Парад Дедов Морозов собрал в Шумилино около 300 главных героев новогоднего праздника

Актуалии Общество

Парад Дзедаў Марозаў: рэжым чакання цуда запушчаны

Іншы не-не ды паскардзіцца на тое, што ніякага святочнага настрою няма, а да Новага года, між іншым, засталося ўсяго нічога. Але гэта праблема, здаецца, перастала быць актуальнай у пятніцу вечарам, калі цэнтр горада трапіў пад уладу сапраўднай казкі. Традыцыйны парад Дзедаў Марозаў сабраў каля 300 галоўных герояў навагодняга свята і іншых казачных персанажаў, якія прайшлі па цэнтральнай вуліцы і размясціліся ў гарадскім парку, напоўніўшы яго атмасферу нечым чароўным, нечым такім, што можа быць толькі пад Новы год.

55 Дзедаў Марозаў – гэта зусім і не шмат, гэта ў самы раз для таго, каб у кожнага госця свята была магчымасць наладзіць узаеміны з самым чароўным зімнім героем, магчыма, нешта папрасіць – чаму б і не, загадаць жаданне ці проста паціснуць руку і сфатаграфавацца. Як і належыць, побач з кожным Дзедам Марозам была Снягурка. Атрымаўся такі навагодні чырвона-блакітны  казачны атрад.
І ў падмогу галоўным героям – яшчэ з дзве сотні казачных персанажаў, якія не згубілі адзін аднаго, а згрупаваліся па сваіх казках, тым самым надаўшы традыцыйнаму шэсцю асаблівы сэнс і лагічнасць.
Обальскі ГДК, напрыклад, уяўляў сабой птушыны двор, як камплімент Вогненнаму Пеўню – галоўнаму герою надыходзячага 2017 года. Дарэчы, прадстаўнікоў сямейства птушыных на свяце было дастаткова для таго, каб шчасце ў новым годзе прыйшло ў кожны шумілінскі дом. Яркія, самабытныя, задорныя – з жадаючых сфатаграфавацца выстройваліся цэлыя чэргі.
Выканалі Дзяды Марозы і самую галоўную сваю навагоднюю місію – запалілі гарадскую ёлку. Зялёная прыгажуня заззяла на радасць усім, падтрымаўшы тым самым гарадское навагодняе ўбранства, якое ўжо некалькі тыдняў задае нам святочны настрой. Тут жа назвалі арганізацыі, якія перамаглі ў конкурсе на лепшую навагоднюю ілюмінацыю.
А далей – вясёлыя навагоднія песні, конкурсы і, вядома, карагоды. Нашы дзеткі чакаюць гэта свята і абавязкова вучаць новыя вершы для таго, каб расказаць іх Дзеду Марозу ў парку. Усе Дзядулі былі, як і належыць, рахманымі, уважлівымі, шчодрымі на цукеркі.
Райспажыўтаварыства гандлявала на свяце прысмакамі і навагоднімі ўпрыгожаннямі, Дом рамёстваў, музей і цэнтр дзяцей і моладзі – сувенірамі. А лясгас прапаноўваў гараджанам елачкі і сосны – ад 8 рублёў за зялёную прыгажуню. А цэлых 40 Ялінак хадзілі сярод людзей, сваім убранствам нагадваючы, што навагодняя ёлка – галоўная гераіня свята, і што яна павінна быць у кожным доме. Без ёлкі сапраўднага Новага года не атрымаецца – падарункі Дзед Мароз хавае менавіта пад яе галінкамі.
Работнікі культуры пастараліся зрабіць традыцыйнае свята асаблівым і запамінальным. На свяце працавалі і весяліліся ўсе 47 устаноў культуры. Але нічога б не атрымалася, калі б свой унёсак у агульную вялікую справу не зрабілі іншыя прадпрыемствы і арганізацыі. Казачных герояў для свята “выдзелілі” амаль 60 працоўных калектываў. За што ім вялікі дзякуй.
Некалькі дзён – і мы павітаем новы 2017 год. Ён абавязкова будзе шчаслівым, ён нас не падвядзе. Мы і самі пастараемся. А гэтыя некалькі дзён будуць напоўнены самымі прыемнымі ў свеце клопатамі: шчырымі і радаснымі навагоднімі пажаданнямі, падрыхтоўкай падарункаў блізкім, навагоднімі карпаратывамі, дзіцячымі ранішнікамі – усім тым, што мы так любім. А самае галоўнае – чаканне цуда, рэжым якога ўжо запушчаны.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №101 ад 27.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *