Акционеры ОАО «Ловжанское» проголосовали за присоединение предприятия к Витебскому мясокомбинату

Актуалии Экономика

Буйным вытворцам давяраюць партнёры

На мінулым тыдні ў ААТ “Лаўжанскае” адбыўся пазачарговы агульны сход акцыянераў, на якім вырашалася пытанне аб далучэнні сельгаспрадпрыемства да ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.
У Беларусі праводзяцца структурныя пераўтварэнні ў аграпрамысловым комплексе – ствараюцца інтэграцыйныя структуры, якія аб’ядноўваюць сельскагаспадарчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы АПК.  У Віцебскай вобласці ўжо створаны чатыры інтэграцыйныя структуры: на базе ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, ААТ “Аршанскі КХП”, ААТ “Полацкі КХП”.  Да іх далучаюць свінакомплексы, птушкафабрыкі, прадпрыемствы па адкорме буйной рагатай жывёлы, буйныя малочна-таварныя фермы. У такую інтэграцыйную структуру на базе “Віцебскага мясакамбіната” прапануецца далучыць і ААТ “Лаўжанскае”.
Прадстаўнік дзяржавы ў акцыянерным таварыстве начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў расказаў пра схему павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і зніжэння выдаткаў  за кошт памяншэння ўнутрыгаспадарчых расходаў, больш танных кармоў. Гэта сусветная практыка, бо з буйным вытворцам будуць трымаць сувязь сур’ёзныя пакупнікі і партнёры.
Выгоды такога ўзбуйнення ўжо адчулі акцыянеры і работнікі “Лаўжанскага”: “Віцебскі мясакамбінат”, які ўзяў пад сваё крыло  “Лаўжанскае” яшчэ ў мінулым годзе, выдзеліў грошы на рамонт кормаўборачнай тэхнікі, не было праблем у гаспадарцы ні з нарыхтоўкай кармоў, ні з дастаўкай паліва. Мясакамбінат выдзеліў грошы на рамонт даільных залаў і фермаў.
«І гэта дало свой плён – сёння мы штодзень доім на 2,5 тоны малака больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, – расказаў дырэктар акцыянернага таварыства А. М. Пытко.  –  Увогуле гаспадарка зарабляе на малацэ кожны дзень каля пяці тысяч рублёў – лічу гэта нядрэнным вынікам».
Дзякуючы падтрымцы мясакамбіната, ладзяцца справы на жывёлагадоўчым комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы: на першым перыядзе запоўнілі дзевяць сектараў. Цялят прывозяць з гаспадарак, якія ўваходзяць у інтэграцыйную структуру Віцебскага мясакамбіната ў Гарадоцкім і Бешанковіцкім раёнах.
У гаспадарцы спадзяюцца, што мясакамбінат дапаможа і з мінеральнымі ўгнаеннямі, і з элітным насеннем, і з тэхнікай. У прыватнасці, у першым квартале гэтага года паступіць 21 адзінка тэхнікі: трактары, плугі, граблі, культыватары.
«Нам створаць усе ўмовы для плённай працы. І стымул да такой працы ёсць, – падсумаваў кіраўнік гаспадаркі.  – Эканоміка дыктуе свае ўмовы – на заробак пойдзе толькі 25% ад выручкі. А значыць, чым больш атрымаем прадукцыі, тым большай будзе зарплата».
Акцыянеры ААТ «Лаўжанскае» аднагалосна прагаласавалі за далучэнне сельгаспрадпрыемства да Віцебскага мясакамбіната.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *