Яркіх імгненняў XXIX Міжнароднаму фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» дадалі шумілінцы

Культура Новости

Яркія імгненні фестывальнага лета

З 16 па 19 ліпеня ладзіўся XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Сярод 300 акрэдытаваных журналістаў з розных краін свету быў і карэспандэнт нашай газеты.

Пераможцы – з Беларусі
У нядзелю 19 ліпеня адбылося падвядзенне вынікаў конкурсаў на фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Галоўныя прызы ў дзяцячым і дарослым конкурсах спевакоў дасталіся выканаўцам з Беларусі. Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні атрымаў Раман Волазнеў, у дзіцячым конкурсе перамагла Ангеліна Ламака. Раман атрымаў і спецыяльную ўзнагароду імя Уладзіміра Мулявіна «За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканаўчае мастацтва».

Маштабны open air
Самым вялікім open air свету назваў фестываль яго дырэктар Глеб Лапіцкі. 90 працэнтаў мерапрыемстваў ладзіліся на адкрытым паветры і не па-трабавалі ўваходнага білета. Дзеля гэтага ля КЗ «Віцебск» была пабудавана адкрытая сцэна. Максімальна былі задзейнічаны плошчы і вуліцы горада. Улічваючы эпідсітуацыю, зразумела, што арганізаваць такі маштабны культурны фэст было няпроста. Праграму карэкціравалі, некаторыя канцэрты былі перанесены. Але фестываль адбыўся, і Віцебск у чарговы раз пацвердзіў статус культурнай сталіцы краіны. Сцягі 23 краін узняліся над горадам.

«Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення»
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка традыцыйна наведвае цырымонію адкрыцця фестывалю. «Што б ні адбывалася ў свеце, Міжнародны фестываль “Славянскі базар” заўжды бурыў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў», – заявіў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» Філіпу Кіркораву. Народны артыст Расіі заўважыў, што для яго вялікі гонар у другі раз прыняць адну з самых галоўных узнагарод Беларусі, узгадаўшы, што некалькі год таму яму быў уручаны ордэн Францыска Скарыны. На плошчы лаўрэатаў была адкрыта васільковая зорка Філіпа Кіркорава.

«Фарбы нябёсаў»
Каля 30 майстроў паўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе традыцыйнага і сучаснага роспісу «Фарбы нябёсаў»”. Сярод удзельнікаў – майстар Шумілінскага дома рамёстваў Кацярына Барабанава.

Калекцыю сваіх работ на конкурс «Фарбы нябёсаў» прывезла Кацярына Барабанава.

Яна прадставіла калекцыю работ пад назвай «Тое, што нязменна».
– А нязменныя нашы беларускія святы – Купалле, Каляды, Багач, Яблычны Спас, – расказвае і паказвае свае работы майстар.
Бадай, гады два Кацярына выношвала ідэю гэтай калекцыі. За работу ўзялася ў пачатку года, калі быў аб’яўлены конкурс. Апошнія тры месяцы працаваць давялося асабліва ўдарна. Яшчэ адна работа – «Гуканне вясны» – стваралася прама на конкурсе – такія ўмовы.
Кацярына Барабанава ўпэўнена, што маляванкі можна ўпісаць і ў сучасны інтэр’ер.

Обальская кераміка – гэта брэнд
Шуміліншчыну ў фестывальным Віцебску прэзентавалі творчыя калектывы раёна. На сцэне нядаўна мадэрнізаванай плошчы Свабоды выступалі ўдзельнікі ансамбля «Гарэзнікі» Обальскай дзіцячай школы мастацтваў, салісты народнага ансамбля «Абалянка» Обальскага ГДК, народнага хора «Світанак», салісты эстрадных студый Шумілінскага раённага цэнтра культуры, майстры раённага дома рамёстваў.

Пачэснае месца на свяце – обальскай кераміцы. Усім, хто завітаў на панадворак «Шуміліншчына запрашае» стала зразумела, што яна і ёсць брэнд рэгіёна.

Кацярына Аляксеева прапаноўвала на Шумілінскім панадворку прадукцыю Обальскага керамічнага завода.

Тут спецыяліст па продажах Обальскага керамічнага завода Кацярына Аляксеева, якая ўсё ведае пра якасць обальскай цэглы і попыт на яе ў свеце; ганчар Аляксандр Любімаў, што старанна захоўвае традыцыі вырабу чорнай дымленай керамікі.

Ганчар Аляксандр Любімаў захоўвае традыцыі вырабу чорнай дымленай керамікі.

Посуд, выраблены ў печы, што паліцца дровамі, мае асаблівыя якасці. Ён больш трывалы і, што асабліва модна зараз, экалагічна чысты. Майстар і на свята завітаў са сваім ганчарным кругам.

Экскурсію па панадворку зрабіла загадчык аддзела РЦК Ірына Бондарава – расказала пра Шуміліншыну вершамі ўласнага сачынення. Акампаніраваў баяніст Валерый Першукевіч. Работнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі стэнды, на якіх самыя знакавыя месцы рэгіёна, майстар дома рамёстваў Яўгенія Шарыпава – пано-прэзентацыю сельсаветаў. Карацей, хто хацеў, мог даведацца пра наш край багата.

Шукалі лазу ў «Горадзе майстроў»
У 29-ы раз на «Славянскі базар» прывезлі свае вырабы майстры Дома рамёстваў. Сказалі, што найбольшым попытам карыстаюцца лаза і кераміка. Але тут дзень на дзень не прыходзіцца. Шматковая тэхніка, саломапляценне, ганчарства – нашы рамеснікі працягваюць працаваць у традыцыйных тэхніках, але, як заўважыла Вольга Загвоздава, вырабы кожны раз новыя.

Наталля Пятрова і Вольга Загвоздава прадстаўлялі багатую выставу разнастайных вырабаў Шумілінскага Дома рамёстваў.

– Вось такую саламяную ляльку можна не толькі захоўваць дома як абярэг, але і перадаваць у спадчыну, – упэўнена майстар.
Дарэчы, каштуе такая лялька ўсяго 15 рублёў. Наогул, у «Горадзе майстроў» няма нейкіх фіксаваных цэн. Кожны майстар сам вырашае, колькі будзе каштаваць яго работа. Шумілінцы хоць і ўнікальныя рэчы прывезлі, але цэны не задзіралі. У кожнага, хто здатны ацаніць традыцыйнае беларускае мастацтва, павінна быць магчымасць набыць сувенір.

Танцавальны марафон
На плошчы Свабоды прайшоў турнір нацыянальных танцаў. За Шуміліна «Лявоніху», «Верацяно» і іншыя бытавыя танцы выконвалі ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Гульбічы» Дар’я Сцяпанава і Арцём Віславухаў.

Удзельнікі танцавальнага марафону Дар’я Сцяпанава і Арцём Віславухаў.

На танцавальны марафон з усёй Беларусі з’ехаліся дзясяткі пар ва ўзросце ад 16 да 70 гадоў. Толькі ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 30 год, у якой выступалі шумілінскія танцоры, было 36 пар. Такое самабытнае шоу на фестывалі праходзіла восьмы раз.

Дзеля радасці і весялосці
Горад на чатыры дні пераўтварыўся ў адну вялікую сцэну. Артысты забаўлялі гасцей і простых мінакоў літаральна круглыя суткі. Вось і Шумілінскі РЦК прапанаваў гульнявую праграму «Падарожжа ў Баніанію», а Обальскі ГДК – «Адзін планшэт, а колькі бед».
Узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Башнёўскага СК паказаў у «Лялечным дворыку» спектакль «Пятрушкіны казкі», а ўдзельнікі тэатральнага калектыву «Дзеці сцэны» Обальскага ГДК наладзілі перформанс «Зона МІМ». Народны сямейны ансамбль «Забава» Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу ў апошні дзень фэсту паўдзельнічаў у абласным конкурсе народнай музыкі і частушкі «А музыкі граюць, граюць…» і атрымаў дыплом «За зберажэнне і захаванне спадчыны».

Дні моладзі на «Славянскім базары»
Дні моладзі ў рамках XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прайшлі 17-18 ліпеня. Як адзначыла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева, Дні моладзі прайшлі ў новым фармаце і былі цікавымі і насычаным, у іх актыўны ўдзел брала і шумілінская моладзь.
Традыцыйна маладзёжная частка фестывалю пачалася з  патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятае кожнага», падчас якой юнакі і дзяўчаты ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі. Затым прайшоў адкрыты дыялог «Беларусь: учора, сёння, заўтра». У цэнтры ўвагі моладзі Беларусі былі пытанні творчасці, навукі, адукацыі, гісторыка-патрыятычнай дзейнасці, ролі моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны.
17 ліпеня быў дадзены старт грамадзянска-патрыятычнаму праекту «Рэспубліканскі маладзёжны цягнік #Беларусь. Моладзь. Натхненне».

Шумілінцы – удзельнікі маладзёжнага забегу на «Славянскім базары».

Нашу моладзь зацікавіла пляцоўка #SportYouth (#МоладзьСпартыўная): шумілінцы бралі ўдзел у спаборніцтвах па гіравым спорце і ў «Маладзёжным забегу». «Кожны ўдзельнік спаборніцтваў атрымаў памятны медаль, а таксама масу пазітыўных эмоцый і новых знаёмстваў, – расказвае Вікторыя Бяляева. – Часам здавалася, што гэта не спартыўныя мерапрыемствы, а сустрэча добра знаёмых аднадумцаў».
У аўтафэсце «Hotweekend» праявіў сябе Іван Ліпскі. У спаборніцтвах па неабмежаваным гукавым ціску аўтамабіляў ён заняў трэцяе месца і атрымаў ганаровы кубак і падарунак.
Упершыню ў рамках Дня моладзі прайшоў турнір па кібер-спорце, дзе ладзіліся спаборніцтвы па камп’ютарных гульнях.
Актуальнымі атрымаліся тэматычныя пляцоўкі ГА БРСМ, у якіх маладзёжная арганізацыя ў розных формах прэзентавала асноўныя накірункі сваёй дзейнасці – «#Беларусь Памятае!», «#Паважай Традыцыі!», «#Жыві Ярка!», «#Будзь Здаровы!», «#Рабі Дабро!», «#Будзь з намі!» і «#раЗАм!».
Непаўторным атрымаўся фестываль кавераў «Копія дакладная», у якім кожны мог праспяваць сваю любімую песню і атрымаць апладысменты гледачоў. Асноўным цэнтрам Дзён моладзі была плошча Перамогі, тут яшчэ прайшоў фестываль дваровых гульняў.

Адным радком
14 канкурсантаў з розных краін свету паўдзельнічалі ў конкурсе выканаўцаў эстраднай песні. За Беларусь – Раман Волазнеў.
13-гадовая Ангеліна Ламака абараняла гонар нашай краіны ў Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе, у якім паўдзельнічалі прадстаўнікі 17 краін.
Некалькі сусветных рэкордаў устанавілі на спаборніцтве па гіравым спорце
«Кубак губернатара».
1350 танцораў паўдзельнічалі ў праекце Dreamdance-fest.
На Заходняй Дзвіне ратавальнікі наладзілі шоў з парадам авіяцыйнай тэхнікі і скутараў, ратаваннем на вадзе, трукамі альпіністаў і ліквідаваннем пажараў.
Больш за 250 рамеснікаў з Беларусі, Расіі і Украіны прэзентавалі свае вырабы ў «Задзвінскім кірмашы».
Спецыяльна для паказу ў час пандэміі артысты Беларускага тэатра «Лялька» паставілі спектакль «Лялечны карагод».
Упершыню ў фестывальным Віцебску ладзіўся праект «Кінаночы».
Замест таго, каб падарыць букет артысту, гледачам прапанавалі паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі «Букет дабра».
У час фестывалю былі арганізаваны аўтобусныя экскурсіі па горадзе.

Бывай, фестываль
Той факт, што «Славянскі базар у Віцебску» здарыўся, нягледзячы ні на што, і ў яго мерапрыемствах паўдзельнічалі тысячы людзей, яшчэ раз пацвердзіў важнасць культурнага форуму.
Да сустрэчы на юбілейным XXX фестывалі ў 2021 годзе!

Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №56 ад 21.07.2020 г.

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *