О чём думает депутат сельского Совета?

Общество Сельское хозяйство

З адказнасцю за дадзенае слова
Мінула два гады, як Святлану Алегаўну Снітко выбралі дэпутатам Каўлякоўскага сельскага Савета 27-га склікання па Полькавіцкай выбарчай акрузе № 9. Жанчына ацаніла давер сваіх землякоў і старанна рупіцца на гэтай грамадскай пасадзе.
“Святлана Алегаўна добры і спагадлівы чалавек. Яна вызначаецца жыццёвай мудрасцю, паважлівасцю да людзей, адказнасцю за дадзенае слова, – расказала старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. – Дэпутат з Полькавіч многа чым дапамагае сельскаму Савету. У Святланы Снітко добрыя ўзаемаадносіны з усімі вяскоўцамі, ёй давяраюць людзі і звяртаюцца да яе з уласнымі і грамадскімі праблемамі. Дзе-нідзе трэба адрамантаваць вулічнае асвятленне, адзінокаму пенсіянеру патрабуецца рамонт печкі, трэба пачысціць калодзеж ці адрамантаваць калонку – з гэтымі і іншымі пытаннямі ідзе мясцовы дэпутат у сельвыканкам. Некаторыя пытанні вырашаем адразу, іншыя – праз пэўны час. Але гэтая сувязь “сельвыканкам-дэпутат” працуе, можна сказаць, штодзённа і ніколі не губляецца”.
Святлана Алегаўна зараз працуе загадчыкам цэнтральнага склада ААТ “Прыдзвінскі”. Раней і брыгадзірам была, і аграномам. Яна добра ведае ўсіх мясцовых людзей і з упэўненасцю кажа: “У Полькавічах жывуць добрыя працавітыя людзі, якія клапоцяцца пра чысціню і прыгажосць на сваіх падворках. Адзін зрабіў прыгожа ля свайго дома – і іншыя падцягваюцца. Маіх землякоў не трэба прасіць і ўшчуваць – яны самі паказваюць прыклад добрага гаспадара”. Святлана Снітко хваліла мясцовага механізатара Яўгена Прыгуна, які па дамоўленасці з ААТ “Прыдзвінскі” рэгулярна зімою расчышчае дарогі па вёсцы. Іншаму трэба было б нагадваць кожны раз, упрошваць, а гэты ўстане з цёмным – і а восьмай гадзіне раніцы дарогі ўжо чыстыя.
Сёння мясцовага дэпутата хвалюе пытанне забеспячэння землякоў таварамі паўсядзённага попыту. Даўно не працуе мясцовы магазін, а з аўталаўкай вельмі нязручна. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства звярнулася да вяскоўцаў: можа, хто з мясцовых пойдзе ў прадаўцы? І Святлана Алегаўна думае над гэтым пытаннем.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *