Пра трактар у падарунак і іншыя цуды, якія здарыліся з гімназістамі пад Новы год

Актуалии Новости Образование

Пра трактар у падарунак і іншыя цуды, якія здарыліся з гімназістамі пад Новы год

27 снежня вучні раённай гімназіі пабывалі на Мінскім трактарным заводзе і назвалі гэту падзею самай яркай у адыходзячым годзе. Шыкоўныя падарункі, прыемныя ўражанні, новыя знаёмствы – дзеці яшчэ доўга будуць успамінаць гэты прыгожы фініш 2016-га.
Цуды здараюцца, асабліва, калі ў іх верыш, асабліва – пад Новы год. Гэта дакладна ведае дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна і робіць усё для таго, каб дзеці жылі адчуваннем казкі. Праўда, калі пачыналася гэта цікавая гісторыя, ніхто не спадзяваўся на такі шыкоўны яе зыход. А пачыналася ўсё з таго, што Ларыса Уладзіміраўна, як дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу, узяла ды напісала ліст генеральнаму дырэктару МТЗ Фёдару Дамаценку, таксама дэлегату сходу, з просьбай выдзеліць Шумілінскай гімназіі трактар. Сёння яна шчыра прызналася, што ў поспех задумы да канца не верыла і сама. Таму званок, які хутка паступіў з прадпрыемства, быў у той жа ступені радасным, як і нечаканым. Кіраўніцтва завода станоўча адрэагавала на просьбу сельскай гімназіі і абавязалася ў хуткім часе даставіць трактар у вёску. І гэты факт ужо сам па сабе – вялікая радасць для ўстановы, якая апрацоўвае 10 гектараў зямлі, і для якой наяўнасць у гаспадарцы трактара дасць магчымасць вывесці гэту работу на новы ўзровень.
Але статус сапраўднага навагодняга цуда гэтаму шыкоўнаму падарунку надало запрашэнне гімназістаў на традыцыйнае навагодняе свята, якое праходзіць прама на заводзе. Маючы на ўвазе вялікія расходы, якія мяркуе падарожжа ў сталіцу, завод узяў іх на сябе.
Шумілінцаў сустракалі там як самых дарагіх гасцей. Святочнае мерапрыемства ладзілася ў цэху зборкі і сабрала некалькі соцень чалавек, сярод якіх – кіраўніцтва завода, перадавікі вытворчасці, вядомыя музыканты і многія іншыя. З надыходзячым Новым годам усіх павіншаваў генеральны дырэктар прадпрыемства Фёдар Дамаценка. Ён заўважыў, што хоць год складваўся і няпроста, але завод спрацаваў з прыбыткам, што дае магчымасць з 1 студзеня павысіць зарплату. Былі ўзнагароджаны лепшыя работнікі МТЗ.
Затым увага прысутных была прыцягнута да гасцей з Шуміліна. На сцэну ўзняліся дырэктар раённай гімназіі Ларыса Маладзечкіна і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава для таго, каб выказаць словы падзякі за падарунак і атрымаць сертыфікат.

А ў цэнтры цэха сваіх новых гаспадароў чакаў бліскучы Belarus 320.4, па-навагодняму ўпрыгожаны.  Затым  на трактары прама ў цэх прыехаў сапраўдны Дзед Мароз, а ў прычэпе – гара падарункаў для нашых дзяцей. Між іншым, падарункі атрымаюць і тыя дзеці, якія ў сталіцу не трапілі. Паездкай узнагародзілі гімназістаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці.
І яшчэ адзін падарунак – выдатны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Спевакі выконвалі вядомыя хіты, дорачы ўсім цудоўны настрой і абвастраючы радасныя навагоднія прадчуванні.
А цуды сапраўды здараюцца, у гэтым цяжка ўсумніцца, перажыўшы такое пад Новы год.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №102 ад 30.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *