Только внимательность, осторожность и спокойное поведение помогут сохранить жизнь и здоровье.

Безопасность Общество

Будзьце пільнымі, не панікуйце
Жыццё вучыць чалавека быць асцярожным і пільным, берагчы сваё здароўе і здароўе тых, хто побач. Не заўсёды, аднак, прытрымліваюцца людзі такіх, здавалася б, бясспрэчных ісцін. Асабліва калі справа ідзе пра пагрозу незвычайнага здарэння. Як здарылася на станцыі Кастрычніцкай у Мінску, калі загінула і пацярпела шмат людзей, як было ў 2005 годзе ў Віцебску, у ліпені 2008 года падчас святкаванняў Дня Незалежнасці на праспекце Пераможцаў. У гэтай сувязі хацелася б пагаварыць пра нашу бяспеку і пільнасць, пра тое, ці кожны ведае, што тоіць у сабе самаробная выбуховая канструкцыя (а менавіта самаробныя “міны” і сталі прычынай трагедый).
Як правіла, “міну” начыняюць абсечанымі кавалкамі цвікоў, арматуры, усім, што можа прычыніць чалавеку пакутныя болі, прывесці да калецтва  і смерці. Часцей за ўсё гэтыя выбуховыя канструкцыі старанна маскіруюць, каб яны засталіся незаўважанымі для вока прахожага. Аднак кожны з нас такія “міны” заўважыць можа і павінен. Трэба ведаць, што маскіруюць іх пад розныя прадметы бытавога прызначэння і бытавое смецце (у пачках з-пад цыгарэт, у слоіках з-пад сокаў і г. д.). Ёсць іншыя варыянты маскіроўкі. Скажам, пад прадметы інтэр’ера памяшканняў (унутры кніг, магнітафонаў, маскіроўкі “пад камяні” і інш.) або ў пакінутых нібыта выпадкова пакетах ці сумках, выкарыстоўваюцца для гэтага сметнікі і аўто, розныя нішы.
Каб засцерагчы ад небяспекі сябе і тых, хто побач, трэба звяртаць увагу на кінутыя без нагляду партфелі і сумкі, пакункі і скруткі, скрынкі і карабкі. Трэба падумаць: ці рэальна, каб віселі ў рэчы дроцікі, было нейкае іншае “чужое” начынне, падазроным можа здасца пах гаруча-змазачных матэрыялаў, растваральнікаў.
Калі ж вы заўважылі “міну”, не чапайце яе рукамі, не панікуйце, не дазваляйце збірацца тут разявакам і розным панікёрам. Не трэба такія рэчы перасоўваць ці курыць побач, карыстацца сотавымі тэлефонамі. Трэба неадкладна паведаміць у міліцыю па тэлефоне 102.
Вядома, не толькі “самаробкі” тояць небяспеку для чалавека. Не менш шкоды можа прынесці боезарад з часоў Вялікай Айчыннай вайны. У студзені 2011 года ў Віцебскім раёне было знойдзена 27 авіябомб, праз месяц — яшчэ 87 у самім Віцебску. А вось вучань 5 класа з Лёзненскага раёна знайшоў снарад з часоў вайны і вырашыў пастукаць ім аб асфальт. Адбыўся выбух, загінуў ён сам, параніла асколкамі яшчэ траіх дзяцей з той жа вёскі.
Вельмі дарэчы размова пра агнястрэльную зброю.  Прадугледжана сур’ёзная адказнасць за незаконныя з ёю дзеянні — выраб, набыццё, збыт або захаванне, перавозка: ад выпраўленчых работ да 12 гадоў пазбаўлення волі. Хацелася б звярнуць увагу на тое, што нават жменька-другая патронаў, прыгодных для выстралаў, могуць утвараць састаў злачыннасці. Тым не менш той, хто добраахвотна здаў зброю і боепрыпасы, якія захоўваліся незаконна, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, акрамя выпадкаў збыту. Для таго ж, каб перадаць зброю ў міліцыю, зусім не абавязкова везці яе ў РАУС. Дастаткова пазваніць і за зброяй прыедуць.
І апошняе — аб рэагаванні на выклікі аб устаноўцы і выяўленні выбуховых рэчаў. Сапёрна-піратэхнічныя групы ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь і група “Алмаз” штогод робяць больш як дзве тысячы выездаў, з іх амаль сто — па лжывых выкліках. Такіх “жартаўнікоў” хутка выяўляюць і караюць штрафнымі санкцыямі, яны павінны кампенсаваць усе выдаткі з выездам аператыўных груп.
Так што будзьце разважлівымі, асцярожнымі і пільнымі. З апошняй трагедыі, што здарылася ў Мінску, кожны павінен зрабіць вывад, вынесці свой жыццёвы ўрок. Толькі  згуртаванасць і дапамога адзін аднаму робяць нас людзьмі, вартымі павагі.
А. ВЕЦЮГОЎ, в. а. пракурора раёна.
Надрукавана ў №38 ад 24.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *