Шумилинская милиция не забывает о своих ветеранах

Общество

“Працаваць так, каб на цябе ніхто не крыўдзіўся”

Стала добрай традыцыяй у супрацоўнікаў РАУС і ветэранскай арганізацыі аддзела віншаваць былых калег з юбілейнымі датамі. Вось і на пачатку гэтага тыдня дэлегацыя міліцыянераў на чале з начальнікам РАУС Аляксандрам Дзмітрэнкам, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Палоўнікава завіталі з падарункамі і віншаваннямі да былога начальніка пашпартнага стала Дзмітрыя Аляксандравіча Галузы, які святкаваў 70-годдзе з дня нараджэння.
Настаўнік па прафесіі, Дзмітрый Аляксандравіч працаваў на педагагічнай ніве нядоўга: маладому камуністу “партыя даверыла” больш адказную работу – у РАУС. Даверыла – значыць, трэба апраўдаць спадзяванні, ускладзеныя на цябе, быў упэўнены Дзмітрый Галуза. Увогуле слова “партыя” было і застаецца для яго высакародным і свяшчэнным – і сёння юбіляр з гордасцю захоўвае свой партыйны білет.
Чатыры гады Д. А. Галуза адпрацаваў у дзіцячым пакоі міліцыі. Жартуе, што выхоўваў падлеткаў – вось тут і спатрэбіўся педагагічны вопыт, бо і на пачатку 70-х гадоў хапала і “цяжкіх” падлеткаў, і злачынстваў.
“Таксама ж, як і цяпер гэта робяць супрацоўнікі РАУС, раней штотыднёва выязджалі на прафілактычныя рэйды па раёне, – узгадаў былы міліцыянер Віктар Казлоўскі. – Часта я быў у групе Дзмітрыя Аляксандравіча. Старэйшы таварыш, ён быў для мяне мудрым настаўнікам, прыкладам прыстойнасці і заўсёды казаў: “Трэба працаваць так, каб на цябе ніхто не крыўдзіўся”. Гэтыя словы, нібы дэвіз жыцця, падхоплівалі і мы, маладзейшыя. Дзмітрый Галуза хутка арыентаваўся ў любой сітуацыі, дзейнічаў умела і рашуча, праяўляў увагу і павагу да людзей”. Такія прафесійныя і чалавечыя якасці заўважыла кіраўніцтва РАУС, і Дзмітрыю Аляксандравічу прапанавалі ўзначаліць пашпартную службу, дзе ён адпрацаваў 18 гадоў. Самым напружаным часам для пашпартыстаў былі 70-ыя гады, калі за год выдавалі больш за чатыры тысячы пашпартоў, згадаў Д. А. Галуза.
Смелы і адчайны па характары, Дзмітрый Аляксандравіч і па абавязку службы, і па закліку сэрца пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС паехаў у Брагін. Прымаў удзел у адсяленні людзей з Чарнобыльскай зоны, афармляў дакументы, выдаваў пашпарты, за што быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” другой ступені.
На дзень нараджэння Д. А. Галузу сказалі шмат цёплых і шчырых слоў і былыя калегі, і сваякі, і дочкі з зяцямі. Але ж самае важкае віншаванне было ад жонкі Вольгі Іванаўны, з якой амаль 43 гады дзеляць радасці і засмучэнні. “Добра помню той дзень, калі мне мае сяброўкі параілі: “Вольга, выходзь замуж за Галузу – не пашкадуеш”. Так яно і выйшла – я ніколі не пашкадавала, – падзялілася Вольга Іванаўна. – І шчаслівая ад таго, што ў мяне дастойны муж, які з’яўляецца і добрым гаспадаром, і самым лепшым на свеце бацькам. Мужу заўсёды хапала мудрасці, каб прыстойна “патушыць” любы канфлікт, цярпення, каб выслухаць і дапамагчы кожнаму. Праз усё жыццё мы пранеслі павагу адзін да аднаго і каханне – менавіта на гэтым і трымаецца сям’я. У дзень нараджэння жадаю свайму мужу моцнага здароўя – гэта, напэўна, зараз самае галоўнае”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №2 ад 06.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *