В День семьи Обольский приют пригласил своих спонсоров на чаепитие

Актуалии Новости Общество

Адна вялікая дружная сям’я
З нагоды Міжнароднага дня сям’і ў Обальскім прытулку прайшло свята «Мы – адна сям’я»,  на якое былі запрошаны спонсары ўстановы – людзі, неабыякавыя да лёсу дзяцей, якія не застаюцца ў баку і аказваюць усялякую дапамогу.
Дабрачыннасць, дабрыня і міласэрнасць у асноўным уласцівыя жанчынам. Але калі гэтыя рысы ёсць у мужчыны – гэта божы дар. Такімі словамі пачала мерапрыемства, прысвечанае Дню сям’і, загадчыца Обальскага прытулка Наталля Крыўко. І трэба сказаць, радуе, што сярод сяброў прытулка пераважаюць такія мужчыны: Марат Галін, Дзяніс Аксёнаў, Алег Карбавец і Афрыдун Забіраў з Обалі, Вячаслаў Гушчын, Сяргей Аксёнаў, Павел Манак з Шуміліна, Аляксандр Мацуганаў з Мікіціхі. Жаночую палову прадстаўляюць Святлана Сталярова, Вольга Масько, Ірына Бужынская. Прысутным на свяце гасцям дырэктар Шумілінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Юлія Уласевіч уручыла падзякі.
І само свята стала своеасаблівай удзячнасцю ад калектыва прытулка, дзе зараз выхоўваецца трынаццаць дзетак, усім спонсарам. На сцэне ў гэты дзень былі дзеці, якія прадэманстравалі ўсім сваю артыстычнасць. Яны падарожнічалі па імправізаваных станцыях: “востраве ветлівасці”, “гавані дабрыні”, “вялікім бар’ерным рыфе дружбы”, спявалі, танцавалі, чыталі вершы, удзельнічалі ў конкурсах, дзякавалі. А словы ўдзячнасці, як вядома, маюць вялікую сілу.
А пасля ўсе разам, адной вялікай і дружнай сям’ёй пілі чай з цукеркамі, пячэннем і фруктамі. Што там і гаварыць: кожнаму неабходна адчуванне, што ён не адзін, што ў яго ёсць сям’я. Асабліва дзецям.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2019 г.