В Шумилинской центральной библиотеке прошла встреча с писателем-земляком Николаем Морозом

Актуалии Культура Общество

“Праца пісьменніка – тое жытнёвае поле, на якім расце і колас, расце і пустазелле”
Тры радзімы аднаго пісьменніка

Цяжка сабе ўявіць, дзе можна знайсці столькі слоў, каб напісаць раман ці аповесць; хочацца даведацца, які шанц быў у нас з вамі трапіць на пяро пісьменніка, калі гэты самы пісьменнік жыве, дыхае і шукае натхненне на адной з табой тэрыторыі…
Пісьменнік, журналіст, вядомы на Шуміліншчыне чалавек Мікалай Мароз прэзентаваў новую кнігу з жорсткай (як сам прызнаецца) назвай “Не маючы літасці”. Прэзентацыя прайшла 12 красавіка ў раённай бібліятэцы і сабрала багата ўдзельнікаў, прычым, абсалютна розных і па ўспрыняцці рэчаіснасці, і па інтарэсах, і па ўзросце.
“Не маючы літасці” – трэцяя па ліку кніга Мікалая Мароза. Былі і “Развеяны сум”, і раман пра Обальскае падполле “Папялішча – не тлен”. Сам аўтар упэўнены, што апошняя кніга – найбольш сталая і па ўзроўні напісання, і па змесце. У кнігу ўвайшлі тры аповесці і некалькі эсэ. Мікалай Мароз расказаў, што першая аповесць “Вяртанне” праляжала ў шуфлядцы некалькі гадоў: не было грошай на выданне. Яна прысвечана мясцінам, дзе пісьменнік у свой час настаўнічаў, адкуль родам жонка, дзе зараз жыве цешча – Докшыцкаму раёну. “Не маючы літасці” (гэту ж назву носіць і ўся кніга) – гэта ўжо пра Шуміліншчыну. А вось “Зязюльчыны слёзы” – “барысаўская” аповесць, якая расказвае  пра ваеннае мінулае мясцін, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка. Вось так па-мастацку пранікнёна і па-чалавечы шчыра Мікалай Мароз пакланіўся ўсім тром сваім радзімам. Прызнаўся, што пра вайну пісаць больш не возьмецца, бо падзей тых не застаў, бо баіцца паўтарыцца, схлусіць чытачу.
Каб не здрадзіць сабе
Па натуры бунтар, Мікалай Арка-дзьевіч настальгічна ўзгадвае 90-я гады, калі і пісьменнікі, і журналісты былі больш дзёрзкімі ў поглядах, у выказваннях, у творчасці наогул. Ён дазваляе сабе быць такім, які ёсць, і пакідае за чытачом права ўспрымаць ці не ўспрымаць яго погляды, перакананні. “Кніга гэта цяжкая, прачытаць яе няўважліва не атрымаецца. Яна не для тых, хто прывык да лёгкіх раманчыкаў на ноч. Мая жонка разоў пяць бралася чытаць аповесць “Вяртанне”: прачытае старонак пяць і пачынае нанова. А я ёй кажу: чытай уважліва. Толькі ўчытаўшыся, магчыма нешта зразумець”,  – дзеліцца думкамі пісьменнік.
Касмічнага ўзлёту ў новай творчасці (сустрэча праходзіла ў Дзень касманаўтыкі) пажадаў М. Марозу яго даўні сябра, былы рэдактар газеты “Герой працы”, пісьменнік А. П. Бруцкі.  Анатоль Паўлавіч зрабіў даволі грунтоўны аналіз новай кнігі пісьменніка, даў зразумець, што заўважыў некаторыя недахопы. У той жа час параіў прысутным родную мову вывучаць па кнігах Міколы Мароза.
Пра гэта гаварыў і шумілінскі краязнаўца, пісьменнік В. В. Улюценка. Ён прызнаўся, што калі ўзяўся чытаць кнігу, рука сама пацягнулася за пяром, каб выпісаць некаторыя словы. Гэтым жа з самага дзяцінства займаецца і сам аўтар. Так ён узбагачае сваю лексіку, сваю душу.
Дайце нам героя-сучасніка
Аўдыторыя доўга абмяркоўвала сітуацыю,  якая склалася сёння вакол беларускай мовы. Усе сыходзіліся на тым, што грамадству неабходныя ін’екцыі дзяржаўнага ўзроўню. А інакш яна загіне. Большасць выказва-ліся па-руску, але пераконвалі, што вельмі любяць беларускае слова, проста не ўмеюць размаўляць па-беларуску. У той жа час яны наракалі на тое, што сёння няма сучаснай беларускай  прозы, якую б хацелася чытаць. У прыватнасці, Л. М. Жураўлёва прасіла пісьменніка наступную сваю кнігу прысвяціць “герою нашага часу”  –  чалавеку, з якога можна браць прыклад.
Л. М. Дземянёва засталася пад уражаннем ад эсэ, як, дарэчы, і І. А. Касцюк. Ідзе аповед пра лёс вёскі ці пра родную мову, ці пра будаўніцтва дома – усё гэта блізка людзям, маладосць якіх выпала на савецкія часы. За вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі падзякавала пісьменніку К. Ф. Палоўнікава.
“Я не разумею, як прыходзіць натхненне”
Што вас натхняе, ці шмат вымыслу ў вашай кнізе, якую частку свайго жыцця вы лічыце найбольш займальнай – усё гэта цікавіла старшакласнікаў, якія прыйшлі на сустрэчу са сваёй настаўніцай Т. У. Рубінай.
– Я не разумею, як прыходзіць натхненне, адкуль бяруцца словы, – прызнаўся М. Мароз. – Пішаш, знаход-зяцца і трапныя словы. А бываюць дні, калі наогул не пішацца, няма творчага гарэння. Але дэпрэсія для творчага чалавека – стан не такі ўжо і страшны. Той, хто многа піша – той не творца. Творца павінен прасеяць праз сябе ўсё, адкінуць смецце. Праца пісьменніка – тое жытнёвае поле, на якім расце і пустазелле, расце і колас. А ў коласа акрамя таго ёсць асцё, а ёсць і збожжа. Трэба адсеяць гэта асцё, адсеяць пустазелле, пакінуць збожжа…
Заўсёды ёсць у творах пісьменніка мастацкі вымесел. Але павінен быць у першую чаргу жыццёвы вопыт. Я лічу, што ў 19-20 год пісьменніка-празаіка не можа быць. Прозу трэба выседзець за сталом. Гэта пякельная праца. Творца павінен быць сталым. Калі на вопыт абапіраешся, то і вобразы цікавейшыя, больш рэальныя. А ў кнізе працэнтаў 50-40 фантазіі, не ведаю, цяжка сказаць…
З намёкам на новыя творы
З выхадам у свет новай кнігі павіншавала пісьменніка загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі, арганізатар сустрэчы Л. М. Грыгор’ева. Яна заўважыла, што пісьменнік валодае зрокам своеасаблівым, умее ўбачыць, ацаніць тое, што мы часта і не заўважаем. Пажадала земляку новых творчых вяршынь і падарыла прылады для творчасці – ручку і блакнот для занатовак. Настаўніца беларускай мовы СШ №1 Т. У. Рубіна павіншавала пісьменніка ад сябе і ад сваіх вучняў, і таксама не пакінула без падарунка.
М. А. Мароз шчыра падзякаваў усім за тое, што прыйшлі, што былі адкрытымі і шчодрымі на добрыя словы, на крытыку.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №29 ад 15.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *