В президиуме районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Пра звароты грамадзян і парадак на зямлі і ў вёсках
На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, першым пытаннем на парадку дня якога было рашэнне сацыяльна значных праблем, якія ўзнімаюцца ў зваротах грамадзян ў ходзе правядзення “прамых ліній” і дзён работы з насельніцтвам.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне, расказала, што пастаянная, сістэматычная работа са зваротамі грамадзян дае свой плён – колькасць зваротаў паступова зніжаецца, змяншаецца і колькасць праблемных пытанняў, якія ставіць насельніцтва. Ірына Мікалаеўна звярнула ўвагу на такія бакі работы са зваротамі, як выканаўчая дысцыпліна кадраў, тэрміны і якасць адказаў, кампетэнтнасць і культура работы з заяўнікамі, якасць выканання работ. Важна працаваць і на папярэджанне скаргаў і зваротаў, трэба даводзіць да людзей планы вядзення работ, гаварыць пра цану пытання і абмежаванасць фінансавых сродкаў, называць рэальныя тэрміны вырашэння праблемы, заўважыла яна.
Работа са зваротамі ўплывае і на ацэнку ўзроўню работы органаў улады, асобных арганізацый і кіраўнікоў, уплывае на сацыяльную напружанасць у грамадстве. Большасць праблемных пытанняў, якія ўзнімаюць грамадзяне, адносіцца да сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлёва-бытавога абслугоўвання, аховы здароўя, прафілактыкі правапарушэнняў.
Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама Л. І. Казаравец адзначыла, што з 284 пытанняў, паднятых у мінулым годзе, на дадзены момант нявырашанымі засталіся толькі 18. Калі ў 2012 годзе кіраўніцтвам райвыканкама было праведзена 32 “прамыя лініі”, на якія звярнуліся 153 чалавекі, то ў мінулым годзе на 21 “прамую лінію” патэлефанавалі 59 чалавек. Назіраецца зніжэнне колькасці зваротаў і сёлета. Такая тэндэнцыя тлумачыцца эфектыўнай работай з насельніцтвам раёна – падворныя абходы, рэгулярныя “прамыя лініі”, аператыўнае рашэнне праблем на мясцовым узроўні даюць станоўчы вынік.
У рашэнні, якое было прынята па дадзеным пытанні, адзначана станоўчая работа са зваротамі грама-дзян у ДРБУ-204 (Р. М. Насцюшкін), Каўлякоўскім (Т. А. Дзятлава) і Лаўжанскім (С. П. Кійко) сельвыканкамах. Кіраўнікам УП ЖКГ, райспажыўтаварыства, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, некаторых раённых службаў дадзены даручэнні па рашэнні канкрэтных праблем, якія турбуюць жыхароў раёна.
Таксама на пасяджэнні прэзідыуму была разгледжана работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў на тэрыторыі Лаўжанскага і Светласельскага сельсаветаў. Вопытам работы падзяліліся старшыні сельвыканкамаў С. П. Кійко і В. В. Шчарбакоў. З мэтай навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў у сельсаветах праведзены суботнікі,  месячнік па санітарнай ачыстцы. Штотыднёва па пятніцах праводзіцца санітарны дзень. За бягучы год ужо выдадзена прадпісанняў па ліквідацыі выяўленых парушэнняў: Лаўжанскім сельвыканкамам – 657, Светласельскім – 424. Не абмінулі старшыні і праблемныя пытанні. У прыватнасці, гэта тычыцца абкошвання градак каля шматпавярховак, ачысткі калодзежаў, якія зараз перайшлі на баланс УП ЖКГ, уборкі смецця на вясковых могілках, а таксама навядзення парадку ў падвалах і гаспадарчых пабудовах шматпавярховага жылля.
І. М. Новікава падкрэсліла, што па навядзенні парадку ў вёсках трэба больш працаваць з людзьмі, павышаць іх узровень культуры, наводзіць парадак разам, з удзелам жыхароў. А да асабліва “ўпартых”, хто ігнаруе патрабаванні правілаў і нормаў добраўпарадкавання, не баяцца выкарыстоўваць і меры пакарання.  Старшыня раённага Савета дэпутатаў прапанавала стварыць у кожным сельсавеце паказальную  вёску і ўзорныя аб’екты сацыяльнай сферы.
У прынятай пастанове акрэслены праблемы, рашэнне якіх неабходна  актывізаваць: абкос тэрыторый населеных пунктаў, ліквідацыя лядашчых і закінутых хат і пабудоў, ачыстка плошчаў ад баршчэўніку, навядзенне парадку на грамадзянскіх могілках, знос аварыйных дрэў і іншае. Асаблівая ўвага – вяртанню ў гаспадарчы абарот закінутых вяскоўцамі зямель. У якасці рашэння праблемы прапануецца правесці пераразмеркаванне асабістых зямельных участкаў, каб ліквідаваць цераспалосіцу, а суцэльныя масівы перадаваць гаспадаркам для выкарыстання.
Наогул, добраўпарадкаваныя гарады і вёскі, парадак ля дамоў і сядзіб, чысціня і прыгажосць на вуліцах – гэта твар не толькі населенага пункта ці тэрыторыі, але і кожнага жыхара  нашага раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №42 ад 03.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *