У 1987 годзе была створана ветэранская арганізацыя Шумілінскага раёна

Актуалии Общество

30 год ветэранскай арганізацыі раёна

Ланцужкі падзей сплятаюць старонкі гісторыі нашай краіны. Злучаюць людзей розных узростаў і пакаленняў. Паклала пачатак ветэранскаму руху, стала яго асновай  работа па стварэнні першай у нашай краіне кнігі “Памяць”. У 1987 годзе была створана ветэранская арганізацыя Шумілінскага раёна. Ля вытокаў ветэранскага руху стаялі заслужаныя, аўтарытэтныя ў раёне людзі. Узначальвалі арганізацыю ў розныя гады ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Станавенка Міхаіл Мікалаевіч, Калкоў Аляксей Анісімавіч, ветэран працы Мурашка Лілія Фёдараўна. Няма з намі М. М. Станавенкі і А. А. Калкова, пайшлі з жыцця больш за тысячу ветэранаў вайны. Але памяць пра іх будзе жыць у нашых сэрцах.
За гады ветэранскі рух вырас у значную сілу, якая актыўна ўплывае на рашэнне ўсіх пытанняў сацыяльнага і культурнага жыцця раёна. У раёне зараз жыве 6282 ветэраны, з якіх 16 – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 5 – працаўнікі тылу, больш за 5 тысяч – ветэраны працы.
У ветэранскай арганізацыі працуюць актыўныя, нераўнадушныя людзі. Актывісты ветэранскай арганізацыі ўзначальваюць работу з ветэранамі ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна, у сельсаветах. Яны імкнуцца несці ў жыццё пажылых людзей дабрыню, надзею і радасць зносінаў. Яны карыстаюцца даверам і маюць высокі аўтарытэт. Гэта Л. А. Дарафеева, Л. Ф. Завадская, М. Ц. Лялюга, Н. П. Пальвінская, Ф. Б. Барадулькіна, Л. В. Пагарэльскі, П. І. Кузьмін, А. І. Асаевіч, Э. А. Лазука, І. І. Ліцвінава, В. П. Аўчыннікава, С. В. Бельчыкава і многія іншыя.
У ветэранскай арганізацыі склаліся цесныя ўзаемаадносіны з уладнымі структурамі, раённымі службамі. Пытанні сацыяльнай абароны ветэранаў, пажылых людзей заўжды станоўча вырашаюцца органамі прадстаўнічай і выканаўчай улад. З удзелам прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі праводзяцца абследаванні ўмоў жыцця ветэранаў, распрацоўваюцца мерапрыемствы па іх паляпшэнні, аказваецца матэрыяльная падтрымка. З ветэранамі праводзіць сустрэчы кіраўніцтва раёна, сельвыканкамаў, арганізацый і прадпрыемстваў.
Вялікая ўвага надаецца аздараўленню ветэранаў. Медыцынскімі работнікамі раёна праводзіцца  дыспансерызацыя, у тым ліку і для цяжкахворых на даму. Штогод выдзяляюцца пуцёўкі ў санаторыі. Наладжана супрацоўніцтва з фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам, які многія ветэраны ахвотна наведваюць.
Асаблівай павагі заслугоўваюць работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Некаторыя з іх, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, працягваюць працаваць, аказваючы падтрымку адзінокім пажылым людзям, дораць ім дабрыню сваёй душы. Котава Г. А., Грузневіч Н. І., Варкулевіч В. С., Волкава В. М., Гур’ева Л. І., Калашнік А. П. карыстаюцца любоўю і павагай сваіх падапечных.
Раённая ветэранская арганізацыя цесна супрацоўнічае з раённымі арганізацыямі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза афіцэраў, саюза ваенных маракоў, Беларускага фонду міру. Разам з прадстаўнікамі гэтых арганізацый удзельнічаем у мерапрыемствах, наведваем ветэранаў, праводзім конкурсы, іншае.
Важнае месца ў дзейнасці ветэранскай арганізацыі займае ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Цэнтрамі патрыятычнага выхавання сталі школьныя музеі, у якіх сабраны ўспаміны ветэранаў вайны, створаны банкі дадзеных аб ветэранах, праводзяцца “Урокі мужнасці”, сустрэчы з ветэранамі. Работа з моладдзю прыносіць свой плён, абуджае ў сэрцах маладых людзей дабрыню і міласэрнасць. У школах раёна працуюць сем валанцёрскіх атрадаў, у якіх удзельнічаюць 82 школьнікі. Яны наведваюць ветэранаў, аказваюць пасільную дапамогу, пазбаўляюць пажылых людзей адзіноты. Разам з Фондам міру і БРСМ на дамах ветэранаў вайны ўстаноўлены таблічкі “Тут жыве ветэран”.
Ветэраны цесна супрацоўнічаюць з ваенкаматам у рабоце па патрыятычным выхаванні будучых абаронцаў Айчыны. Традыцыйным стаў “Дзень прызыўніка”.
Ветэранская арганізацыя з’яўляецца ініцыятарам увекавечання памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, мірных жыхароў, стаўшых ахвярамі ворага. Па ініцыятыве раённага савета ветэранаў устаноўлены памятныя знакі на месцах вёсак Барсукі і Давыдзенкі, жыхары якіх былі знішчаны фашыстамі. Ветэраны і актывісты Мішневіцкага сельсавета ўсталявалі памятны знак на месцы пачатку аперацыі “Баграціён”.
Раённы савет ветэранаў разам з установамі адукацыі раёна, Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем, раённай газетай “Герой працы” ў 2015 годзе працаваў над праектам “Мы гэтай памяці верныя”. Быў сабраны вялікі матэрыял пра абаронцаў Бацькаўшчыны, аформлены ў альбом “Памяць”.
Ветэраны заўжды займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, праяўляюць цікаўнасць да падзей з жыцця раёна, краіны, імкнуцца ўдзельнічаць у шматлікіх і разнастайных праектах. З цікаўнасцю працавалі ветэраны над праектамі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, “Ветэран жыве побач”, “Жывая гісторыя майго краю” і іншымі.
З апошніх можна назваць сумесную з гісторыка-краязнаўчым музеем творчую і асветную работу над праектам “Народная крыніца” ў 2016 годзе.
Нягледзячы на ўзрост, ветэраны застаюцца актыўнай часткай нашага грамадства. Яны з захапленнем займаюцца ў клубах па інтарэсах, праводзяць тэматычныя вечары, кірмашы, дэманструюць разнастайныя таленты і здольнасці.
Цікава арганізавана работа ў клубах “Ветэран”, якіх у раёне працуе чатыры. Насычаную, глыбокую работу з ветэранамі праводзіць Г. М. Аляксеева. Яна вядзе з ветэранамі прапаганду здаровага ладу жыцця, аздараўленчую гімнастыку, заняткі вакальнай групы і іншае. Добра вядомы хор ветэранаў  з г. п. Обаль. Работнікі культуры не шкадуюць свайго часу для работы з ветэранскай арганізацыяй, з ветэранамі.
Многае мяняецца, але нязменным застаецца адно – адносіны людзей да сваёй малой радзімы. Шумілінскі раён – гэта наш агульны дом. Дом, які аб’ядноўвае людзей усіх пакаленняў, у якім беражліва пераймаюць і перадаюць вопыт ад старэйшых да маладых. Усе мы працуем над тым, каб гэты наш дом стаў больш прыгожым і добрым.
Кацярына ПАЛОЎНІКАВА, старшыня раённага савета ветэрана
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.



1 комментарий по теме “У 1987 годзе была створана ветэранская арганізацыя Шумілінскага раёна

  1. она -то «створана», а мою бабушку НЕ ПОЗДРАВИЛИ с 90-летием, а она одна из 12 оставшизся в живых участников ВОВ)) СТЫД ВАМ И ПОЗОР!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *