна ад яго формы ўласнасці.
Сёння востра стаіць праблема стратных прадпрыемстваў, некаторыя з іх знаходзяцца ў вялікай даўгавой яме. Неабходна, каб кіраўнікі нерэнтабельных арганізацый актыўна шукалі, як і дзе зарабіць. Бо ўрадам пастаўлена задача: да 2015 года ўсім раёнам выйсці на бездатацыйную работу. Пры гэтым сродкі з лідзіруючых рэгіёнаў не будуць спаганяцца і пераразмяркоўвацца. Ураўнілаўкі больш не будзе, павінна быць канкурэнцыя. Калі ўсё застанецца па-ранейшаму, можа здарыцца так, што ў адным раёне, дзе актыўна ствараюцца новыя прадпрыемствы, укараняюцца перадавыя тэхналогіі, растуць экспартныя пастаўкі мясцовай прадукцыі, людзі будуць атрымліваць высокую заработную плату і жыць лепш, а ў другім, дзе прывыклі чакаць дапамогі ад дзяржавы, насельніцтва будзе скардзіцца на нізкія заробкі.
– Уладзімір Уладзіміравіч, якія праблемы вам даводзіцца рашаць як прадстаўніку Віцебскай сельскай выбарчай акругі № 21, якая ўключае Шумілінскі, Гарадоцкі, Віцебскі раёны і г. п. Руба?
– Часта яны датычаць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонту і ўтрымання дарог, прыватызацыі жылля. Я хачу сказаць, што работа дэпутата будуецца па прынцыпе: не ствараць праблемы, а разам з мясцовай выканаўчай уладай старацца іх максімальна аператыўна рашаць. Як правіла, райвыканкамы ўсе гэтыя пытанні ведаюць і рашаюць. Часам проста не хапае фінансаў, таму дэпутаты дапамагаюць іх знаходзіць. Такім чынам былі знойдзены сродкі на набыццё спортінвентару для СШ № 1 у Шуміліне. Разам з аблвыканкамам мы аказалі дапамогу СШ № 15 у г. п. Руба. Да слова, я зараз актыўна займаюся пытаннем статуса гэтага гарпасёлка. Гэты населены пункт уваходзіць у склад Чыгуначнага раёна Віцебска, але размешчаны на тэрыторыі Віцебскага раёна. І зараз, калі паўстала пытанне аб рэгістрацыі нерухомасці прадпрыемстваў, таго ж ААТ “Даламіт”, аказалася, што зямля не адносіцца да Віцебска. Сітуацыя складаная. Па законе ў нас тэрытарыяльная сістэма кіраўніцтва, а атрымліваецца, што тэрыторыя знаходзіцца ў Віцебскім раёне, а Руба – у адміністрацыйным падпарадкаванні абласнога цэнтра.
Ёсць пытанні і па дзейнасці Обальскага керамічнага завода. Там малады дырэктар, які імкнецца нешта змяніць, але запазычанасць за мінулыя гады (каля 25 мільярдаў рублёў) не дае дынамічна развівацца прадпрыемству. Рэструктурызаваць даўгі ніхто не хоча. Пакуль гэтую праблему рашыць не атрымліваецца, бо ў цэлым для рэспублікі мінулы фінансавы год быў дастаткова складаны: па розных аб’ектыўных прычынах бюджэт недаатрымаў сур’ёзную суму.
– Ці здаралася ў вашай практыцы, што выбаршчыкі прыходзілі з праблемамі, рашэнне якіх патрабавала ўнясення змяненняў ў заканадаўства?
– Здаралася. Напрыклад, да мяне звярнуліся выбаршчыкі з Шумілінскага раёна з нагоды таго, што маладыя спецыялісты заканчваюць ВНУ і праз нейкі час ідуць у армію, не адпрацаваўшы належны тэрмін. У прыватнасці, гэту праблему ўзнімаў былы дырэктар Обальскай школы. Навучальная ўстанова адчувала дэфіцыт кадраў, туды прыйшлі на працу тры хлопцы, а праз тры месяцы іх прызвалі на службу. “Хаця б два гады ў нас адпрацавалі, – засмучаўся дырэктар. – Можа, жаніліся б і такім чынам замацаваліся. Бо пасля арміі, як правіла, хлопцы ў глыбінку не вяртаюцца”.
Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі з Міністэрствам абароны, і калі разглядалі змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, унеслі дапаўненні: маладым спецыялістам павінна давацца адтэрміноўка, пакуль яны не адпрацуюць належны тэрмін, ці прапаноўваецца служба ў рэзерве.
– Над якім заканадаўчым дакументам працуеце зараз?
– Працуем па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб адукацыі. Зараз востра стаіць пытанне, як узняць заработную плату педагогам. Прэзідэнт сказаў шукаць для гэтых мэт дадатковыя сродкі знутры. Да нас грошы з неба не падаюць, мы павінны навучыцца жыць па сродках. Адпаведна перад Міністэрствам адукацыі і рэгіянальнымі ўпраўленнямі ставіцца задача знайсці рэзервы. Для гэтага трэба, прааналізаваўшы штатны расклад, скараціць лішнія вакансіі, дзесьці рэструктурызаваць установы, і за кошт вызваленых сродкаў павысіць заработную плату.
– Сёлетні год аб’яўлены Годам гасціннасці. На ваш погляд, наколькі гэта апраўдана?
– Такое рашэнне ў многім абумоўлена тым, што ў маі ў нашай краіне пройдзе чэмпіянат свету па хакеі. І гэта правільна. Не толькі як дэпутат, але і як грамадзянін Беларусі, я бачу, што з году ў год расце давер да нашай рэспублікі. Не апошнюю ролю тут адыгрывае гасціннасць. Так, наша краіна небагатая, але яна дагледжаная, чыстая, акуратная. У нас няма разгулу злачыннасці, ёсць і ствараюцца яшчэ камфортныя ўмовы для адпачынку, у выніку з кожным годам павялічваецца колькасць турыстаў. Таму ў Год гасціннасці трэба яшчэ раз звярнуць увагу на добраўпарадкаванне, развіццё прыдарожнага сэрвісу, гандлёвае і сэрвіснае абслугоўванне. Мы вельмі спадзяемся, што замежныя госці, якія прыедуць на чэмпіянат свету, з самага пазітыўнага боку адкрыюць для сябе нашу рэспубліку, даведаюцца, што беларускі народ – ветлівы, добры, з адкрытай душой. Мерапрыемствы, якія пройдуць у Год гасціннасці, прынясуць карысць і краіне, і, як фінансіст сцвярджаю, бюджэту. Нам патрэбны грошы, і іх трэба зарабляць.
– У гэтым годзе ў Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы…
– Гэта важная палітычная падзея для краіны. Перш чым стаць дэпутатам парламента, я быў дэпутатам раённага і абласнога Саветаў, таму неаднаразова ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях. Народ выбірае тых, каму давярае. І сёння ўсё менш і менш авантурыстаў спрабуюць трапіць у народныя выбраннікі. Усе разумеюць, што ў дэпутата сельскага, раённага ці абласнога Саветаў ніякіх асаблівых льгот няма. Гэта работа на грамадскіх пачатках. Таму людзі імкнуцца, каб іх інтарэсы прадстаўлялі тыя, хто добра зарэкамендаваў сябе па месцы работы ці жыхарства, хто мае актыўную жыццёвую пазіцыю і здольны аператыўна рашаць праблемы.
На выбарах як прадстаўнік парламента буду старацца падтрымліваць кандыдатаў, якіх ведаю і якім давяраю. Бо ад іх дэпутацкай дзейнасці ў многім залежыць давер людзей да ўлады, стабільнасць і спакой у грамадстве. Людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні – гэта, я лічу, самае галоўнае.
Алена СЫС.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *