120 тысяч мерапрыемстваў у Год культуры

Культура Общество

120 тысяч мерапрыемстваў у Год культуры
14 лютага ў Гарадку прайшла калегія галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. На калегію былі запрошаны намеснікі старшынь гар-, райвыканкамаў, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарадоў і раёнаў вобласці, галоўныя рэдактары рэгіянальных СМІ. У рабоце калегіі ўдзельнічалі намеснік міністра культуры Беларусі В. М. Чэрнік, старшыня абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама У. П. Пенін.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Г. М. Ягораў прадставіў аналіз работы ідэалагічнай вертыкалі вобласці і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі за 2016 год. На належным узроўні праведзена адказная кампанія па выбарах дэпутатаў парламента Беларусі, ідэалагічныя работнікі вядуць пастаянную работу з насельніцтвам вобласці, у працоўных калектывах па выяўленні і ліквідацыі праблем, якія хвалююць людзей. Гэта дае свой плён – за мінулы год адбылося зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян у органы ўлады, адзначыў дакладчык. Вынікова працавалі і мясцовыя СМІ, 19 рэгіянальных газет з 24 выйшлі на прыбытковую работу. Былі вызначаны задачы па рабоце ідэолагаў вобласці на 2017 год. “Ідэалогія – гэта канцэнтраваная эканоміка. Праз рашэнне задач жыццядзейнасці рэгіёна, населенага пункта трэба дайсці да кожнага чалавека, да яго вялікіх і малых патрэб і праблем. Менавіта такі падыход забяспечыць стабільнасць і парадак у грамадстве і дзяржаве”, – сказаў Г. М. Ягораў.
У Год культуры ў вобласці прайшло амаль 120 тысяч розных мерапрыемстваў, адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Л. К. Аленская, прадстаўляючы вынікі работы ўстаноў культуры Віцебшчыны за мінулы год. Галіна культуры фарміравалася ў новым фармаце, вялася аптымізацыя сеткі ўстаноў, арганізацыі актыўна зараблялі грошы за кошт аказання платных паслуг, эканоміі сродкаў пры аптымізацыі. Культура вобласці займае дастойнае месца ў рэспубліцы, установы культуры, асобныя калектывы і работнікі галіны атрымлівалі шматлікія ўзнагароды, якія сталі высокай ацэнкай работы.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны ўзнагароды лепшым установам і работнікам галіны. У ліку лепшых і Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў. Дыплом першай ступені за арганізацыю ідэалагічнай работы сярод арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці атрымала Шумілінскае УП ЖКГ. Грамату абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры атрымала і рэдакцыя газеты “Герой працы” – за плённае супрацоўніцтва з прафсаюзам і ў сувязі з юбілеем.
Дарэчы, Гарадок невыпадкова быў абраны месцам правядзення калегіі. Раённы Дом рамёстваў і фальклору стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі за духоўнае адраджэнне, званне заслужанага аматарскага калектыву рэспублікі атрымаў народны клуб майстроў і мастакоў “Вытокі”. Чалавекам Года культуры стала Марына Гушчо, адрадзіўшая ўнікальнае ажурнае ткацтва, унесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У фае гарадскога Дома культуры, дзе праводзілася калегія, была наладжана выстава майстроў і творчых калектываў Гарадоччыны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *