Обальскі музей камсамольскага падполля адзначыў 55 год з дня заснавання

Главное Новости Общество

Захавальнікі часу, гісторыі, памяці

29 кастрычніка Обальскі музей камсамольскага падполля адзначыў 55 год
з дня заснавання

За гады існавання ў музеі захоўваецца 13 кніг запісаў ганаровых гасцей. Па падліках супрацоўнікаў музея, свае запісы ў іх пакінулі 4326 чалавек. Сярод вядомых ганаровых гасцей установы культуры быў першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Пётр Машэраў, міністры культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мацвяйчук і Барыс Святлоў.
Свае ўражанні ад наведвання музея занатаваў у кнізе і старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў: «Мурашы па скуры, эмоцыі перапаўняюць! Дзякуй за памяць, за тытанічную работу! Поспехаў у высакароднай справе выхавання нашай моладзі!».

Гэты дзень стаў выдатнай нагодай успомніць подзвіг маладых обальскіх падпольшчыкаў, ушанаваць іх памяць, а таксама па-дзякаваць калектыву ўстановы за работу. У сценах установы адбылася тэматычная сустрэча «Памяць сэрца», на якую завіталі шаноўныя госці. Сярод іх – старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Гнуценка.
Обальскі музей камсамольскага падполля даўно стаў візітнай карткай Шумілінскага раёна, беражліва і свята захоўваючы ў сваіх сценах памяць пра вайну і подзвіг юных камсамольцаў легендарнай Обальшчыны. Маладыя хлопцы і дзяўчаты падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» коштам свайго жыцця змагаліся за мір і свабоду, сталі ўвасабленнем сапраўдных ідэалаў, адзначыў у сваім выступленні Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў. І задача работнікаў музея застаецца ва ўсе часы нязменнай – выхоўваць нашу моладзь на прыкладзе подзвігу обальскіх камсамольцаў.

Уладзімір Цярэнцьеў павіншаваў калектыў з юбілеем, пажадаў, каб у сценах музея як мага часцей была моладзь. А таксама павіншаваў прысутных са святам юнацтва, бо 29 кастрычніка грамадства адзначае і дзень нараджэння камсамолу.
Успамінамі дзяцінства падзяліўся падчас выступлення Віктар Гутараў. Ён і сёння добра помніць сваю першую экскурсію ў Обальскі музей, як з заміраннем сэрца слухаў экскурсавода, якія ўражанні пакінула наведванне. «Гэта ўстанова заслугоўвае асаблівай увагі і павагі, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Тут павінен пабываць кожны вучань і дарослы, каб адчуць дух таго часу, перажыць трагедыю, адчуць пачуццё гонару за обальскую моладзь».
Віктар Сяргеевіч павіншаваў усіх прысутных са святам, падзякаваў калектыву за адданасць справе і прафесіяналізм, уручыў вітальны адрас і сертыфікат на набыццё ноўтбука. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта кіраўнік раёна ўручыў супрацоўніцы музея Лёлі Паўлаўне Лузгіной – за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы музейнай справы раёна, захаванне гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычнае выхаванне моладзі, важкі ўклад у падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Цёплыя словы віншаванняў прагучалі ад памочнікаў, аднадумцаў і сяброў обальскага музея – старшыні раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людмілы Шаўцовай, дырэктара Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святланы Івановай.
Пасля ўрачыстай часткі ўсе прысутныя сталі ўдзельнікамі экскурсіі па залах музея, якую правяла Л. П. Лузгіна.
У гэты дзень музей наведалі і обальскія школьнікі. Для іх была арганізавана квест-гульня «З юбілеем, музей!», а пасля наладжана сумеснае чаяпіцце.
Обальскі музей камсамольскага падполля вось ужо 55 год застаецца цэнтрам патрыятычнага выхавання маладога пакалення, захавальнікам часу, гісторыі і памяці. І няхай так будзе заўсёды!
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №86 ад 02.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *