В Шумилино весело отпраздновали День снега

Актуалии Здоровье Общество

Зімовыя баталіі ці Калі завіруха ў радасць

Суботні дзень выдаўся па-сапраўднаму зімовым – лёгкі марозец і моцная завіруха. Сапраўдны дзень снегу! Сапраўдная асалода для аматараў зімовага актыўнага адпачынку! У Шуміліне ладзіліся  спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя Сусветнаму дню снегу, і любы заўзятар зімовых забаў мог паўдзельнічаць у любімых відах спорту.
Якая зіма без лыжаў? У лыжнай эстафеце сярод арганізацый і прадпрыемстваў  за перамогу змагалася 9 каманд. Пазітыўны настрой і ўсмешкі лыжнікаў  сталі галоўнымі на гэтых спаборніцтвах. Лепшы вынік паказала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, на другім месцы пастаянныя ўдзельнікі ўсіх раённых спаборніцтваў – каманда з цэнтральнай раённай бальніцы, замкнула тройку лідараў дарослая каманда з Шумілінскай СШ №2.
Колькі азарту і радасці  было падчас лыжнай эстафеты сярод школьнікаў. Перамагчы хацелі ўсе. Месцы на п’едэстале разыгралі паміж сабой юныя лыжнікі з шумілінскіх школ.
Трэба было бачыць, як радаваліся і перажывалі дзеці падчас сямейнай лыжнай эстафеты. Перамагла сям’я Кучко, другое месца ў сям’і Вашадокаў, трэцяе – Лаўрыновічаў.
Увогуле, Сусветны дзень снегу ў Шуміліне стаў цудоўным падарункам для дзяцей. Малыя з дзіцячым імпэтам бралі ўдзел у зімовых забавах “Лядовы стадыён”, коўзаліся на лёдзе, ганялі шайбу. Менавіта дзіцячая фантазія ператварыла гарадскі парк у зімовую казку – тут прайшоў конкурс снежных фігур. Толькі паспачуваць можна было членам журы пры падвядзенні вынікаў.  Першае месца было прысуджана “дракону”, якога зляпілі гімназісты, другое атрымала “чарапаха” (раённы цэнтр дзяцей і моладзі), трэцяе падзялілі “кот” Шумілінскай СШ №1 і “дракар” Шумілінскай СШ №2.
Завяршыліся  спартыўныя мерапрыемствы міні-турнірам па хакеі, у якім выступалі дзве каманды з СШ №1 і адна каманда з СШ №2.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *