Выездной суд: горе-родители лишены прав на детей

Закон Общество

Судовы прыгавор: пазбавіць!
У будынку Мікалаёўскага сельвыканкама прайшлі выязныя пасяджэнні выязных судоў, на якіх разглядаліся справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.
Напачатку слухалі 26-гадовую Марыю з Мікалаёва, якая ў прысутнасці аднавяскоўцаў спрабавала пераканаць суд, каб яе двух- і аднагадовага сыноў не забіралі. Жанчына паспрабавала прывесці аргумент: “Дрэнна Дзянісу і Арцёму ў Доме дзіцяці, бо іх там як след не даглядаюць…”. Вось і прыйшлося суддзі суда Шумілінскага раёна Алене Сініцкай разбірацца, дзе малых нармальна даглядаюць, а дзе не. Марыі на сваю карысць не было што адказаць.
Сям’я Марыі ў поле зроку органаў апекі трапіла летась, ужо тады паўставала пытанне аб адабранні дзяцей. Жанчына піла, дома – пастаянныя сваркі з сужыцелем.  А вось да дзяцей нікому справы не было.
Але жанчына разам з сужыцелем збегла ў Бешанковіцкі раён. Толькі вось сітуацыя не памянялася і неўзабаве сужыцель быў асуджаны, а першага снежня і хлопчыкаў забралі ў Дом дзіцяці. Марыя вярнулася да маці, дзе піла разам з ёй. На работу Марыя хадзіла, бывалі прагулы, але адпрацоўвала. Да дзяцей за гэты час з’ездзіла ўсяго толькі два разы.
Судовае рашэнне адназначнае (падтрымаў і памочнік пракурора раёна Вадзім Казлоў): пазбавіць бацькоўскіх правоў.
З жыхаркай Кардона Надзеяй суддзі ўжо сустракаліся. Роўна два гады таму быў суд аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў. Тады на суд прыйшлі сваякі жанчыны, якія запэўнівалі, што Надзея зменіць жыццё, возьмецца за розум, кіне піць. Ды і сама Надзея слёзна прасіла пакінуць дзетак з ёю. Суд паверыў жанчыне, пакінуў дзяцей. Літаральна месяцы праз чатыры яна запіла, спачатку ўціхую, каб ніхто не бачыў, а затым – у адкрытую. І дзеці зноў трапілі ў Обальскі сацыяльны прытулак.
На гэтым судзе Надзея ў асноўным маўчала. Ды і што яна магла сказаць? Сваякі на суд не прыйшлі, відаць, зразумелі, што 33-гадовай жанчыне апроч яе самой ніхто не дапаможа.
На гэты раз суд пастанавіў: пазбавіць Надзею бацькоўскіх правоў.
Марыя з Мікалаёва і Надзея з Кардона павінны выплачваць сродкі на ўтрыманне дзяцей. А для гэтага вымушаны будуць працаваць, прычым без прагулаў.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №40 ад 31.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *