В Шумилинском районе прошли мероприятия посвящённые Дню воинов-интернационалистов

Актуалии

Памяць суровая, памяць удзячная
Яны сустракаюцца раз на год.  Афіцыйна, у дзень або напярэдадні вываду войскаў з Афганістана. Многія з афганцаў сустракаюцца і часцей: хто выпадкова на вуліцы, хто ў коле сяброў-таварышаў. Няважна, дзе і як наканавала жыццё сустрэцца ім, галоўнае, яны – адна сям’я, адзіны чалавечы арганізм.
Яны ў маладосці былі бязлітасна кінуты  ў вір ваенных падзей. Кожны з іх перад адпраўкай з прызыўнога пункта не мог ведаць, што трапіць у афганскую пустыню, трапіць на вайну. Але калі давялося ўзяць баявую зброю, яны не змаладушнічалі. Гэтая думка, якая прагучала ў выступленні намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава ў зале раённага Цэнтра культуры, найлепшым чынам дапаўняла атмасферу суровай і нядрэмнай праўды пра афганскія падзеі.
У зале, акрамя віноўнікаў юбілейных урачыстасцей (мінула 25 гадоў з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана), вучні старэйшых класаў, ветэраны, рабочая моладзь. Яны прыйшлі аддаць даніну павагі тым, хто ваяваў на чужыне. “Чужая вайна”, – скажа нехта, і скажа праўду. Але салдат не аб’яўляе вайну, для гэтага знайшліся  людзі з “дзяржаўна-палітычнай” воляй. Салдат проста ідзе на вайну і ваюе. Годна і мужна,  бо ён – салдат.
“У жывых у раёне засталося сёння 57  воінаў, якія ў свой час ваявалі ў  Егіпце, Карэі, Афганістане…” – гэта вытрымка з выступлення ля памятнага знака воінам–афганцам у цэнтральным парку Шуміліна ваеннага камісара раёна, падпалкоўніка А. Г. Чарняўскага. Так, ваявалі, “пакідалі” ў пясках Кандагара і Кабула сваіх баявых таварышаў. Пра боль і беражлівае стаўленне да памяці гаварылі ад імя раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў і саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Г. К. Шынкевіч і М. В. Шчарбіцкі.
Дзве дзяўчынкі-школьніцы, хвалюючыся, чыталі тэкст, і словы краналі, словы міжволі вярталі афганцаў да падзей вайны, якую спынілі роўна 25 гадоў назад.
Творча падышлі  да “афганскага”  юбілею, наладзіўшы выставы, Дом рамёстваў,  гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная бібліятэка. Прачуласці і элегічнасці святочнай падзеі надала тэматычная праграма “Жывая памяць”, падрыхтаваная Цэнтрам культуры. Самы яе пачатак, калі дзяўчынкі і хлопчыкі выйшлі з партрэтамі тых афганцаў, якія загінулі, і вынеслі свечкі, – крануў і ўзрушыў асабліва. Гэта быў зачын праграмы. А пасля з экрана мульцімедыа гучаў голас афганца, які расказваў, як гэта было, як вялі сябе душманы, як невыносна цяжка было ў чужых пясках нашаму салдату. Тут дарэчы будуць словы, вынесеныя на пліту памятнага каменя ў цэнтральным парку Шуміліна: “и как жить на афганской земле, нам никто не давал указаний”.
Гэта праўда. Як праўда і тое, што ішлі юнакі ваяваць на чужую зямлю, і ўказанні ісці ў бой для іх былі, былі загады, якім трэба было падпарадкавацца. Шмат гучыць і сёння  крытыкі: навошта і ў імя чаго ішлі?  “Крытыкаваць лёгка, – зазначае ў выступленні А. М. Зайцаў. – А як разумець, што неўзабаве пасля вываду савецкіх войскаў ў Афганістан увайшлі часці НАТА? Яны і сёння там, наводзяць “парадак”  не дзесяць гадоў, як нашы войскі…”
Пакінем гэтую танальнасць, вернемся да свята, якое атрымалася і якога чакалі  “афганцы”. Для іх гучалі песні, ім дарылі кветкі. А. М. Зайцаў уручыў старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане М. А. Калянковічу Ганаровую грамату аблвыканкама, двое былых воінаў-афганцаў – М. І. Андрэеў і кавалер ордэна Чырвонай Зоркі А. М. Безгін – атрымалі з рук намесніка старшыні райвыканкама Ганаровыя граматы райвыканкама, шэрагу актывістаў афганскага руху аб’яўлена падзяка старшыні райвыканкама, двум воінам-афганцам уручаны  медалі “За заслугі”.
Пасля ўшанавання – здымкі на памяць. Так хочацца ўсім, хто ваяваў у Афгане, пакінуць пасля сябе памяць.
І яна застанецца. Як трапна сказаў нехта з вядучых: гэтыя людзі жывуць двойчы. І жывыя, і тыя, хто не вярнуўся з далёкай і такой незразумелай для многіх, але вельмі суровай вайны. Пры жыцці і ў нашай памяці.
*        *       *
У суботу, якраз у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнічая дэлегацыя наведала маці В. І. Угнявёнка  Веру Андрэеўну і бацьку А. М. Скобава Мікалая Аляксеевіча. Абое пераехалі жыць да сваіх дачок. Вера Андрэеўна – у в. Прыазёрную, на лета яна, хутчэй за ўсё, паедзе ў  вёску Сосніна, дзе нарадзіўся і вылецеў у свет яе сын Віктар. Старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава сказала, што ў панядзелак, 17 лютага, у Амбросавіцкай школе пройдзе (калі выйдзе нумар газеты, мерапрыемства адбудзецца) тэматычная праграма, прысвечаная памяці В. І. Угнявёнка. М. А. Скобаў, якому 83 гады, жыве ў дачкі На-дзеі ў в. Мікалаёва. Яму таксама важна, што пра сына, які загінуў далёка ад радзімы, помняць, што шануюць яго імя.
Мікалай МАРОЗ.
“Афганістан – наш боль” –
пад такой назвай у Обальскім ДК прайшло мерапрыемства з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Галоўным героем імпрэзы стаў абальчанін В. У. Ішчук. “Гэта цікавы надзвычай сумленны і добры чалавек. Яму ўдалося стварыць моцную сям’ю, дзе ўсе любяць адзін аднаго, падтрымліваюць. Валерый Уладзіміравіч разам з жонкай Людмілай Віктараўнай ужо больш за 30 год працуюць на Обальскім керамічным заводзе. У мястэчку гэтую сям’ю паважаюць, пераймаюць вопыт узаемаадносінаў”, – расказала дырэктар дома культуры В. А. Сіценка. Глядацкая зала ў гэты дзень была поўная, з нумарамі мастацкай самадзейнасці выступалі вучні Обальскай школы, школы мастацтваў. Старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч прыйшоў на свята з падарункам, адзначыла сваіх работнікаў прэміяй і роднае прадпрыемства.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *