Шуміліна ў інтэрнэце

Новости Общество

Шуміліна ў інтэрнэце
Інтэрнэт трывала ўвайшоў у наша жыццё.  Сёння ідзе гаворка пра тое, што калі цябе няма ў глабальнай сетцы, то цябе наогул няма.  Гэта тычыцца як людзей, якія актыўна ўступаюць у зносіны ў розных сацыяльных сетках, так і арганізацый і прадпрыемстваў. Як жа прадстаўлена на інтэрнэтаўскіх абшарах Шуміліншчына?

Пачнём з інфармацыйных  рэсурсаў.  Калі напісаць у радку пошуку “Шуміліна”, то адразу выскокваюць афіцыйныя сайты раённай газеты “Герой працы” (shumilino.by) і Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта (shumilino.vitebsk-region.gov.by). Тут кожны можа пазнаёміцца з навінамі і жыццём рэгіёна, інфармацыя пастаянна абнаўляецца. Дарэчы, для карыстальнікаў наяўнасць зваротнай сувязі мае істотнае значэнне. На сайце shumilino.by магчыма каменціраванне матэрыялаў – гэта добрая магчымасць для зваротнай сувязі з наведвальнікамі сайта.
Сваё месца ў сеці знайшоў сайт шумилинщина.рф, створаны аматарамі-краязнаўцамі. Ён прапануе багата краязнаўчых матэрыялаў, змяшчае асноўную інфармацыю пра раён і гісторыю, пра асобныя населеныя пункты і арганізацыі Шуміліншчыны. На форуме сайта ідуць актыўныя зносіны,  удакладненні асобных матэрыялаў, абмен інфармацыяй па гісторыі малой радзімы.
Альтэрнатыўны погляд на раённыя падзеі прапаноўвае сайт shumilinа.by, які часта змяшчае матэрыялы з афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў.
Актыўна прадстаўлены ў інтэрнэце ўстановы адукацыі раёна: Міністэрства адукацыі распрацавала тыповыя інтэрнэт-старонкі для ўстаноў адукацыі. Што тычыцца напаўнення,  то тут можна паставіць плюс школам нашага раёна: навін пра школьнае жыццё хапае. Некаторыя школы пайшлі далей. Так, напрыклад, на сайце Обальскай СШ  ёсць анлайн-бібліятэка. Думаецца, што бацькам, дзеці якіх наведваюць пэўную школу, сайты ўстаноў адукацыі будуць цікавыя і карысныя. На жаль, пакуль няма такіх “прасунутых сэрвісаў, як анлайн-журналы ці вучнёўскія анлайн-дзённікі.  Дарэчы, электронныя дзённікі ёсць толькі ў некалькіх беларускіх школах, хаця ў нашых суседзяў з Расіі гэта даволі распаўсюджаная практыка.
Мае свой сайт  Шумілінская раённая бальніца (shumcrb.by). Тут можна даведацца пра структуру ЦРБ, вакансіі, якія ёсць у бальніцы. Ёсць і раздзел “Новости”, у якім апошняя навіна датуецца 4 сакавіка 2016 года. Пры жаданні гэты сайт можа быць вельмі карысны, бо тут ёсць пералік платных паслуг з указаннем кошту, таксама ёсць акенца для зваротнай сувязі. Але агульнае ўражанне ад сайта не зусім здавальняючае, сайт мае нейкі недапрацаваны выгляд. Таму, відаць, і наведвальнікаў няшмат (да 20 у суткі). Магчымасці гэтага сайта значна большыя. Думаецца, што і паслугі можна павялічыць, напрыклад, электронны талон да ўрача будзе карыстацца папулярнасцю.
Раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі  прадстаўлены тыповымі распрацоўкамі сайтаў. Зразумела, што змест залежыць ад саміх  цэнтраў. Цікавыя звесткі можна знайсці на shymilinskiycge.by – сайце Шумілінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Шумілінскі РЦГЭ вельмі годна выглядае ў параўнанні з іншымі, у ім значна больш інфармацыйнасці. Дастаткова матэрыялаў па здаровым ладзе жыцця.
Толькі станоўчыя эмоцыі ад наведвання сайта тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (shumtcson.by).  Увесь матэрыял сістэматызаваны, шмат фотаздымкаў. Без праблем бачыш не толькі структуру цэнтра, а і паслугі, якія аказваюцца. Плюс да ўсяго вельмі добрая навігацыя сайта.
Мяркуецца, што для прадпрыемстваў і арганізацый раёна зацікаўленасць у прадстаўленні ў сусветнай інфармацыйнай прасторы павінна быць прамой. Але сапраўднасць далёкая ад такіх меркаванняў.  Пошукавыя сістэмы Гугл, Яндэкс, Майл і іншыя на запыт  “Прадпрыемствы ў Шуміліне” не прапануюць зусім нічога, а гэта значыць, што шумілінскія прадпрыемствы зусім “нераскручаныя”. Прыйшлося шукаць сайты паасобку. Удалося адшукаць афіцыйныя старонкі пяці прадпрыемстваў – Обальскі керамічны завод, Шумілінскі лясгас , “Вітконпрадукт”, “Раднік” і
“Славянскі прадукт”.
Сур’ёзна аднесліся да свайго сайта ў Шумілінскім лясгасе (shumles.ihb.by). Поўна прадстаўлена ўсё, што звязана з лясной гаспадаркай раёна, лясгасам, лясніцтвамі. У раздзеле “Фотогалерея” ёсць фотарэпартажы пра жыццё арганізацыі, прычым, багата матэрыялаў, прысвечаных актыўнаму ладу жыцця. Ёсць спецыяльны раздзел для паляўнічых, у якім прадстаўлена рэклама Дома паляўнічага ў Роўным. Актуальныя прайс-лісты. Пастаянна аднаўляецца стужка навін.
Ранейшы сайт Обальскага керамічнага завода (obol.by) не адпавядаў сучасным крытэрыям.  З восені гэтага года працуе новы  – okz.by: зручная навігацыя, сучасны выгляд, поўнасцю прадстаўлена прадукцыя завода, ёсць прайс-лісты, пастаянна абнаўляюцца навіны. Пры жаданні на сайце можна зрабіць анлайн-заяўку  на пакупку пардукцыі. Усё гэта павінна быць на сайце любой камерцыйнай арганізацыі.
Перапрацоўчыя  прадпрыемствы АПК ствараюць жорсткую канкурэнцыю, можна вызначыць лідараў Белнэту: “Савушкін прадукт”, “Бабуліна крынка”, “Ганна”, якія праз свае сайты рэкламуюць уласную прадукцыю як у Беларусі, так і за яе межамі. “Вітконпрадукт” заняў годнае месца ў гэтым спісе. Сайт  vkp.by – гэта ўдалы прыклад гандлёвай пляцоўкі ў інтэрнэце.
Большага чакалася ад прадпрыемства “Славянскі прадукт (slavprod.by). На сайце прадстаўлена прадукцыя прадпрыемства. Але няма прайс-лістоў, у раздзеле “прэс-центр” (навіны) апошняе абнаўленне адбылося 23 снежня 2014 года.
Забыўся на свой сайт “Раднік” (kfhrodnik.by). На-дзённай інфармацыі няма, прайс-ліст адсутнічае. Склалася ўражанне, што сайт “застаўся” ў  2013 годзе, калі было апошняе абнаўленне.
Шэраг арганізацый Шуміліншчыны можна знайсці на асобных старонках сайтаў абласных і рэспубліканскіх аб’яднанняў. Так, ДРБУ-204 мае старонку на сайце КУП “Віцебскаблдарбуд”, УП ЖКГ –  на сайце жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскай вобласці і г. д. Зразумела, што вялікай інфармацыі тут няма, але ж інфармацыя пра кіраўніцтва прадпрыемства, рэжым работы, кантактныя тэлефоны ёсць.
Напрошваецца выснова, што шумілінскія інтэрнэт-рэсурсы знаходзяцца пакуль што ў пачатковым стане. Зразумела, што для стварэння цікавага сайта патрэбны немаленькія грошы, не хапае адпаведных спецыялістаў, няма прамой зацікаўленасці арганізацый ў сусветнай прэзентацыі сваіх тавараў і паслуг. Нават прадстаўленыя рэсурсы не на поўную моц выкарыстоўваюць магчымасці інтэрнэту. Відавочна, што толькі жыццё і час прымусяць шумілінскія прадпрыемствы выйсці ў свет.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *