Падведзены вынікі раённай алімпіяды

Образование

Падведзены вынікі раённай алімпіяды
Завяршыўся раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які праходзіў з 19 лістапада па 3 снежня. Тры суботы запар у сценах Шумілінскай СШ №1 225 вучняў з усіх устаноў адукацыі дэманстравалі свае веды ў школьных дысцыплінах. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксана Талстая, па выніках работ было прысуджана 85 дыпломаў 1-3 ступеняў.

Самы лепшы вынік
Самыя лепшыя вынікі прадэманстравала дзевяцікласніца раённай гімназіі Алена Баркоўская, якая набрала 78 балаў па фізіцы (настаўнік А. І. Зазыба) і 74 балы па хіміі (наст. І. І. Кручкова).
Дыпломаў многа не бывае
Максімум, што маглі заваяваць вучні – па тры дыпломы, прымаючы ўдзел у раённай алімпіядзе тры суботы запар. Сёлета ўладальнікаў адразу трох дыпломаў у раёне аказалася пяцёра: Алена Баркоўская, Кацярына Гарохава і Анастасія Саўчанка (гімназія), Ягор Лазука і Карына Лінкевіч (СШ №1). Яшчэ 11 удзельнікаў сталі ўладальнікамі 2-х дыпломаў.

Рэйтынг настаўнікаў і прадметаў
Традыцыйна на высокім узроўні выступілі гімназісты па біялогіі (наст. С. В. Кучмарова) – з 7 удзельнікаў выйшла 6 пераможцаў. Добрыя веды па хіміі прадэманстравалі вучні Шу-мілінскай СШ №1 (наст. В. А. Церашчук) – з 5 удзельнікаў трое сталі дыпламантамі. Можна сказаць, беспамылковую стаўку зрабіла на сваіх вучняў настаўніца рускай мовы гімназіі В. М. Бяляева: усе яе чацвёра вучняў узялі 4 дыпломы. 100%-ая высокая выніковасць і ў вучняў настаўніцы беларускай мовы СШ №1 Г. М. Масюковай – трое яе вучняў заваявалі тры дыпломы.
Хочацца таксама адзначыць і настаўніка Слабадской школы У. У. Траццякова. Уладзіслаў Уладзіміравіч некалькі год запар рыхтуе на алімпіяду вучняў, якія паказваюць вельмі годныя веды і становяцца дыпламантамі. Вось і сёлета адзінаццаці-класнік Сяргей Пусянкоў стаў дыпламантам першай ступені па біялогіі, набраўшы 68,1 бала.

Аўтсайдары
А вось тройка школьных прадметаў, якія, па-першае, сёлета аказа-ліся непапулярнымі сярод вучняў, а па-другое, вучні паказалі па іх слабыя веды. Гэта геаграфія, інфарматыка і нямецкая мова. Напрыклад, па інфарматыцы максімальны вынік быў 11 балаў.

Рэйтынг школ
Першы радок рэйтынгу ўстаноў адукацыі заняла раённая гімназія, вучні якой паклалі ў скарбонку ўстановы 30 дыпломаў. На другім месцы з 24 дыпломамі апынулася Шумілінская СШ №1. Далей ідуць з ужо большым адрывам Обальская СШ (6 дыпломаў), Мікіціхінская і Башнёўская школы (па 4 дыпломы), Слабадская (3 дыпломы), Кардонская, Мішневіцкая і Навікоўская школы (па 2 дыпломы).
Як адзначыла Аксана Талстая, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сёлета прыняў рашэнне аддзячыць напярэдадні Новага года 16 вучняў, якія сталі ўладальнікамі 3-х і 2-х дыпломаў, салодкімі падарункамі. Дзеці гэта заслужылі.
Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе ў студзені. Квоты на ўдзел будуць вызначаны ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама і дасланы ў раённы аддзел адукацыі, пасля чаго і будзе сфарміравана каманда нашага раёна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2016 г.



2 комментария по теме “Падведзены вынікі раённай алімпіяды

  1. К сожалению, о восьми дипломах СШ№2 умолчали. Обидно(

  2. Прошу прощения у родной школы.Нисколько не хотела обидеть.На самом деле СШ 2 взяла по итогам районной олимпиады 8 дипломов и заняла в рейтинге школ почетное третье место.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *