В Шумилинском районе прошло областное совещание по вопросам охраны труда

Актуалии Общество

Засцерагчы людзей ад траўм
У мінулую сераду, 20 лістапада, у нашым раёне адбылася абласная нарада “Дзень аховы працы”. На нарадзе прысутнічаў першы намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Д. І. Герасімаў, а таксама дырэктары УП ЖКГ, галоўныя інжынеры і адказныя за ахову працы камунальных службаў з усіх раёнаў вобласці.
Пачалася нарада ў вялікай зале Дома Саветаў. Вітаў гасцей на шумілінскай зямлі намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў. Алег Пятровіч расказаў пра гісторыю нашага раёна, пра сённяшнія здабыткі і дасягненні.
На рабоце камунальнай службы нашага раёна больш падрабязна спыніўся дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро. “Наша прадпрыемства, дзе працуе 476 чалавек, многагаліновае, – адзначыў Іван Казіміравіч. – Працуюць аб’екты цепла- і водазабеспячэння, водаадвядзення, а таксама цэх дрэваапрацоўкі, транспартны ўчастак. А ў гэтым годзе згодна з праграмай мадэрнізацыі прадпрыемства пачаў сваю работу цэх па вытворчасці жалезабетонных вырабаў. Сёння працуюць восем падраздзяленняў УП ЖГГ, на абслугоўванні якіх знаходзіцца 253,5 тысячы метраў квадратных агульнай плошчы жыллёвага фонду, а гэта 394 дамы. Прычым, трэцяя частка з іх у сельскай мясцовасці”.
Іван Казіміравіч расказаў прысутным пра ахову працы на аб’ектах ЖКГ, пра работу і абслугоўванне цепласетак, водаправодных артэзіянскіх свідравін, падзяліўся вопытам работы тых дваццаці кацельняў, што сёння працуюць на тэрыторыі раёна. Дарэчы, у адну з іх – кацельню а.-г. Слабада – удзельнікі нарады ездзілі пераймаць вопыт. А павучыцца было чаму: тут нядаўна ўстанавілі два новыя катлы на мясцовых відах паліва. Вялікі плюс у тым, што яны эканамічныя ў абслугоўванні: замест чатырох качагараў (так было ў мінулым годзе) сёлета тут працуюць толькі два.
Дадае гонару нашаму раёну тое, што ў гэтым годзе на аб’ектах УП ЖКГ не зарэгістравана няшчасных выпадкаў. Здараліся яны, напрыклад, у Глыбоцкім раёне, у Навалукамлі. Мы можам падзяліцца вопытам афармлення патрэбнай дакументацыі, расказаць, як дамагчыся бяспекі пры правядзенні пагрузачна-разгрузачных работ. І расказалі. Удзельнікаў нарады запрасілі на тэрыторыю майстэрні УП ЖКГ, дзе галоўны інжынер А. М. Догель расказаў пра камунгасаўскую тэхніку і правілы бяспекі. Падрабязна пра арганізацыю пагрузачных работ з прымяненнем грузапад’ёмных механізмаў расказаў загадчык майстэрні Г. А. Кропатаў.
Другая частка абласной нарады прайшла на базе аграгарадка Ноўка Віцебскага раёна, дзе паказалі, як правільна і бяспечна арганізаваць земляныя работы.
Вынікі работы абласной нарады былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў актавай зале Віцебскага раённага выканаўчага камітэта.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №92 ад 26.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *