В Шумилино прошёл международный турнир по волейболу

Актуалии Новости Спорт, туризм

Міжнародны турнір на прызы “Белай Русі”

Прадстаўнічым выдаўся міжнародны турнір па валейболе сярод дзяўчат, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, на прызы раённай арганізацыі “Белая Русь”.

У госці да шумілінскіх валейбалістак прыехала маладзечанская каманда – адна з мацнейшых на Міншчыне. Пра ўзровень віцяблянак сведчыць тое, што яны выступаюць у рэспубліканскім першынстве “Дзіцяча-юнацкая ліга па валейболе”. Свой гульнявы стыль ў  спартсменак з Расіі – каманды з Пскова.   Каманды з Бешанковічаў, Паставаў, Міёраў – прынцыповыя сапернікі на любых абласных спаборніцтвах.
“Стала добрай традыцыяй, што наша арганізацыя падтрымлівае валейбольныя турніры”, – падкрэсліла старшыня раённай арганізацыі  ГА “Белая Русь” Л. У. Маладзечкіна. Ларыса Уладзі-міраўна ўручыла членскія білеты арганізацыі кіраўніку спраў райвыканкама С. Д. Белагалову і маладым трэнерам ДзЮСШ – Ганне Белавусавай і Уладзіславу Вязіцкаму.
“Перад камандай ставіцца задача паказаць годную гульню, нагуляць камбінацыі, – адзначыла трэнер шумілінскай каманды Людміла Харкавец. – Нам важна добра падрыхтавацца да абласнога першынства”. І шумілінскія валейбалісткі не падвялі свайго трэнера. Дзяўчаты стараліся, змагаліся за кожны мяч. За гэту каманду не было сорамна нават у прайграных сустрэчах. Напачатку абыгралі пскоўскую каманду, адчулі ўпэўненасць у сваёй гульні Яна Мясаедава і Наталля Казьміна.  Цікавы і адначасова цяжкі выдаўся матч “Шуміліна” – “Віцебск”. З першых хвілін ініцыятывай завалодалі віцяблянкі, але трэнер Людміла Харкавец змагла настроіць каманду – і другая партыя засталася за намі. Як старалі-ся на пляцоўцы Дар’я Галуза, Карына Ільінец і Кацярына Асташонак. Але ў трэцяй партыі сказаўся вопыт віцебскай каманды, якая і перамагла ў гульні.
Далей шумілінскія валейбалісткі выйгралі ў бешанковіцкай і пастаўскай каманд, прайгралі – міёрскай. Для таго, каб “зачапіцца” за прызавую тройку, нашай камандзе неабходна было узяць партыю ў моцнай маладзечанскай каманды. І зноў-такі з задачай мінімум шумілінскія дзяўчаты справіліся –змаглі вырваць перамогу ў другой партыі.
Пераможца турніру вызначаўся ў апошнім матчы, у якім “Віцебск” перамог “Маладзечна”.
Шумілінская каманда заняла трэцяе месца. Лепшы іграком турніру прызналі Анастасію Сівачэнка, а прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Анастасіі Далжанковай.
Аляксандр ШЭДЗКО.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *