Эксперементальному дому в Светлосельском — 40 лет

Общество

З юбілеем, родны дом!
Наш дом – юбіляр. Прайшло 40 год, як пад Новы год мы ўязджалі сваімі сем’ямі ў першы эксперыментальны 5-ці павярховы 20-кватэрны дом у пасёлку Светласельскі калгаса імя Леніна. Будавалі яго брыгады ПМК-70, прарабам быў Шлупакоў Уладзімір.
Высокі дом з белай цэглы, з шырокімі пляцоўкамі ў пад’ездзе, вялікімі лоджыямі, падвалам для кожнай кватэры, спартыўнай пляцоўкай, добраўпарадкаваным дваром і дарожкамі – усё гэта рабіла нас шчаслівымі.
У той час атрымаць новае асобнае ўласнае жыллё было няпроста. Таму некалькі сямей, атрымліваючы трохпакаёвую кватэру, мелі падсяленне ў адзін пакой.
Непадалёк ад дома былі хлявы. Кожная сям’я трымала падсобную гаспадарку і мела невялікі ўчастак зямлі, дзе мы ставілі парнікі і вырошчвалі гародніну. Мы вучыліся адзін у аднаго варыць варэнне, гатаваць, і, канешне ж, клеіць шпалеры. Дружна хадзілі ў кіно, наведвалі навагоднія “агеньчыкі” і першыя канцэрты на “Славянскім базары”. Было вельмі здорава!
Нашы дзеці хадзілі ў дзіцячы садок, гулялі ў маладым тады сасонніку.
Гады праляталі неўпрыкмет. Пасёлак рос, некалькі сямей пераехалі ў асобныя дамы. Нехта памяняў месца жыхарства. У наш дом уязджалі новыя сем’і. Неяк нядаўна мы, старажылы дома, падлічылі, што за 40 год праз наш дом “прайшлі” каля 35 сямей.
Нам пашанцавала, бо суседзі ў нас дружныя і спагадлівыя. У любую хвіліну прыходзяць адзін аднаму на дапамогу.
Шмат гадоў з надыходам халадоў мы часта “замярзалі”, бо дом спачатку ацяпляўся калгаснай кацельняй, потым старой сістэмай ацяплення камунгасу. Цяпер дом падключаны да бальнічнай кацельні, і мы аджылі, у нас цёпла і ўтульна.
Калісьці з вокнаў трэцяга паверха Шумілінскай СШ №1 была бачна толькі наша пяціпавярхоўка, а цяпер цэлы “верхні горад” упрыгожвае наша Шуміліна. Па суседству з домам вырас велічны касцёл Маці Божай Фацімскай, прыкметна падрос і наш сасоннік. Мы, старажылы дома, ужо сталі пенсіянерамі.
А вось дом наш знешне амаль не пастарэў і не змяніўся. Нядаўна ў ім быў зроблены капітальны рамонт пад’езда. Многія жыльцы паставілі сучасныя вокны і дзверы. Пад’езд абсталяваны кодавым замком. Кожная кватэра мае кодавы замок. Дом атрымаў новую прапіску па адрасе: вул. Юбілейная, 2 і стаў часткай райцэнтра. Стаў візітнай карткай пры ўездзе ў Шуміліна.
Кожны дзень наш дом праводзіць на работу і ў школу сваіх жыльцоў. А вечарам яго вокны запальваюцца ласкавым святлом. Яно, як і чалавек, любіць беражлівыя адносіны, клопат і догляд.
З надыходзячым Новым годам, з саракавым новым годам, родны дом!
Старажылы дома С. Ф. КАРНАКОВА, К. С. ШКУЛАВА і Г. М. ШЛЯХТАЎ.
Надрукавана ў №102 ад 30.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *